Генсек NATO: Альбо мы павялічым выдаткі на абарону, альбо даставайце падручнікі па рускай мове
Ідзе 1056-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пакуль расійскія войскі спрабуюць атачыць Пакроўск, Украіна нанесла маштабны дронавы ўдар па тэрыторыі Расіі. А планы мірнага ўрэгулявання зазнаюць складанасці, бо кіраўнік Расіі шмат у якіх краінах павінен размаўляць у першую чаргу з паліцыянтамі.
За мінулыя суткі, 13 студзеня, на фронце адбылося 166 баёў, амаль палова з іх —на Пакроўскім кірунку. Там Сілы абароны Украіны спынілі 77 наступальных дзеянняў расійцаў, паведамляе ў ранішняй зводцы 14 студзеня Генштаб УСУ.
Таксама актыўна расійцы атакавалі ўкраінскія пазіцыі на Ліманскім Тарэцкім кірунках — там адбіта па 16 атак. На Краматорскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў у раёнах Часавага Яра і Ступачак.
На Новапаўлаўскім кірунку адбіта 13 атак паблізу Врэмаўкі, Разлеглага, Канстанцінопаля і Нясумнага. На Курскім плацдарме УСУ адбылося 15 боесутыкненняў.
* * *
Расійскія войскі, імаверна, маюць намер перакрыць украінскія наземныя лініі сувязі ў Пакроўск і Мірнаград Данецкай вобласці, каб прымусіць УСУ адступіць з гарадоў у наступныя месяцы, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы адзначаецца, што расійцы нядаўна перарэзалі трасу Т-0405 Пакроўск-Канстанцінаўка на ўсход ад Пакроўска і трасу Т-0406 Пакроўск-Межавая на паўднёвы захад ад Пакроўска ў рамках намаганняў па атачэнні Пакроўска і Мірнаграда. Гэтыя трасы з'яўляюцца двума з трох асноўных наземных шляхоў забеспячэння ўкраінскай групоўкі войскаў у раёне Пакроўска-Мірнаграда.
У ISW мяркуюць, што наступ РФ на ўсход і захад ад Пакроўска можа ўскладніць украінскую лагістыку і здольнасць Украіны папаўняць запасы і перадыслакаваць войскі для абароны Пакроўска і Мірнаграда.
Эксперты папярэджваюць, што расійскае ваеннае камандаванне можа мець намер распачаць далейшыя наступу на поўнач ад трас Т-0405 і Т-0406, каб прымусіць УСУ адступіць на поўнач (а не на ўсход ці Захад), каб падтрымаць атачэнне Расіяй абедзвюх населеных пунктаў і далейшае прасоўванне на захад у бок адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей.
Па выніку блакада гэтых гарадоў павялічвае верагоднасць адступлення ўкраінскай арміі, а расійскія войскі змогуць захапіць іх, пазбегнуўшы цяжкіх гарадскіх баёў.
* * *
У ноч на 14 студзеня Расійская Федэрацыя запусціла па тэрыторыі Украіны 80-ю ўдарнымі дронамі тыпу «Шахед» і беспілотнікамі-імітатарамі розных тыпаў. Пацверджана збіццё 58-мі ўдарных дронаў, 21 беспілотнік лакальна страчаны (без негатыўных наступстваў).
Збітыя беспілотнікі нанеслі шкоду ў Сумскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Харкаўскай і Чаркаскай абласцях. Пашкоджаны прыватныя і шматкватэрныя дамы, аўтамабілі, маёмасць грамадзян. Папярэдне без ахвяр, пацярпелым аказваецца дапамога.
* * *
* * *
Уначы рэгіёны Расіі былі пад самай масіраванай атакай беспілотнікаў сёлета. Паводле звестак расійскіх паблікаў, РФ нібыта атакавалі больш за 200 беспілотнікаў. Пад удар трапілі заводы па вытворчасці кампанентаў і рэчываў для зброі, нафтаперапрацоўчыя заводы, нафтабаза, склады і СПА РФ.
Сумарна, як кажуць расійцы, было атакавана 12 рэгіёнаў. Паводле адкрытых звестак вядома, што пад ударам былі: Энгельс і Саратаў (Саратаўская вобласць), Казань (Рэспубліка Татарстан), Бранск, Алексін (Тульская вобласць), Растоўская, Тамбоўская, Варонежская і Арлоўская вобласці РФ. У некаторых з гэтых гарадоў наступствы атак для Расіі з'яўляюцца істотнымі.
Напрыклад, была паўторна атакаваная інфраструктура расійскага вайсковага аэрадрома «Энгельс-2», дзе зноў адбылося ўзгаранне цыстэрнаў з авіяцыйным палівам (папярэдні пажар быў патушаны толькі ўчора). На аэрадроме базуюцца самалёты Ту-95МС і Ту-160 22-й цяжкай бамбардзіровачнай авіядывізіі РФ, якія запускаюць крылатыя ракеты па тэрыторыі Украіны.
Паводле інфармацыі кіраўніка Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) Украіны Андрэй Каваленка, на гэтым аэрадроме ўвесь год ствараўся запас ракет і паліва на зіму.
Таксама Украіна пацвердзіла ўдар па Бранскім хімічным заводзе ў горадзе Сяльцо, які вырабляе порах, выбухоўку і кампаненты для ракетнага паліва.
У Казані мясцовыя паведамілі аб буйным пажары ў раёне завода «Казань Аргсінтэз», які спецыялізуецца на вытворчасці матэрыялаў, якія знаходзяць прымяненне ў стварэнні ваеннай тэхнікі, узбраення і камплектуючых.
Таксама Украіна спрабавала ўразіць аб'екты нафтапрамысловасці ў Татарстане.
* * *
Кіраўнік Міністэрства абароны Германіі Барыс Пісторыўс прыбыў з неанансаваным візітам у Кіеў, каб абмеркаваць далейшую падтрымку Украіны ў яе вайне супраць Расійскай Федэрацыі (РФ). Германія стала адным з ключавых партнёраў Украіны на фоне поўнамаштабнай вайны. Берлін дае Кіеву гуманітарную, фінансавую і ваенную дапамогу, у прыватнасці, краіна перадала Украіне зенітныя сістэмы IRIS-T, танкі Leopard 2 і іншую зброю.
Таксама ва Украіну з афіцыйным візітам прыбыла спікер Сейма Латвіі Дайга Міерыня.
* * *
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв'ю Newsmax заявіў, што мае намер правесці сустрэчу з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным «вельмі хутка» пасля сваёй інаўгурацыі, якая адбудзецца 20 студзеня. Ён не ўдакладніў канкрэтных тэрмінаў сустрэчы.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб стратэгіі спынення вайны, Трамп адзначыў, што сітуацыя залежыць ад Пуціна: «Ёсць толькі адна стратэгія, і яна залежыць ад Пуціна. Я не магу сабе ўявіць, што ён у захапленні ад таго, як усё ідзе, таму што для яго гэта таксама не зусім добра».
* * *
The Times звяртае ўвагу на тое, што ёсць юрыдычная калізія для мірных перамоваў па Украіне з удзелам Уладзіміра Пуціна — у дачыненні да апошняга выпісаны ордэр на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. Таму Пуціну патрэбныя нейкія гарантыі ягонай бяспекі.
Паводле звестак выдання, калі месцам перамоваў будзе абраная Швейцарыя, то краіна можа даць імунітэт Пуціну ад арышту. Як піша выданне, урад Швейцарыі мае паўнамоцтвы зрабіць выключэнне для мірных перамоваў і будзе гарантаваць недатыкальнасць Пуціну.
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў аб неабходнасці падтрымкі Украіны, каб даць ёй шанец пачынаць магчымыя перамовы з Масквой з моцнай пазіцыі, і дасягнуць устойлівага міру. «Усе мы хочам, каб гэтая вайна скончылася. Але яшчэ больш важна, каб гэты мір быў надоўга. Я не ведаю як і калі скончыцца вайна. Але ведаю, што мір не будзе працягвацца, калі Пуцін атрымае сваё ва Украіне — таму што тады ён будзе ісці далей», — падкрэсліў Рутэ.
Ён адзначыў, што калі па выніках дамоўленасці Расія і яе саюзнікі будуць адчуваць сябе мацнейшымі, такі мір не будзе доўгім і гэта шлях да глабальнай нестабільнасці. «Мір можа быць доўгім толькі тады, калі Украіна будзе садзіцца за стол перамоваў з пазіцыі сілы. А для гэтага ёй патрэбная наша дапамога, больш і хутчэй» — заявіў Рутэ.
Акрамя гэтага ён заклікаў краіны Альянсу неадкладна інвеставаць больш у абарону і абаронную вытворчасць, а таксама павышаць устойлівасць сваіх грамадстваў і крытычнай інфраструктуры. Ён вітаў тое, што ў 2024 годзе многія краіны дасягнулі паказчыка выдаткаў на абарону на ўзроўні 2% ВУП, але адзначыў, што цяпер гэтага ўжо недастаткова. «Каб мы былі ў бяспецы ў наступныя гады, саюзнікам прыйдзецца выдаткоўваць значна больш, чым 2%... Больш выдаткаў на абарону — гэта менш выдаткаў на іншыя прыярытэты, але ад гэтага можа залежаць наша будучыня... 2% ужо недастаткова. Мы ў бяспецы цяпер, але не будзем у бяспецы праз 4-5 гадоў. Калі мы гэтага не зробім — давядзецца даставаць падручнікі па рускай мове ці ехаць у Новую Зеландыю», — паўжартам сказаў генеральны сакратар NATO.