І гэта партнёры? Іран не прызнаў анексію Крыма і Данбаса, а ў Сербіі патрабуюць завесці справу на ПВК «Вагнер»

Іран і Сербію лічаць калі не саюзнікамі Расіі, то дружалюбнымі краінамі. Бялград імкнецца падтрымліваць добрыя адносіны з Масквой, а Тэгеран дык увогуле прадае Крамлю зброю. Аднак не ўсё добра сёння нават і з гэтымі дзяржавамі. 

irru_605.jpg

Іран не прызнае анексаваныя тэрыторыі Украіны расійскімі. З такой заявай выступіў міністр замежных спраў краіны Хасейн Амір Абдалахіян у інтэрв'ю турэцкаму тэлеканалу «TRT World».

«Мы прызнаём суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краін у рамках міжнароднага права, і па гэтай прычыне, нягледзячы на выдатныя адносіны паміж Тэгеранам і Масквой, мы не прызналі аддзяленне Крыма ад Украіны. Мы не прызналі аддзяленне Луганска і Данецка ад Украіны», — заявіў кіраўнік МЗС Ірана.

Паводле яго слоў, улады Ірана настойваюць на сваім «паслядоўным прынцыпе» ў знешняй палітыцы. «Калі мы кажам, што вайна ва Украіне — гэта не пастаноўка, мы верым у сваю пазіцыю як у фундаментальны палітычны прынцып, якога прытрымліваемся», — сказаў Абдалахіян.

Расія анексавала Крым у 2014 годзе. У 2022 годзе падчас уварвання ва Украіну ўлады РФ абвясцілі аб анексіі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны.

Узброеныя сілы Расіі падчас уварвання ва Украіну выкарыстоўваюць беспілотнікі іранскай вытворчасці. Тэгеран некалькі месяцаў адмаўляў, што пастаўляў Маскве дроны, але ў лістападзе 2022 года кіраўнік МЗС Ірана ўпершыню гэта пацвердзіў. Ён заявіў, што гаворка ішла аб невялікай колькасці дронаў, адпраўленых да пачатку вайны.

836953171.jpg

Тым часам у Сербіі запатрабавалі завесці справу супраць кіраўніка мясцовай разведкі з-за вярбоўкі сербаў у ПВК «Вагнер».

Актывісты падалі ў пракуратуру Сербіі заяву з патрабаваннем распачаць крымінальную справу ў дачыненні да ПВК «Вагнер» і тых, хто падтрымлівае яе дзейнасць па вярбоўцы грамадзян Сербіі для ўдзелу ў вайне ва Украіне. Пра гэта «Reuters» паведаміў бялградскі адвакат і кіраўнік праваабарончай групы «Кастрычнік» Чэдамір Стойкавіч.

У звароце актывістаў фігуруюць амбасадар Расіі ў Сербіі Аляксандр Боцан-Харчанка і кіраўнік сербскай разведкі BIA Аляксандр Вулін. «У нас ёсць абгрунтаваныя падазрэнні, што Вулін аддаваў загады, дырэктывы і ўказанні аб тым, што дзейнасць групы Вагнера ў Сербіі не павінна быць спынена», — заявіў адвакат.

Стойкавіч адзначыў, што разумее, што амбасадар РФ у Сербіі валодае дыпламатычным імунітэтам і не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Але адвакат разлічвае, што крымінальная справа вымусіць дыпламата з'ехаць з Сербіі.

У амбасадзе Расіі ў Бялградзе, а таксама ў сербскай разведцы BIA гэта не каментавалі.

Раней на гэтым тыдні прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч запатрабаваў, каб у краіне спынілі вярбоўку грамадзян у ПВК «Вагнер» для ўдзелу ў расійскім уварванні ва Украіну. Да гэтага аб'явы аб вярбоўцы ў ПВК «Вагнер» паказвалі на балканскай версіі расійскага прапагандысцкага тэлеканала «RT». Сваю занепакоенасць здарэннем выказвалі ўлады ЗША.

Грамадзянам Сербіі забаронена ўдзельнічаць ва ўзброеных канфліктах за мяжой. Паводле інфармацыі сербскай службы «Радыё Свабода», у краіне асудзілі больш за 30 чалавек, якія ваявалі на баку Расіі супраць Украіны.

Паводле «Медузы».