«Людзі ідуць і ідуць». Дзясяткі тысяч украінцаў запісаліся ў добраахвотнікі, каб удзельнічаць у контрнаступе
Асноўныя падраздзяленні ўжо амаль сфармаваныя. Добраахвотнікаў цяпер запісваюць у рэзерв, які за некалькі месяцаў павінны добра навучыць і ўзброіць.
Міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка анансаваў фарміраванне рэзервовых падраздзяленняў штурмавых брыгад «Гвардыі наступу», піша unian.net. У эфіры тэлемарафона ён паведаміў, што праз некалькі месяцаў добраахвотнікі з рэзервовых падраздзяленняў змогуць далучыцца да штурмавых брыгад.
«Мы "Гвардыю наступу" ў першую чаргу рыхтуем
для далейшай дэакупацыі нашых тэрыторый. На сёння сфарміравана восем брыгад, мы
гатовыя ў складзе Сіл абароны да актыўных наступальных мерапрыемстваў.
Паралельна мы гатовыя да стабілізацыйных мер. Мы атрымалі некалькі дзясяткаў
тысяч заявак. Мы бачым, як людзі ідуць і ідуць. Запіс у "Гвардыю
наступу" мы хацелі ўжо прыпыніць, таму што падраздзяленні практычна
сфармаваныя, у той жа час у нас даволі шмат запоўненых анкет, заявак на службу ў "Гвардыі
наступу". Таму вырашылі працягнуць фарміраванне ўжо рэзервовых
падраздзяленняў для таго, каб за некалькі месяцаў маглі добраахвотнікаў добра
навучыць, узброіць, каб яны ў далейшым таксама прыцягваліся да штурмавых
мерапрыемстваў», — сказаў ён.
З лютага 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў Украіны пачало
фарміраванне штурмавых брыгад у складзе «Гвардыі наступу» («Бурэвій», «Червона Каліна», «Кара-Даг», «Рубіж», «Спартан» і легендарны «Азоў» у Нацгвардыі, «Сталевій кардон» у Дзяржпагранслужбе і «Люць» у
Нацпаліцыі).
Гэтыя падраздзяленні, як мяркуецца, будуць прыцягнутыя да
вызвалення Крыма, Данецкай і Луганскай абласцей. Ядро гэтых
падраздзяленняў — ваенныя і паліцэйскія з баявым вопытам, даўкамплектоўваюцца
падраздзяленні добраахвотнікамі.
Да пачатку красавіка на ўступленне ў брыгады «Гвардыі
наступу» паступіла 35 тысяч заявак, з іх больш за 16 тысяч — у брыгады
Нацгвардыі. Амаль 10% з тых, хто падаў заяўкі, ужо залічаны ў воінскія часці.
Намеснік кіраўніка МУС Кацярына Паўлічэнка раней паведаміла, што 5% заявак паступілі ад жанчын.
Контрнаступ украінскай арміі з'яўляецца зараз галоўнай інтрыгай вайны. Відавочна, што расійская армія выдыхлася, акупанты восем месяцаў намагаюцца захапіць невялікі раённы цэнтр Бахмут, але дагэтуль не даюць рады. Не дала вялікага плёну і першая хваля мабілізацыі. Шэраг экспертаў лічаць, што контрнаспуп Украіны можа стаць вырашальным для дасягнення перамогі і дэакупацыі захопленых тэрыторый.
Таксама ёсць меркаванне, што Уладзімір Пуцін заявіў пра размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі, баючыся менавіта ўкраінскага контрнаступу. З дапамогай шантажу Крэмль спрабуе прадухіліць далейшыя пастаўкі ва Украіну заходніх узбраенняў.