Чарнігаў пасля расійскай атакі. «Прасвятая Параскева паказала сваю веліч, абараніўшы людзей у царкве» (фота)

Расія ўдарыла балістычнай ракетай па цэнтры Чарнігава 19 жніўня — забіта 7 чалавек, яшчэ 148 пацярпелі. Удар быў нанесены па будынку драматычнага тэатра ў самым цэнтры горада, а ўдарная хваля зачапіла ўсе прылягаючыя вуліцы. Літаральна за дзесяць хвілін да атакі скончылася служба ў Пятніцкай царкве ў сотні метрах ад эпіцэнтру.

photo_2023_08_20_13_01_53_logo.jpg

Праз суткі пасля трагедыі на месцы працягваюць працаваць ратавальнікі, а людзі нясуць кветкі і дзіцячыя цацкі: сярод забітых — шасцігадовая дзяўчынка.  

Аксана, харыстка Пятніцкай царквы, распавядае:

— Было ўчора вельмі шмат людзей: дзяцей, сталых, старэнькіх людзей, гэта ж вельмі вялікае свята. На вуліцы асвячалі дары. Праз абвешчаную паветраную трывогу святар хутчэй закончыў службу і ўсе пачалі разыходзіцца. Мы зайшлі ў царкву, з намі сям’я адна, бабуля з унучкай, жанчына-лекарка, яна потым надавала першую дапамогу. І тут царква ўскалыхнулася ўся, было страшна, што абваліцца столь, мы ўсе, хто быў, пападалі на зямлю, іконы паляцелі. Усё шкло і з дзвярэй, і з вокнаў таксама паляцела на нас.

У цэнтры невялікага будынка царквы стаіць ікона Параскевы Пятніцы — святой, імя якой і носіць храм. Акурат у яе патрапіў адзін з аскепкаў:

— Яна нібы прыцягнула бяду да сябе: аскепак ляцеў ад драмтэатру і патрапіў у ікону. Дзякуй Богу, што ніхто не стаяў на яго шляху — каб нехта быў, то дакладна б памёр на месцы. Гэта ляцеў кавалак арматуры з вострымі канцамі. Цяпер яго святар забраў, як доказ гэтага злачынства. Прасвятая Параскева і тут паказала сваю веліч, абараніўшы людзей у царкве. Усе плакалі і крычалі, асабліва дзеці. Але ў царкве ніхто моцна не пацярпеў: некаторых толькі шклом пабітым парэзала. 

Аксана са слязьмі на вачах прызнаецца, што ніяк не можа перастаць думаць аб ахвярах гэтай атакі:

— Вельмі вялікі страх, бо да такога звыкнуць нельга. Вельмі цяжка перадаць, што тут было. Злачынцы маюць быць за гэта пакараныя. За што гэтых людзей забілі? За што?

А колькі б было ахвяр, каб людзі не разышліся, каб службу не скарацілі… Адна жанчына пасля выбуху прыбегла і ўпала на зямлю каля царквы. Я спужалася, падумала, што яна параненая, падбегла да яе. А яна плача і кажа: «Я дзякую Богу, што ён мне жыццё збярог». Людзі сёння ідуць, нясуць кветкі, ставяць свечкі.

Драматычны тэатр, эпіцэнтр выбуху, усё яшчэ ачэплены ратавальнікамі, там працуюць камунальныя службы. Вядзецца абследаванне пацярпелых будынкаў: пашкоджана больш за 500 памяшканняў у шасцідзесяці будынках побач. Людзі не перастаюць прыносіць кветкі. Многія глядзяць на знявечаны фасад тэатра з думкай, што маглі быць сярод ахвяр. Ірына распавядае, што пасля службы ў царкве збіралася прагуляцца з сынам па цэнтры:

— Але пад’ехаў муж на машыне нас забраць. Гэта і ўратавала. Хоць мы і ад’ехалі ўжо прыстойна, але адчулі выбух, задрыжэла шкло. Цяпер нашмат больш страшна быць у горадзе. Мы на адзінаццаты дзень вайны выязджалі. Пасля ўчорашняга ўжо задумваемся, каб зноў некуды выехаць, але ж куды? Цяпер дакладна будзем рэагаваць на трывогі, спускацца ў падвал, бо апошнім часам занадта расслабіліся.

За некалькі хвілін да трагедыі сышла з цэнтру і Вольга, пасля службы жанчына з мужам зайшла ў кавярню насупраць драмтэатра, але, баючыся спазніцца на працу, узяла каву з сабою.

— Муж паехаў па сваіх справах, прыпаркаваўся ў двух кварталах, але нават там адчуў на сабе выбуховую хвалю. А я пабегла ў «Дзіцячы свет» (гандлёвы цэнтр, непадалёк ад драмтэатру) на працу. Толькі зайшла ў павільён, як адчула выбух. Тады здалося, што прыляцела непасрэдна ў нас, нібы гэты «Дзіцячы свет» раскалоўся на часткі. Пабеглі ўсе ўніз. Адразу знаёмыя пачалі ўжо пісаць, званіць. Усе хваляваліся. Я найперш званю мужу: чую, што жывы і ўжо лягчэй. 

У гандлёвым цэнтры Вольга павільён з вышыванкамі, якія сама і робіць:

— Я вам скажу, што нас не пераадолець. Пасля адбою трывогі я пайшла ў магазін, зачыніць яго і забраць рэчы. Але ж пачалі прыходзіць людзі, тыя, каго не зачапіў гэты выбух. І кажуць: хочам украінскую вышыванку сабе. Не можа Расія тут мець аніякай улады, бо людзі цягнуцца да ўсяго ўкраінскага! З кожнай такой варварскай атакай застаецца ўсё менш памяркоўных людзей. Але ж шкада забітых…  

Вайна вайною, а людзі ўсё роўна прагульваюцца, горад жыве. У воінаў на перадавой ёсць разуменне небяспекі, а ў нас тут знікае, калі жыццё спакойнае ідзе. Я ж у гэтай сферы працую, таму вельмі адчуваю па людзях: як толькі троху расслабяцца, жывучы сваё жыццё, часам і забываюцца пра вайну. А як толькі трагедыя адбываецца ў нейкім горадзе, як у нас учора, то яно адчуваецца па ўсёй Украіне. Усё, людзі на два тыдні занураюцца ў сябе: пакупцоў амаль няма, а калі ёсць, то ўсе толькі па самае неабходнае ідуць, панурыя, маўклівыя. А потым жыццё вяртаецца ў звычную каляіну. Вельмі прыкра, што гэта ўсё зацягваецца, што столькі ахвяр… Вельмі важна, каб зараз працавалі асветніцкія ўкраінскія арганізацыі, каб уздымаць свядомасць людзей, каб Расія не мела аніякага ўплыву тут. 

У мяне родны брат у Расіі, але ён мне так і не напісаў анічога. Хоць ён быў у мяне ў Чарнігаве, у гэту ж царкву хадзіў. Ён часам з нашай маці размаўляе, ёй 88 год, яны сазваніваюцца. А я не хачу сварыцца, а добрага няма анічога яму сказаць.

Так цяпер выглядае кавярня, дзе ўчора Вольга са сваім мужам замаўлялі напоі. Уласнік Канстантын настроены аптымістычна:

— Нічога, зараз паразбярэм завалы, супакоімся і заўтра а дзявятай ранку будзем рабіць каву ўжо. Збыткі яшчэ дакладна не падлічвалі, я спачатку думаў: 10-15 тысяч долараў, але ж пааблятала кафля, аніводнага шкла цэлага не засталося, таму гэта будзе тысяч пяцьдзясят, не менш, каб цалкам усё аднавіць.