Расійцы не ўспрымаюць Беларусь у якасці пасярэдніка ў мірных перамовах з Украінай

«Лявада-цэнтр» запытаўся ў расіян, хто можа быць пасярэднікам у мірных перамовах паміж Украінай і Расіяй. Расійцы найперш абіралі Кітай і ЗША, былі і экзатычныя краіны. Але Беларусь не назваў ніхто. Ідзе 1085-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйны калаж

Ілюстрацыйны калаж

За мінулыя суткі, 11 лютага, на лініі фронту адбылося 95 баявых сутыкненняў. Пакроўскі кірунак застаецца самым складаным, паведамляе ў ранішняй зводцы 12 лютага Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).

На Пакроўскім кірунку спынена 30 штурмаў у раёнах населеных пунктаў Пясчанае, Пакроўск, Успенаўка і не толькі. 

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак непадалёк населеных пунктаў Тарэцк, Дыліеўка і Шчарбінаўка. На Ліманскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі дзевяць штурмаў расійцаў. На Купянскім і Новапаўлаўскім кірунках расійцы атакавалі па восем разоў на кожным.

У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 15 атак.

* * *

Украінскія войскі змаглі прасунуцца на Тарэцкім кірунку. У прыватнасці, мелі поспех на паўночны ўсход ад Дружбы, у паўночнай частцы Тарэцка і ў цэнтральнай частцы Леанідаўкі, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя даныя за 10 лютага сведчаць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся ў заходняй частцы Тарэцка. Для правядзення штурмаў на Тарэцкім кірунку расійцы прыцягваюць падраздзяленні 56-га батальёна спецназа РФ (51-я агульнавайсковая армія) і ваенныя фарміраванні так званай «ДНР».

Як распавядалі спікер АСУВ «Хорціца» Віктар Трэгубаў і спікер АТГ «Луганск» Дзмітрый Запарожац, горад Тарэцк Данецкай вобласці працягвае заставацца пад кантролем Сіл абароны Украіны.

* * *

Расійскія ўлады спрабуюць абмежаваць інфармацыю пра сітуацыю ў Курскай вобласці, каб пазбегнуць абмену тэрыторыямі падчас патэнцыйных мірных перамоваў, адзначаюць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Некалькі расійскіх блогераў, якія крытыкуюць вядзенне расійскімі вайскоўцамі вайны ва Украіне, заявілі 10 і 11 лютага, што неназваныя асобы заклікалі расійскія ўлады абвінаваціць іх у дыскрэдытацыі расійскіх вайскоўцаў пасля таго, як тыя паведамілі аб нядаўнім прасоўванні ўкраінскіх войскаў на паўднёвы ўсход ад Суджы.

Блогеры сцвярджалі, што расійскае камандаванне пераследуе іх за публікацыю інфармацыі аб паспяховых украінскіх атаках каля Чаркаскай Канапелькі і Фанасееўкі, а адзін з блогераў сцвярджаў, што нядаўнія ўкраінскія атакі прымусілі расійскае камандаванне адкласці планы будучай наступальнай аперацыі ў гэтым раёне.

«Апошняе сцвярджэнне паказвае, што расійскае камандаванне, магчыма, планавала правесці наступальную аперацыю з мэтай захопу Суджы, важнага газатранспартнага вузла і галоўнага горада, які кантралююць украінскія сілы ў Курскай вобласці», — адзначаюць эксперты.

Аналітыкі мяркуюць, што Пуцін, імаверна, мае намер выцесніць сілы абароны Украіны з Курскай вобласці або, прынамсі, з Суджы да пачатку магчымых мірных перамоваў, каб пазбегнуць неабходнасці абменьваць акупаваную ўкраінскую тэрыторыю на расійскую.

* * *

12_172.jpg

* * *

З вечара 11 лютага расійцы атакавалі Украіну 7 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 123-ма беспілотнікамі розных тыпаў. 6 ракет і 71 дрон удалося знішчыць, яшчэ 40 БПЛА былі лакацыйна страчаныя, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны.

Балістыкай расійцы атакавалі Кіеў і Крывы Рог: шэсць пускаў «Іскандэр-М» ажыццявілі з Бранскай вобласці Расіі і адзін з часова акупаванага Крыма.

У Кіеве зафіксавана падзенне абломкаў ракет, зафіксаваныя разбурэнні ў чатырох раёнах горада. Адзін чалавек загінуў.

У Крывым Рогу ў выніку ракетнага абстрэлу пашкоджаны шэраг аб'ектаў: інфраструктура, выбітыя вокны на АЗС, у навучальнай установе, гасцініцы, адмінбудынку. Таксама пашкоджаныя 3 шматкватэрныя дамы і 33 аўто. Людзі не пацярпелі.

* * *

Абсалютная большасць жыхароў Расіі падтрымліваюць вайну супраць Украіны, але пры гэтым больш за палову хочуць мірных перамоваў, прыводзіць звесткі студзеньскага апытання «Лявада-цэнтр».

У студзені 2025 года ўхваляюць уварванне ва Украіну 78% апытаных расійцаў. Кажуць, што не падтрымліваюць вайну — 15%. Пры гэтым узровень падтрымкі вайны не мяняецца з лютага 2022 года, што выглядае падазрона.

У студзені 2025 года была зафіксавана максімальная доля апытаных, якая лічыць, што цяпер варта пачаць мірныя перамовы — 61%. 31% рэспандэнтаў казалі пра неабходнасць працягваць ваенныя дзеянні — гэта мінімальныя паказчыкі за ўвесь час назіранняў.

З лістапада 2023 года вырасла доля рэспандэнтаў, якая лічыць, што ўдзел пасярэднікаў у перамовах паміж Расіяй і Украінай аблегчыць дасягненне мірнага пагаднення — да 67% (рост на 23%). Пра адваротнае кажуць толькі 13% апытаных, яшчэ 20% рэспандэнтаў не змаглі вызначыцца з адказам. У ролі пасярэднікаў у перамовах паміж Расіяй і Украінай 23% апытаных называюць Кітай, 20% — ЗША. Яшчэ 8% згадалі Турцыю, 6% — Венгрыю і Індыю. Не змаглі назваць ніводнай краіны 28% рэспандэнтаў (цяжка адказаць — 21%, ніякая краіна — 7%).

Беларусь у якасці пасярэдніка ў перамовах не назваў ніхто.

* * *

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф 11 лютага прылятаў у Расію. Адтуль ён забраў зняволенага ў Расіі амерыканца Марка Фогеля, якога расійцы прысудзілі 14 гадоў калоніі строгага рэжыму за нібыта кантрабанду наркотыкаў.

«Прэзідэнт Трамп, Стыў Уіткаф і дарадцы прэзідэнта правялі перамовы аб абмене, які служыць дэманстрацыяй добрай волі з боку расійцаў і знакам таго, што мы рухаемся ў правільным кірунку, каб пакласці канец жорсткай і жудаснай вайне ва Украіне», — заявіў дарадца прэзідэнта ЗША ў нацбяспецы Майк Уолтц.

На падставе гэтага візіту Тhe New York Times піша, што Дональд Трамп даручыў свайму спецпрадстаўніку ў пытаннях Блізкага Усходу Стывену Уіткафу дапамагаць ва ўрэгуляванні вайны Расіі супраць Украіны.

* * *

Сёння, 12 лютага, пасяджэнне «Рамштайн» упершыню ўзначаліць дзяржаўны сакратар па пытаннях абароны Брытаніі Джон Гілі. На парадку дня будзе паскарэнне паставак узбраення Украіне і не толькі, паведаміў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў.

З боку ЗША ўдзел упершыню прыме новы кіраўнік Міністэрства абароны Піт Гегсет.

На парадку дня — стабільныя і своечасовыя пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне ў 2025-м; узмацненне паставак крытычна важнага ўзбраення (СПА, авіяцыя, боепрыпасы); інвестыцыі ў абаронную прамысловасць ва Украіне і сумесныя праекты з еўрапейскімі партнёрамі.