Расійскі карабель ідзе на дно. Марскія страты РФ
Экс-афіцэр ВМС Бельгіі і цяперашні ваенна-марскі аналітык Фрэдэрык Ван Локерэн прадставіў абноўленую інфаграфіку па стратах флоту краіны-агрэсаркі. Паводле яе, Узброеныя сілы Украіны знішчылі ці значна пашкодзілі 11 буйных суднаў, якія неслі смерць і разруху на ўкраінскую зямлю.
Адзначым, што, згодна з апошняй актуальнай зводкай Генштаба Узброеных сіл Украіны за 6 лютага, страты Расіі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў «намінацыі» караблёў і падводных лодак складаюць ажно 25 адзінак. У гэтую лічбу ўваходзяць у тым ліку малагабарытныя катэры і лодкі, якія не нясуць настолькі сур’ёзнай пагрозы і рэпутацыйнай прорвы для ворага. Бельгійскі аналітык Фрэдэрык Ван Локерэн у сваю чаргу прыводзіць справаздачу, у якой пералічаны выключна буйныя судны, што калісьці «дрэйфавалі» па водных парадах і якімі так ганарылася дзяржава-агрэсарка. У сваёй аналітыцы экс-афіцэр не толькі пералічвае «тапельцаў», але і зазначае дату, дакладнае месца знішчэння і від узбраення, з дапамогай якога УСУ адправілі судна на дно.
«Саратаў» — ліквідаваны, «Навачаркаск» і «Цэзар Кунікаў» — часова падбітыя
Трыяда вялікіх дэсантных караблёў прыбыла ў порт часова акупаванага Бярдзянска за тры дні да здзяйснення ўнікальнай аперацыі СБУ. Раніцай 23 сакавіка 2022 года ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдар па доках ракетай «Точка-У», што стала сапраўднай сенсацыяй для свету, бо раней ніхто не ўжываў такую сістэму ўзбраення супраць суднаў. Пападанне прыйшлося наўпрост па «Саратаве», у выніку чаго рэшткі вялікага дэсантнага карабля цалкам пагрузіліся на дно. Адзначым, што да поўнамаштабнага ўварвання судна прымала ўдзел у акупацыі ўкраінскага Крыма і мінімум сем разоў «здзяйсняла мірныя паходы» ў Сірыю з поўным боекамплектам.
Астатнія ВДК, што швартаваліся побач, атрымалі сур’ёзныя пашкоджанні — але гэта было толькі папярэджанне.
Крэйсер «Масква» — легенда, што сышла ў вядомым напрамку
Знішчэнне «Масквы» — адна з найбольш гістарычных падзей вайны, а таксама сімвал стойкасці ды непахіснага духу ўкраінцаў. У першы дзень уварвання флагман Чарнаморскага флоту РФ разам з патрульным караблём «Васіль Быкаў» прымаў удзел у артылерыйскай падрыхтоўцы і высадцы дэсанту на востраў Змяіны. У адказ на прапанову здацца расійскаму ваеннаму караблю, якім, як высветлілася пазней, была менавіта «Масква», абаронца выспы адказаў: «Расійскі ваенны карабель, ідзі на###».
Праз два месяцы, у ноч з 13 на 14 красавіка 2022 года, два турэцкія БПЛА «Bayraktar TВ2» ва ўразлівы момант адпрацавалі па радарах крэйсера. Падчас адцягнення ўвагі беспілотнікамі, па левым борце судна былі нанесены два смяротныя ўдары берагавым супрацькарабельным комплексам украінскай вытворчасці «Нептун». Па заявах расійцаў, на крэйсеры здэтанаваў боекамплект, пасля чаго судна беззваротна накіравалася ў тым напрамку, што загадаў украінскі вайсковец. Ліквідацыя флагмана Чарнаморскага флоту стала найвялікшай стратай Расіі ў вайне — кошт «Масквы» складаў рэкордныя $750 млн.
Цяпер затоплены крэйсер уваходзіць у спіс культурнай спадчыны Чорнага мора пад нумарам 2065.
«Ратавальнік Васіль Бех» — праткнуты «гарпуном»
Судна «Ратавальнік Васіль Бех», пабудаванае для буксіроўкі караблёў, замест свайго прызначэння транспартавала боепрыпасы на востраў Змяіны. Да таго ж, 8 гадоў борт незаконна перабываў у порце акупаванага Севастопаля.
17 чэрвеня 2022 года «Ратавальнік Васіль Бех» быў знішчаны амерыканскай супрацькарабельнай ракетай «Harpoon». Паводле кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ермака, у выніку разбуральнага ўдару на борце загінула 70% экіпажу, у гэты ж дзень судна цалкам апусцілася на дно.
«Іван Галубец» — пашкоджаны
29 кастрычніка 2022 года Узброеныя сілы Украіны ўпершыню ўжылі ў атацы марскія дроны. Сем аўтаномных надводных беспілотнікаў паспяхова дабраліся да севастопальскай бухты, пасля чаго імі былі нанесены ўдары па тральшчыку «Іван Галубец». Дроны пашкодзілі корпус судна, што знаходзілася ў акупаваным Крыме. Тральшчык выкарыстоўваўся для выведкі, устаноўкі мін, суправаджэння крэйсераў па мінных палях у моры.
ВДК «Аленегорскі гарняк» — жорстка падбіты ў Расіі
Украінскія вайскоўцы працягнулі актыўнае выкарыстанне надводных дронаў з разнастайнымі мэтамі і 4 жніўня 2023 года нанеслі жорсткі ўдар па вялікім дэсантным караблі «Аленегорскі гарняк» у акваторыі Наварасійка (Расія). Судна атрымала велічэзную прабоіну ў корпусе, з якой выцякала шмат чорнага змесціва — верагодна паліва. ВДК значна нахіліўся на адзін бок, але за чатыры дні быў адбуксаваны ў докі Наварасійска.
Карабель увайшоў у Чорнае мора за некалькі тыдняў да поўнамаштабнага ўварвання нібыта на вучэнні. Па інфармацыі з расійскага тэматычнага форума, на «Аленегорскім гарняку» знаходзіліся дзве артылерыйскія ўстаноўкі, два «Грады» і дзве «Стралы-2».
«Мінск» і падлодка «Растоў-на-Доне» — знішчаны
13 верасня 2023 года авіяцыя Украіны нанесла магутны ўдар па порце акупаванага Севастопаля французска-брытанскай ракетай «Storm Shadow». Пападанне прайшлося па расійскім ВДК «Мінск» і дызель-электрычнай падводнай лодцы «Растоў-на-Доне».
Першы быў пашкоджаны настолькі моцна, што пра ніякае аднаўленне прамовы ісці не магло: да таго ж, карабель быў сабраны на польскай судабудаўнічай верфі ў Гданьску. Сыходзячы са спадарожнікавых здымкаў, з часам рэшткі «Мінска» разабралі на запчасткі. Адзначым, што вялікі дэсантны карабель уваходзіў у склад так званага «сірыйскага экспрэса», то бок пастаўляў зброю і асабісты склад сірыйскай групоўкі РФ.
Падводная лодка «Растоў-на-Доне», што яшчэ ў 2021 годзе перабывала на рамонце ў Кранштаце, атрымала сур’ёзныя пашкоджанні і, па ацэнках ваенных спецыялістаў, не падлягае вяртанню ў строй. Аглушальны выбух «Srorm Shadow» прабіў корпус судна і знішчыў як мінімум некалькі адсекаў — цяпер яго рамонт верагодна немагчымы. Агульны кошт двух суднаў складаў як мінімум $410 млн.
«Аскольд» — дэмілітарызаваны
Найноўшы малы ракетны карабель «Аскольд», эксплуатацыя якога нават не пачалася, быў знішчаны ракетай «SCALP» (французскі варыянт «Storm Shadow») 4 лістапада 2023 года. Прылёт прыйшоўся па цэнтральнай частцы борта, дзе знаходзіліся пускавыя ўстаноўкі для крылатых ракет «Калібр» ды звышгукавых «Онікс». Дзякуючы зладжанай работе Узброеных сіл Украіны, ніводны снарад з гэтага карабля не прынёс гора — як і павінна быць.
«Новачаркаск» — «Srorm Shadow» не даруе памылак
Вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск», які ўжо быў пашкоджаны падчас першай атакі УСУ ў Бярдзянску, быў сцёрты з твару зямлі 26 снежня 2023 года. Прамое пападанне «Srorm Shadow» у спалучэнні з дзясяткамі «Шахедаў», якія знаходзіліся на борце судна, выклікалі выбух неверагоднай магутнасці, у выніку якога карабель разнесла літаральна на шматкі. BBC адзначае, што ад судна засталіся толькі кавалкі абгарэлага і моцна пашкоджанага металу, праз што нават цяжка ідэнтыфікаваць, што гэта за карабель.
Аскепкі корпуса «Новачаркаска» разляцеліся ў розных раёнах Феадосіі, іх знаходзілі жыхары горада пад сваімі пад’ездамі.
«Іванавец» — добры пачатак 2024-га
На мінулым тыдні, у ноч на 1 лютага, расійскі ракетны катэр «Іванавец» быў апушчаны на дно марскімі дронамі ўкраінскага вырабніцтва «MAGURA». Паводле Кірыла Буданава, шэсць з дзесяці беспілотнікаў на вялікай хуткасці ўвайшлі ў корпус і нанеслі пашкоджанні, несумяшчальныя з магчымасцю выратаваць судна. На відэа з дронаў бачна, як на катэры выбухае боекамплект, пасля чаго ён ідзе пад ваду.
Аператары новых украінскіх беспілотнікаў адзначылі, што работа з такімі маленькімі прыладамі вельмі цяжкая ды ювелірная, але дзякуючы сваім памерам яны застаюцца практычна незаўважнымі. Папярэднія атакі на судны здзяйсняліся з дапамогай марскіх дронаў вялікіх памераў: праз гэта яны былі больш уразлівымі.
*****
«Нашыя дзеянні ў Чорным моры сталі чорнай старонкай у гісторыі рашысцкага флоту. Гэта афіцыйна могуць пацвердзіць іх вялікія дэсантныя караблі, ракетныя ды патрульныя карветы на дне марскім», — з такімі словамі Уладзімір Зяленскі звярнуўся да ўкраінцаў у сваім віншаванні з новым 2024 годам.