Разведка ЗША перадала Украіне план наступу Расіі на Кіеў
Своечасовае апавяшчэнне ўлад у Кіеве дапамагло адбіць атаку Расіі на сталіцу Украіны ў першыя дні вайны. Дырэктар ЦРУ распавёў Зяленскаму аб планах Крамля яшчэ ў сярэдзіне студзеня, паведамляе DW са спасылкай на The Wall Street Journal.
Разведка ЗША перадала кіраўніцтву Украіны планы расійскага наступу на Кіеў, што, магчыма, адыграла ключавую ролю ў адбіцці агрэсіі ў першыя дні вайны, паведаміла амерыканская газета The Wall Street Journal (WSJ) са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Па звестках выдання, дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення (ЦРУ) ЗША Уільям Бернс у сярэдзіне студзеня таемна наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і распавёў яму аб планах Масквы. Тады, зазначае WSJ, разведка ЗША ўжо ведала, што расійскія войскі нанясуць галоўны ўдар з тэрыторыі Беларусі праз чарнобыльскую зону адчужэння. Ведала разведка і аб планах Масквы захапіць аэрадром у Гастомелі пад Кіевам, каб выкарыстоўваць яго ў якасці плацдарма.
Гэты аэрадром сапраўды быў захоплены ў першы ж дзень расійскага ўварвання 24 лютага шляхам высадкі дэсанта з верталётаў, а расійскія войскі пачалі наступ на Кіеў з поўначы. Аднак украінскія вайскоўцы дзякуючы атрыманай ад ЦРУ інфармацыі паспелі арганізаваць абарону на рацэ Ірпень і не пусцілі суперніка ў Кіеў. Гэта дазволіла стабілізаваць фронт.
Імкненне Пуціна падпарадкаваць Украіну
Некалькі дзён таму расійскія войскі пачалі пакідаць тэрыторыю Кіеўскай вобласці. Згодна з паведамленнямі, Расія перакідвае гэтыя часткі ў Данбас у якасці падмацавання. 2 красавіка Мінабароны Украіны аб'явіла аб поўным вызваленні Кіеўскай вобласці.
У артыкуле WSJ выказваецца меркаванне, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ставіў за мэту падпарадкаванне Украіны на працягу ўсіх 20 гадоў свайго кіравання. У лістападзе мінулага года падрыхтоўка ўзброенага ўварвання ўвайшла ў завяршальную фазу. Тады ж ЗША сталі папярэджваць Маскву аб наступствах у выглядзе жорсткіх санкцыяў.
У матэрыяле таксама паведамляецца аб тым, як ЗША абмяркоўвалі падрыхтоўку да магчымай вайны ва Украіне з заходнімі саюзнікамі. Па словах суразмоўцаў WSJ, далёка не ўсе саюзнікі верылі разведданым ЗША аб тым, што Пуцін сапраўды плануе ўварванне.