СМІ: Украіна стварыла сакрэтную сетку падземных заводаў зброі
Украіна пабудавала засакрэчаную сетку падземных заводаў для вытворчасці зброі. Пра гэта піша іспанская газета El Mundo. Так Кіеў хоча пакончыць з залежнасцю ад нестабільнай падтрымкі заходніх партнёраў.
Крыніцы выдання сцвярджаюць, што ўкраінскія заводы працягваюць вырабляць боепрыпасы і бронетэхніку, але цяпер іх перамясцілі пад зямлю праз маштабныя разбурэнні ў першыя дні вайны. Некаторыя заводы знаходзяцца цалкам пад зямлёй, іншыя проста закамуфляваныя: схаваныя за «велізарнымі дэкарацыямі».
Адзначаецца, што такую сетку выбудаваў міністр па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Украіны Аляксандр Камышын.
Крыніца выдання паведаміла, што пытанні сакрэтнасці вельмі хвалююць Кіеў, паколькі сярод работнікаў гэтых заводаў ужо знайшліся сімпатыкі Расіі.
Сцвярджаецца, што заводы вырабляюць боепрыпасы, беспілотнікі, бронетранспарцёры «Козак», ракеты «Няптун» і супрацьтанкавыя ракеты «Стугна». Таксама крыніца ва ўкраінскім АПК паведаміла, што аб'ёмы вытворчасці выраслі ўтрая з моманту запуску ў 2023 годзе.
Як паведамляе выданне, украінскі ўрад спадзяецца, што сакрэтная сетка падземных заводаў дазволіць пакончыць з залежнасцю ад паставак заходніх узбраенняў. А ў перспектыве гэтая сетка дасць Украіне магчымасць стаць цэнтрам вытворчасці зброі для патрэб ўжо самога Захаду.
Раней паведамлялася, што Украіна дагнала РФ у вытворчасці дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед». Для распрацоўкі новых відаў узбраенняў прыцягнута вельмі шмат прыватных прадпрыемстваў-распрацоўшчыкаў і навукоўцаў.
Таксама «Украбаронпрам» павялічыў удвая аб'ёмы вытворчасці вайсковай тэхнікі за мінулы год. Па адных напрамках — у дзясяткі разоў, па іншых — менш, у адпаведнасці з патрэбамі Мінабароны і УСУ. Пра гэта ў інтэрв'ю Арміяinform заявіў генеральны дырэктар Герман Смятанін.
«Амаль год таму, у рамках рэформы ўкраінскага абаронна-прамысловага комплексу, па ініцыятыве кіраўніцтва Украіны, дзяржаўны канцэрн «Украбаронпрам» быў ператвораны ў акцыянернае таварыства «Украінская абаронная прамысловасць». Гэтая рэформа адкрыла акно магчымасцяў для стварэння сумесных прадпрыемстваў у Украіне і павінна спрыяць трансферу тэхналогій, а таксама прыцягненню інвестыцый у наш бізнес», — падкрэсліў гендырэктар АТ.
Ён дадаў, што Украіна істотна павялічыла вытворчасць
боепрыпасаў — гэта галоўная наменклатура, якую чакае фронт. Прадпрыемствы не
толькі наладзілі і маштабуюць серыйную вытворчасць артылерыйскіх снарадаў і
мінамётных мін савецкіх калібраў, але і паступова пераходзяць да вырабу
боепрыпасаў калібраў НАТО — 60-мм мінамётных мін і 155-мм артылерыйскіх
снарадаў.