Суд над «азоўцамі»: Грамадзянам Украіны РФ інкрымінуе захоп улады ва Украіне!
У Расіі 27 верасня пачалося судзілішча над «азоўцамі». Гэта адказ пуцінскага баязлівага рэжыму на распачатыя ў Міжнародным крымінальным судзе слуханні, дзе апыталі выкрадзеных з Марыупаля дзяцей, сцвярджае дарадца мэра Марыупаля.
У расійскім Растове-на-Доне распачалося новае судзілішча над украінскімі абаронцамі Марыупаля з палка «Азоў». Пра гэта паведаміў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка ў сераду, 27 верасня.
«Прама цяпер у Растове-на-Доне пачата новае судзілішча над нашымі героямі Марыупаля з палка «Азоў». 24 герояў расіяне будуць прысуджаць да пажыццёвага зняволення толькі за тое, што яны абаранялі сваю (нашу) краіну. Ім інкрымінуюць арт. 278 («Гвалтоўны захоп улады») і арт. 205.5 («Удзел у тэрарыстычнай арганізацыі») Крымінальнага кодэкса Расіі. Яшчэ раз. Грамадзянам Украіны краіна-акупант інкрымінуе захоп улады ва Украіне. Калі быў нейкі большы цынізм да гэтага, то тут канчатковае дно», — піша Андрушчанка ў каментары да апублікаванага відэа.
Андрушчанка адзначае, што спадзяецца на агалоску, бо нічога іншага Расія не баіцца.
«Гэта прамы і адкрыты адказ пуцінскага баязлівага рэжыму на пачатыя ў Гаагскім Міжнародным крымінальным судзе слуханні, дзе сёння апыталі выкрадзеных з Марыупаля дзяцей, якіх удалося вярнуць», — сцвярджае дарадца мэра Марыупаля.
8 ліпеня, на 500-ты дзень вайны, стала вядома, што ваенныя камандзіры, якія абаранялі «Азоўсталь» у Марыупалі і якія ў выніку абмену палоннымі трапілі ў Турцыю, вярнуліся з Турцыі ва Украіну.
Год таму, 21 верасня 2022-га, падчас маштабнага абмену ваеннапалоннымі Украіна вярнула дадому 215 абаронцаў, сярод якіх былі камандзіры абаронцаў «Азоўсталі». Расійскаму боку за гэта перадалі 55 рускіх салдат і палітыка Віктара Медведчука. Згодна з дамоўленасцямі, да канца вайны пяцёра камандзіраў «Азова» павінны былі заставацца ў Турцыі пад асабістымі гарантыямі абароны і бяспекі прэзідэнта краіны Эрдагана. Аднак падчас сустрэчы Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам Турцыі апошні пагадзіўся вярнуць камандзіраў «Азова» ва Украіну значна раней.
Паводле korrespondent.net