Штодзень 10-20 чалавек, якія падаюць на ВНЖ у Літве, пазначаюць, што падтрымліваюць вайну

Кожны дзень ад дзесяці да дваццаці чалавек з тых, хто хоча атрымаць від на жыхарства ў Літве, адзначаюць у анкеце, што падтрымліваюць вайну ва Украіне, а Крым лічаць расійскім.

_belarus_leta_zniven_radzima_ranica_slaneczniki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg

Дырэктар Дэпартамента міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайтэ вельмі здзіўлена, піша ve.lt. Яна кажа, што пасля таго, як уступіў у сілу пункт, згодна з якім грамадзяне Расіі і Беларусі, якія хочуць атрымаць від на жыхарства ў Літве або нацыянальныя візы, павінны запаўняць спецыяльную анкету, не бывае дня, каб ад дзесяці да дваццаці чалавек не пазначылі, што выказваюцца за Расію ў яе вайне з Украінай.

Эвеліна Гудзінскайтэ адзначае, што пададзеная ў анкеце інфармацыя мае вырашальны ўплыў на прыняцце рашэння аб знаходжанні ў краіне — тыя, хто выступае за вайну, павінны пакінуць Літву.

«Цяпер мы можам даць анкету ўсім грамадзянам Расіі і Беларусі, а таксама асобам іншых нацыянальнасцей. Там мы просім вас падрабязна расказаць пра сваё мінулае, пра сувязь з вайсковымі разведвальнымі структурамі, выказаць свой пункт гледжання на вайну ва Украіне. І мяне вельмі здзівіла тое, што мы атрымліваем адносна вялікую колькасць заяў — ад 10 да 20 штодзень аб тым, што людзі ўхваляюць вайну, падтрымліваюць тое, што адбываецца ва Украіне», — сказала Гудзінскайтэ «Elta».

Дырэктар Дэпартамента міграцыі падкрэслівае, што такім асобам від на жыхарства ў Літве не выдаецца. Таксама, зазначыла яна, у многіх выпадках просьбы чалавека не задавальняюцца па іншых прычынах.

«Ёсць і іншыя прычыны, напрыклад, праз наладжаныя сувязі. Потым кансультуемся з трыма службамі — Дзяржаўнай памежнай службай, РАУС і Дэпартаментам дзяржаўнай аховы. Мы дэталёва ацэньваем прадстаўленую інфармацыю і, калі будзе ўстаноўлена, што чалавек уяўляе пагрозу дзяржаўнай бяспецы або грамадскаму парадку, прымаецца рашэнне пра адмову ў выдачы віду на жыхарства і яго дэпартацыі», — сказала Э. Гудзінскайтэ.


Дырэктар Дэпартамента міграцыі адзначыла, што ў цяперашніх анкетах задаюць восем асабістых пытанняў і яшчэ два пра стаўленне да развязанай Расіяй вайны ва Украіне.

«Пытанні пра тое, каму належыць Крым і як яны ацэньваюць вайну, распачатую Расіяй. А некаторыя кажуць, што яны апалітычныя, што іх гэтыя справы не цікавяць. Але калі ты ў такой сітуацыі і ідзе вайна, нельга сядзець на двух крэслах. Сапраўды дзіўна, колькі людзей на расійскім баку», — сказала Эвеліна Гудзінскайтэ.

Яна лічыць, што на неадназначнае выказванне некаторых асоб аб развязанай Расіяй ва Украіне вайне могуць паўплываць іх дагэтуль існуючыя сувязі з Крамлём. Напрыклад, паводле яе слоў, расіяне, якія падтрымліваюць Украіну, могуць пазбавіцца пенсіі ад Расіі.