У Літву ўжо не пускаюць беларусаў, якія ў анкеце на мяжы пазначаюць, што падтрымліваюць агрэсара
Намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус у эфіры LRT Radio паведаміў, што былі выпадкі, калі грамадзянам Беларусі адмаўлялі ва ўездзе.
Колькасць беларусаў, якім было адмоўлена ва ўездзе, ён не назваў.
Абрамавічус лічыць, што ўзмацняць абмежаванні на ўезд для беларусаў не трэба, дастаткова ўжо прынятых мер, у тым ліку анкетавання.
«Вялікая частка мер ужо прынятая — падвышаная ацэнка па прыбыцці ў Літву, а таксама зменшаная колькасць дазволаў на часовае пражыванне, абавязковыя дадатковыя анкеты пры выдачы гэтых дакументаў, якія ацэньваюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы. Усе меры эфектыўныя», — сказаў ён.
Нагадаем, Літва ўвяла анкетаванне на мяжы для беларусаў і расійцаў, якія прыязджаюць. У ёй трэба адказаць на шэраг пытанняў — мэты паездкі ў Літву, стаўленне да вайны ва Украіне і анексіі Крыма.
31 снежня дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус заявіў аб неабходнасці абмежаваць паездкі беларусаў у Літву і літоўцаў у Беларусь. У Літве на гэта адказалі, што такую ідэю не падтрымліваюць.