У МЗС Чэхіі заявілі аб прытрымліванні эмбарга на пастаўку светлашумавых гранат у Беларусь
Чэхія прытрымліваецца эмбарга на пастаўку светлашумавых гранат у Беларусь, якое дзейнічае ў ЕС з 2011 года. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак, каментуючы паведамленні СМІ, што беларускія сілавікі прымянялі спецсродкі чэшскай вытворчасці супраць удзельнікаў пратэстаў у Мінску, паведамляе tut.by са спасылкай на ТАСС.
«Чэхія прытрымліваецца эмбарга на экспарт такога матэрыялу ў Беларусь. Ужо 10 гадоў, — напісаў ён у twitter. — Сваю ролю ў гэтым (атрыманні беларускімі сілавікамі чэшскіх светлашумавых гранат. — тут і далей заўвагі ТАСС) маглі адыграць перакупшчыкі, альбо гаворка ідзе пра матэрыял, які паступіў (у Беларусь) раней (да эмбарга)».
Чэшскія ўлады правяраюць інфармацыю аб выкарыстанні светлашумавых гранат чэшскай вытворчасці беларускай міліцыяй у Мінску.
Падчас учорашніх пратэстаў у Мінску з'явілася непацверджаная інфармацыя, што АМАП выкарыстоўвае супраць пратэстоўцаў светлашумавыя гранаты. Пазней з'явіліся відэа, на якіх яскрава бачныя ўспышкі і чуваць гучныя хлапкі, і, нарэшце, на фота трапіў корпус выкарыстанай гранаты. Прычым фатограф tut.by зняў корпус ад сучаснага чэшскага боепрыпасу, якія звычайна выкарыстоўваюцца паліцыяй і арміяй Чэхіі. На некаторых рэсурсах такая СШГ каштуе прыкладна некалькі дзясяткаў еўра.