У Сенаце ЗША набрана дастаткова галасоў, каб прыняць санкцыі супраць Расіі незалежна ад Трампа
Сенат ЗША, расчараваны адсутнасцю прагрэсу ў мірных перамовах, можа прыняць «знішчальныя» санкцыі супраць Расіі ўжо на наступным тыдні, пры гэтым — незалежна ад меркавання Дональда Трампа. Пад законапраектам падпісаўся 81 сенатар, і гэтага дастаткова, каб пераадолець нават вета прэзідэнта ЗША, калі яно будзе. Ідзе 1185-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксаванае 141 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 23 траўня. 44 штурмавых дзеянні расіян былі спыненыя на Пакроўскім кірунку ў раёнах Новай Палтаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Малінаўкі, Зверава, Катляроўкі, Дачанскага, Удалага, Траецкага, Андрэеўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку спынена 14 атак паблізу Канстанцінопаля, Вольнага Поля і ў бок Шаўчэнкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў, спрабуючы уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Грэкаўкі, Новага Свету, Ліпавага і Рэдкадубу.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі дзевяць атак, на Харкаўскім кірунку зафіксавана восем разоў боесутыкненняў. На Купянскім кірунку адбылося шэсць атак расіян.
* * *
Увечары 22 траўня аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх акупацыйных войскаў паблізу двух населеных пунктаў у Данецкай вобласці — Яблонаўкі і Надзіеўкі.
* * *
Расійскія войскі атакавалі чыгунку ў Чарнавіцкай вобласці Украіны ў ноч на 23 траўня. У выніку ўдару пашкоджана інфраструктура. Ахвяр і пацярпелых сярод работнікаў і пасажыраў няма.
У Івана-Франкоўскай вобласці ў выніку атакі БПЛА вядома аб пашкоджанні будынкаў і транспартных сродкаў Каламійскага раёна.
У ноч на 23 траўня расійскія войскі здзейснілі масіраваную атаку БПЛА на Палтаўскую вобласць. У рэгіёне ёсць разбурэнні, частка людзей засталася без святла, паранены адзін чалавек.
У горадзе Ялец Ліпецкай вобласці Расійскай Федэрацыі атакаваны важны для расійскага ВПК завод «Энергія». Цяпер прадпрыемства спыніла працу, паведаміў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Украіны Андрэй Каваленка. Прадукцыя завода выкарыстоўваецца ў сістэмах сувязі, кіравання, РЭБ, БПЛА, а таксама ў вытворчасці ракет «Іскандэр» і «Кінжал».
Сервіс Нацыянальнага ўпраўлення па аэранаўтыцы і даследаванню касмічнай прасторы (NASA), зафіксаваў пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе «Раснафты» ў Разані пасля ўдару дрона. Разанскі нафтаперапрацоўчы завод «Раснафты» ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых у Расіі.
* * *

* * *
Уладзімір Пуцін 22 траўня заявіў, што прыняў рашэнне пра стварэнне «буфернай зоны бяспекі ўздоўж мяжы Расіі і Украіны». Паводле яго слоў, Узброеныя сілы РФ ужо пачалі выконваць гэтую задачу.
«У той час, калі ЗША, еўрапейскія партнёры, Украіна заклікаюць да мірнага працэсу, да поўнага працяглага спынення агню на 30 дзён і больш, такія заявы ад расійскага дыктатара вельмі паказальныя. Яны дэманструюць усяму свету, што гэтая асоба з'яўляецца адзінай прычынай або, як яны кажуць, першапрычынай гэтай вайны і адзінай прычынай, чаму гэтая вайна да гэтага часу працягваецца», — заявіў спікер МЗС Украіны Рыгор Ціхі.
* * *
У Сенаце ЗША заявілі, што настроеныя прыняць закон аб санкцыях у дачыненні да РФ, калі Уладзімір Пуцін «не зробіць сур'ёзнай прапановы аб неадкладным спыненні агню». Пра гэта заявіў лідар рэспубліканскай большасці ў Сенаце ЗША Джон Тун, піша Axios.
«Калі Расія не жадае займацца сур'ёзнай дыпламатыяй, Сенат будзе супрацоўнічаць з адміністрацыяй Трампа, каб разгледзець дадатковыя санкцыі, каб прымусіць Пуціна пачаць перамовы», – заявіў Тун.
Сенатар ад дэмакратаў Джын Шахін заявіла, што законапраект аб санкцыях могуць прыняць ужо на наступным тыдні. «Нам трэба выразна даць Уладзіміру Пуціну зразумець, што мы збіраемся ўзмацніць ціск на Расію, каб яна села за стол перамоваў для заканчэння вайны ва Украіне», — падкрэсліла Шахін.
Некаторыя сенатары-рэспубліканцы заклікаюць не чакаць, а дзейнічаць неадкладна. У прыватнасці, Тод Янг лічыць, што гэта неабходна, паколькі «Пуцін месяцамі нас падманвае».
Сенатар Ліндсі Грэм заявіў, што двухпартыйны законапраект Сената ЗША аб санкцыях супраць Расіі ўжо мае подпіс 81 сенатара. Гэта больш чым дастаткова не толькі для прыняцця закона ў Сенаце, але і для пераадолення прэзідэнцкага вета, калі яно будзе.
Раней дэмакрат Рычард Блументаль і рэспубліканец Ліндсі Грэм заклікалі прыняць санкцыі супраць Расіі пасля таго, як перамовы аб спыненні агню, якія прайшлі ў Турцыі 16 траўня, не мелі істотнага прагрэсу.
* * *
У G7 заявілі, што суверэнныя актывы Расіі застануцца замарожанымі, пакуль РФ не спыніць агрэсію супраць Украіны і не пакрые нанесеную шкоду.
«Мы пацвярджаем, што ў адпаведнасці з нашымі прававымі сістэмамі, суверэнныя актывы Расіі ў нашых юрысдыкцыях будуць заставацца замарожанымі, пакуль Расія не спыніць сваю агрэсію і не пакрые шкоду, нанесеную ёю Украіне», — гаворыцца ў камюніке саміту міністраў фінансаў краін G7.
У G7 заявілі, што будуць працягваць каардынаваць падтрымку для садзейнічання больш хуткаму аднаўленню і рэканструкцыі Украіны, і згаджаюцца «супрацоўнічаць з Украінай, каб гарантаваць, што ніякія краіны або арганізацыі або арганізацыі з краін, якія фінансавалі або пастаўлялі расійскую вайсковую машыну, не будуць мець права атрымліваць прыбытак ад рэканструкцыі Украіны».
* * *
Украіна прапанавала Еўропе новы фармат падтрымкі УСУ. Міністр фінансаў Украіны Сяргей Марчанка на сустрэчах фінансавага блока G7 у Канадзе прапанаваў прамое фінансаванне Узброеных сіл Украіны ад ЕС. Гэта, на яго думку, дазволіць зрабіць дапамогу больш эфектыўнай і хуткай.
Міністр фінансаў Украіны паведаміў, што на сустрэчах фінансавага блока G7 у Канадзе Украіна прапанавала партнёрам разглядаць УСУ як частку абароннай сістэмы Еўропы. «Выдаткі на забеспячэнне ўкраінскіх узброеных сіл для бяспекі Еўропы будуць складаць невялікую долю ВУП ЕС. Яна можа быць размеркаваная паміж краінамі, якія гатовыя далучыцца да ініцыятывы, і ўключаная ў разлік абаронных выдаткаў у адпаведнасці з абавязальніцтвамі гэтых краін перад NATO», — адзначыў міністр.
Па словах Марчанкі, улічваючы ваенныя рызыкі, Еўропа ўжо шукае шляхі ўмацавання сваёй абароны, і УСУ могуць стаць часткай абароннага патэнцыялу Еўропы. «Падтрымка Украіны — гэта інвестыцыя ў стабільнасць Еўропы, а ўзмацненне абараназдольнасці — не палітычны выбар, а надзённая неабходнасць», —адзначыў Марчанка.