ЗША могуць увесці санкцыі супраць Расіі незалежна ад жадання ці нежадання Дональда Трампа
Расія дэманструе нежаданне мірных перамоваў па Украіне. Дональд Трамп у панядзелак збіраецца патэлефанаваць усім зацікаўленым бакам. А Сенат ЗША можа набраць дастаткова галасоў, каб увесці «зруйнавальныя» санкцыі супраць Расіі без згоды Дональда Трампа. Ідзе 1180-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 18 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 54 штурмавых і наступальных дзеянні расіян ў раёнах Старой Мікалаеўкі, Яблонаўкі, Новай Палтаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Траецкага, Андрэеўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне атакавалі пазіцыі УСУ 23 разы паблізу Канстанцінопаля, Багатіра, Вольнага Поля, Равнополя, Зялёнага Поля.
На Ліманскім кірунку расіяне правялі 24 атакі, спрабуючы прасунуцца паблізу Новаегараўкі, Рэдкадубу, Грэкаўкі, Кацярынаўкі, Ямпалоўкі і Зялёнай Даліны.
На Тарэцкім кірунку адбылося 14 атак у раёнах Тарэцка, Азаранаўкі, Дыліеўкі і Дружбы.
На Северскім кірунку ў раёнах Белагораўкі і Верхнекаменскага расіяне атакавалі 10 разоў.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 14 боесутыкненняў. Армія РФ нанесла 15 авіяцыйных удараў, скінуўшы 20 кіраваных бомбаў па сваёй ітэрыторыі.
* * *
У ноч на 18 траўня армія РФ здзейсніла рэкордную па колькасці беспілотнікаў атаку на Украіну — 273-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Пацверджана збіццё 88 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 128 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
Начальнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Мікалай Калашнік паведаміў, што ў выніку атакі ў Абухоўскім раёне Кіеўскай вобласці ад атрыманых траўмаў загінула жанчына, яшчэ тры чалавекі параненыя, сярод іх — дзіця 4 гадоў. Яны дастаўлены ў бальніцу.
* * *
Крэмль рыхтуе пашырэнне канфлікту да працяглай фазы без якіх-небудзь кампрамісаў: амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацаніў ход перамоваў у Стамбуле.
Улічваючы характар перамоваў і агучаныя расійскай дэлегацыяй патрабаванні, аналітыкі Інстытута перакананыя, што мэтай вайны Расіі застаецца поўная капітуляцыя Украіны. Пры гэтым Масква падае свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на вобласці Украіны не як прадмет перамоў аб завяршэнні вайны, а толькі як перадумовы да спынення агню.
У ISW таксама перакананыя, што Крэмль спрабуе толькі стварыць бачнасць гатоўнасці да дыялогу, адначасова высоўваючы непрымальныя для Украіны ўльтыматыўныя патрабаванні, і не дэманструе ніякай гатоўнасці да кампрамісаў.
«Паводле ацэнак ISW, Пуцін і ў далейшым будзе адмаўляцца ісці на кампрамісы датуль, пакуль Украіна і Захад не змогуць змяніць ягоную тэорыю перамогі. Згодна з ёй, Расія выйграе вайну на знясіленне шляхам бесперапыннага паўзучага наступу, што не дазваляе Украіне праводзіць паспяховыя, аператыўна значныя контрнаступныя аперацыі», — лічаць аналітыкі.
У ISW таксама перакананыя, што з улікам апошніх заяў расійскага кіраўніцтва, Крэмль свядома зацягвае перамоўны працэс, дэманструючы нежаданне весці добрасумленныя перамовы як пра спыненне агню, так і пра заключэнне фінальнага мірнага пагаднення.
Расійскае апазіцыйнае выданне Verstka паведаміла, што ў Крамлі наогул не разглядаюць магчымасць асабістай сустрэчы прэзідэнтаў Расіі Уладзіміра Пуціна і Украіны Уладзіміра Зяленскага, бо ўсведамляюць, што вылучаныя расійскія патрабаванні непрымальныя для Кіева.
«Гэта адпавядае доўгатэрміновай ацэнцы ISW, згодна з якой Расія наўмысна зацягвае мірныя перамовы, каб атрымаць дадатковыя саступкі ад Захаду і працягнуць прасоўванне на полі бою. Украіна ж неаднаразова дэманстравала гатоўнасць да кампрамісаў і вядзення добрасумленных перамоваў», — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.
Эксперты таксама канстатуюць гатоўнасць Расіі нават абвастраць вайну супраць Украіны ў выпадку, калі Кіеў і Вашынгтон не пагодзяцца на патрабаванні капітуляцыі. Яны адзначаюць у гэтай сувязі заяву старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева пра тое, што правал у перамовах можа выклікаць «яшчэ больш страшную фазу вайны з новай зброяй і новымі ўдзельнікамі». У ISW словы Мядзведзева назвалі завуаляванай пагрозай прымянення ядзернай зброі, але ў той жа час, згодна з ацэнкай ISW, малаверагодна, што Крэмль цяпер звернецца да выкарыстання ядзернай зброі або нападу на дзяржавы-члены NATO.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Truth Social абвясціў пра серыю тэлефонных перамоваў з прэзідэнтамі Расіі і Украіны. «Я буду тэлефанаваць прэзідэнту Расіі Пуціну ў панядзелак а 10 раніцы. Тэма размовы — спыненне крывавай разні, якая ў сярэднім забірае жыцці больш за 5000 расійскіх і ўкраінскіх жаўнераў на тыдзень», — заявіў Трамп.
«Затым я буду гаварыць з прэзідэнтам Украіны Зяленскім, а затым разам з ім — з рознымі краінамі-чальцамі NATO», — дадаў ён.
Трамп выказаў надзею, што «будзе абвешчана спыненне агню, і гэтая вельмі жорсткая вайна, вайна, якая ніколі не павінна была адбыцца, скончыцца».
* * *
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у інтэрв'ю для Face the Nation, што амерыканскі лідар Дональд Трамп хоча як мага хутчэй правесці сустрэчу з Уладзімірам Пуціным.
«Урэшце, адзінае, што можа развязаць гэты тупік (гаворка пра вайну ва Украіне — рэд.) — гэта прамая размова паміж Трампам і Пуціным. Ён ужо адкрыта выказаў жаданне і ўпэўненасць, што гэта павінна адбыцца. І спадзяемся, гэта хутка вырашыцца», — заявіў Рубіё.
На ўдакладняючае пытанне вядучай, ці плануецца сустрэча лідараў, дзяржсакратар ЗША сказаў, што расіяне, на яго думку, таксама гатовыя да дыялогу. Цяпер трэба вырашыць, дзе і калі пройдзе сустрэча Трампа і Пуціна.
«Арганізацыя такой сустрэчы патрабуе пэўнай працы. Таму не магу сказаць, што гэта ўжо плануецца адносна месца і даты. Але прэзідэнт хоча гэта зрабіць. Ён хоча зрабіць гэта як мага хутчэй. Думаю, расійскі бок таксама выказаў гатоўнасць. Цяпер пытанне ў тым, каб усіх сабраць і вырашыць дзе, калі і пра што будзе сустрэча», — адказаў Рубіё.
Пры гэтым ён заявіў, што Злучаныя Штаты прадставілі моцны план міру ва Украіне. Ён падкрэсліў, што настаў час завяршыць вайну.
Нагадаем, што раней Financial Times паведаміў, што Пуцін адмовіўся разглядаць мірны план, прапанаваны ЗША, Украінай і еўрапейскімі партнёрамі. Гэта стала прычынай адмены планаванага візіту ў Маскву спецпасланніка Трампа па Расіі Стыва Уіткафа.
* * *
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што калі найбліжэйшым часам не будзе прагрэсу ў перамовах з Расіяй, Сенат прыме законапраект Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць РФ.
«Мы неаднаразова, ужо амаль два месяцы, папярэджвалі расійцаў ,што гэта (увядзенне санкцый — рэд.) адбудзецца, калі не будзе ніякага прагрэсу. І я думаю, менавіта цяпер гэта пачынае рэалізоўвацца. І гэта адна з рэчаў, якую я зноў пацвердзіў на гэтым тыдні, знаходзячыся з Ліндсі Грэмам ў Турцыі: у іх (рэспубліканцаў — рэд.) ужо 77 подпісаў. Ён лічыць, што могуць дайсці да 80-ці і нават больш. І гэта проста факт, пра які мы папярэджвалі расійцаў цягам некалькіх тыдняў», — адзначыў кіраўнік Дзярждэпартамента.
80 галасоў у падтрымку законапраекта дазволіць пераадолець магчымае вета Дональда Трампа, калі той вырашыць скарыстацца гэтым правам, і санкцыі будуць прынятыя незалежна ад жадання ці нежадання Трампа.
«Сенат урэшце будзе дзейнічаць. Мы ўжо некалькі тыдняў — дзесьці шэсць-сем — даводзім да расійскага боку, што гэтая ініцыятыва працягваецца. Гэта працэс, які мы не можам спыніць. І гэта — проста факт, пра які мы папярэджвалі расійцаў ужо некалькі тыдняў», — адзначыў Рубіё.
* * *
Увядзенне еўрапейскіх войскаў ва Украіну для выканання функцыі міратворцаў, пакуль неактуальнае. Галоўнай задачай застаецца дасягненне спынення агню з боку Расіі, заявіў новы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, піша Reuters.
«На сённяшнім этапе няма ніякіх падстаў для абмеркавання гэтага пытання. Нашай галоўнай мэтай з'яўляецца спыненне агню і спыненне забойстваў. Менавіта гэтым мы цяпер і займаемся», — сказаў канцлер.
Кіраўнік нямецкага ўрада адзначыў, што будучыя перамовы па мірным урэгуляванні павінны прадугледжваць выразны фармат і патэнцыйныя гарантыі бяспекі для Украіны. «Наступным крокам павінна стаць дакладнае вызначэнне фармату мірных перамоваў, а таксама вызначэнне гарантый бяспекі, якія, магчыма, спатрэбяцца Украіне ў будучыні», — заявіў Мерц.
Агенцтва адзначае, што такім чынам пазіцыя Мерца ў дачыненні да міратворчых сіл пераклікаецца з пазіцыяй яго папярэдніка Олафа Шольца — той таксама аддаваў прыярытэт перамовам аб мірным пагадненні, а не абмеркаванню пытання прысутнасці войскаў на месцах.