Ужо сёння ў ЗША будуць галасаваць за ленд-ліз для Украіны
Калі закон аб ленд-лізе будзе прагаласаваны ў Палаце прадстаўнікоў, гэта дасць паўнамоцтвы Байдэну і значна паскорыць пастаўку Украіне ўзбраення з ЗША.
Галасаванне павінна прайсці ў 21 гадзіну 27 красавіка па мінскім часе, перадае УНІАН.
Ленд-ліз для Украіны — гэта працэдура, якая максімальна паскарае працэс паставак зброі, а таксама іншых тавараў, якія патрэбныя для перамогі ў вайне, уключаючы лекі, тэхніку, нафтапрадукты.
Працягнецца праграма да 1 кастрычніка 2022 года (гучыць і дата «да 2023 года», але маецца на ўвазе фінансавы, а не каляндарны прамежак часу).
Па гэтым дакуменце Штаты змогуць дасылаць Украіне ваенныя тавары ў доўг або ў лізінг (гэта значыць у арэнду на вельмі доўгі тэрмін). Выплачваць крэдыт прыйдзецца ўжо пасля афіцыйнага заканчэння ваенных дзеянняў.
Пры гэтым выкарыстаную тэхніку можна спісаць, а таксама не спаганяць аплату за знішчаную тэхніку. А нявыкарыстаныя, ацалелыя тавары / матэрыялы трэба альбо вярнуць, альбо іх аплаціць (але тады яны канчаткова застаюцца ва ўласнасці Украіны). Таму многія эксперты і называюць ленд-ліз «практычна бязвыплатнай дапамогай».
Ленд-ліз ад ЗША выкарыстоўваў Савецкі Саюз: у той раз такая праграма дапамагла атрымаць перамогу над фашысцкай Германіяй.
Штаты ажыццяўлялі пастаўкі саюзнікам у рамках такой праграмы з 1941 па 1945 год Другой сусветнай вайны. Усяго амерыканцы паставілі ўзбраення (у пераліку на цяперашнія цэны) прыкладна на 690 мільярдаў долараў.
Па сутнасці, Саюз не расплаціўся за ленд-ліз дагэтуль: апошні ўнёсак намечаны на 2030 год. Першапачаткова ЗША выставілі Саюзу кошт у 2,6 млрд долараў, але амаль праз трыццаць гадоў перамоў бакі дамовіліся на 722 млн. долараў.