Бчб-нявеста Іна Зайцава: «Быць тут з украінцамі вельмі пачэсна і годна»
Уся Беларусь у 2020 годзе запомніла Іну Зайцаву па шыкоўнай вясельнай сукенцы з чырвонай палоскай пасярэдзіне, у якой жанчына шпацыравала разам з сотнямі тысяч суайчыннікаў на пратэсных акцыях. У снежні таго ж года Іна з’ехала з Беларусі ў Кіеў праз палітычны пераслед яе сям’і, дзе працягнула актывісцкую дзейнасць. Больш за месяц таму ў дом Іны Зайцавай пагрукалася вайна. Баявому настрою беларускі можна пазайздросціць.
— Іна, раскажыце, як абстаноўка там, дзе вы зараз знаходзіцеся?
— Ужо амаль год мы жывем у сяле паміж Белай Царквой і Васільковым, у 60 кіламетрах ад Кіева. Зараз абстаноўка тут стабілізавалася. Выбухі чуем даволі рэдка. Па мерках ваеннага часу тут вельмі нават нядрэнна.
— У вас, у людзей вашага асяродзя было прадчуванне вайны?
— Так, мы ўсе вельмі добра разумелі, што гэта магчыма. За тыдзень да расійскага ўварвання я напісала пост з загалоўкам «А што, калі вайна?», таму што суседзі параілі закупіцца грэчкай. На мяне падпісана шмат расіян, таму перш за ўсё я звярталася да іх, заклікаючы не дазваляць прапагандзе задурыць іх галавы. Там было больш за 1000 расійскіх каментароў — усе прыблізна аднолькавыя, кшталту «каму патрэбна тая Украіна», «гэта звычайныя вучэнні», «вы самі сабе ўсё прыдумалі і разгойдвайце лодку». А калі праз тыдзень вайна прыйшла, гэтыя ж людзі паўтаралі новы матыў мясцовай прапаганды: «вы самі напрасіліся», «восем гадоў цярпелі і вось нарэшце»… Проста страшэнная прамытасць глузду. А ўкраінцы дакладна ведалі, што Пуцін клацае зубамі.
— У вас быў нейкі план на выпадак, калі вайна ўсё ж пачнецца?
— Быў план дзейнічаць па абстаноўцы. Я ўжо была бежанкай з роднай краіны і ведаю, што гэта такое — доўга жыць у небяспецы, а потым трапіць у бяспеку. Адразу пачынаецца дэпрэсія. Пасля пераезда ў Кіеў я не магла з яе выбрацца напрацягу года. Таму і сказала сабе, калі пачалася вайна, што з’еду адсюль толькі ў крайнім выпадку.
Вядома, сваякі б’юцца ў гістэрыцы, але мы запэўніваем іх, што ўсё нармальна. Пакуль не ачапілі Кіеў, мы нікуды не паедзем. У першыя 2-3 дні вайны падавалася немагчымым, каб украінская армія пратрымалася хоць бы 10 дзён. Але вайна ідзе больш за месяц, а ваенныя пазіцыі ўкраінскай арміі ўсё тыя ж. Я захапляюся ўкраінскімі вайскоўцамі!
Вельмі спачуваю ўсім, каму прыйшлося бегчы. Калі ўсе гэтыя людзі перасякуць мяжу, ім давядзецца сутыкнуцца з пачуццём беззубасці, безвыходнасці, з тым, што ты нічога не можаш зрабіць, ніяк не можаш дапамагчы. А я тут, я магу. І дзякуючы гэтаму выжываю псіхалагічна.
— Як бы вы апісалі свой сённяшні эмацыйны стан?
— Мая асноўная эмоцыя — вялікае гора. Гэта вельмі балюча — разумець, як аб асфальт геапалітыкі разбіваюцца жыцці і лёсы людзей. Ну і другая эмоцыя — злосць. Нянавісць і злосць — рэсурсныя эмоцыі, а калі паддацца гору, хочацца легчы, накрыцца коўдрай і больш не ўставаць.
Я ўвогуле зараз вельмі зайздрошчу мужчынам. Мой муж запісаўся ў тэрабарону, ён адчувае, што абараняе краіну. А я — жанчына, у мяне двое дзяцей, я за іх адказваю.
Калі адчуваеш гора, нянавісць, злосць, добра мець магчымасць выплюхнуць гэта на непасрэднага ворага. А мы — тыя, хто знаходзіцца ў бяспецы — можам толькі жэрці сябе. Яшчэ варыянт — вельмі актыўна ўдзельнічаць у валанцёрстве. У гэтым плане там, дзе я жыву, я зрабіла ўсё, што магла.
Таксама я вяду інфармацыйны блог у інстаграме. Але ўсё ж мне падаецца, што тое, што я раблю — вельмі мала. Такое адчуванне было і ў Мінску, гэта нейкі непрапрацаваны гештальт. Падчас беларускіх пратэстаў я хадзіла ў бел-чырвона-белай сукенцы і мне падавалася, што гэта вельмі мала. Так і зараз — я нешта раблю, але гэта так мала, а гора такое вялікае.
— А калі вы кажаце пра рэсурсную злосць, хто яе непасрэдны адрасат?
— Увогуле падчас вайны ўсё проста, ёсць чорнае і белае. Таму для мяне вораг — той, хто прыйшоў сюды са зброяй у руках, я шчыра жадаю такім тут памерці.
Таксама ў мяне ёсць вельмі дакладная пазіцыя наконт магчымага ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у гэтай вайне. Яны маюць інструкцыю ад дэмакратычных сіл Беларусі. Першы варыянт — дэзерцірства яшчэ ў Беларусі. І другі — на выпадак, калі іх усё ж запіхнулі ў машыну, прывезлі, выгрузілі ва Украіне — яны павінны як мінімум здацца, а ў ідэале — скіраваць зброю ў іншы бок, стаць плячом да пляча з украінцамі, змагацца за справядлівасць і свабоду разам. Гэта вайна не толькі за ўкраінскую свабоду. Гэта вайна за свабоду ад пуцінскага рэжыму для ўсіх краін, якія ім прыгнечаныя. Беларусь прыгнечаная ім у адкрытую. Наша краіна акупаваная без ніводнага стрэлу.
Я вельмі ганаруся тым, што ў нас ёсць батальён Каліноўскага. Вельмі ўдзячная ўсім беларусам, якія выйшлі, негледзячы на жорсткую рэпрэсіўную машыну. Яны выйшлі за ўсіх нас. Зараз некалькі пакаленняў беларусаў знаходзяцца пад вялізнай рэпутацыйнай рызыкай. Таму дзякуй вялікі тым, хто выйшаў! Усе беларусы павінны быць удзячнымі гэтым людзям.
— А вы апошнім часам адчувалі да сябе нейкія асаблівыя адносіны як да беларускі з боку ўкраінцаў?
— Не. Тут усё вельмі проста, усе ведаюць, дзе вораг, ніхто не шукае ворагаў унутры. У мяне машына на беларускіх нумарах, ніколі не было пытанняў ні на дарогах, ні на КПП.
Я захапляюся ўкраінцамі і вельмі ўдзячная, што пражываю ўсё гэта менавіта разам з імі. На жаль, не ўпэўнена, што ў Беларусі, калі б там раптам здарылася падобнае гора, мы б адчулі падобную еднасць. Падчас пратэстаў у нашай краіне актывісты рызыкнулі ўсім, а забастоўка так і не адбылася, таму што большасць людзей вырашылі не рызыкаваць. Украінцы даўно дакладна ведаюць, што свабода даражэй за жыццё, таму быць тут з імі пачэсна і годна.
— Ваш муж хутка прыняў рашэнне пайсці ў тэрабарону?
— Гэта адразу было зразумела. Калі пачалася вайна, усё сяло сабралося на раду, адразу пачалі фарміраваць спісы жадаючых пайсці ў тэрабарону і ўсе мужчыны запісаліся. Тут не было такога пытання, проста ўсе пайшлі, гэта было вельмі натуральна.
— Хвалюецеся за мужа?
— Не, не хвалююся. Мая задача — хвалявацца за дзяцей.
— А як вы размаўляеце з дзецьмі на тэму вайны?
— Мы адразу вырашылі называць рэчы сваімі імёнамі і сказалі ім, што пачалася вайна. Далей чыталі шмат гісторый пра Другую сусветную, такім чынам тлумачылі, што адбываецца.
Учора мы гулялі з сынам і сустрэлі сям'ю, якая прыехала з Чарнігава — бацькоў і маленькую дачку. Яны расказалі, што ў Чарнігаве дачка была самай спакойнай, падчас сігналаў трывогі адразу канцэнтравалася, казала ўсім, што рабіць. Бацькі хваляваліся, а яна — не. Але калі сям’я прыехала ў бяспечнае месца, дзяўчынка пачала ўздрыгваць ад кожнага гука, нават калі кубак ставяць на стол. Таму дакладна ацаніць ступень траўматызма дзяцей будзе магчыма толькі пазней. Зараз падаецца, што ўсё даволі добра і вайна для маіх дзяцей — проста нагода для працяглых вакацый. Але нядаўна я спытала ў чатырохгадовага сына, ці падабаецца яму ва Украіне, ён адказаў: «Раней падабалася, а зараз жа вайна». То-бок нейкія працэсы ўнутры адбываюцца, будзем сачыць.
Другому сыну адзінаццаць. У яго пазіцыя геройская. Кажа, што калі вырасце, абавязкова пойдзе служыць ва ўкраінскую армію.
— Вы так арганічна глядзіцеся ў надзвычайных сітуацыях апошніх гадоў, ці вы памятаеце ваша жыццё да 2020 года?
— Памятаю, тое маё жыццё нікуды не знікла. Я ўсё той жа сталярны блогер. Толькі вось з’явілася шмат шкадаванняў. Столькі незробленага... Праз адказнасць за дзяцей я не магу зрабіць таго, чаго б вельмі жадала. Напрыклад, мне вельмі хочацца быць зараз у нашым беларускім батальёне, каб была ад мяне хоць бы нейкая карысць. А я не магу. Ад гэтага пакутую яшчэ больш, чым ад самой стрэсавай сітуацыі. Так развіваецца моцнае пачуццё вінаватасці. Вось я з’ехала з Беларусі і ўвесь год у дэпрэсіі шкадавала, што я ў бяспецы, а не ў турме, разумееце? Усе ж у турме, а я не. Я на волі, і гэтая воля не мілая мне, пакуль усе гэтыя цудоўныя людзі за кратамі. Мне было б нашмат спакайней, калі б я таксама сядзела ў камеры. Я ім шчыра зайздрошчу. І гэта не бахвальства, я была затрыманая і разумею, што гэта — сядзець у камеры. Але ўсе гэтыя фізічныя абмежаванні для мяне не істотныя. Я тут год жыву ў старым доме, які, калі мы яго набылі, быў не нашмат лепшым за калонію ці ІЧУ. Мы жылі сярод будоўлі, абадраных сценаў… Трэш.
За апошнія гады такія паняцці, як дух і воля, набылі для мяне новы сэнс, сталі вельмі істотнымі. Я ганаруся тым, што мне лёгка быць сабой і гаварыць тое, што думаю. Таксама ганаруся тым, што ў 2020 годзе я не разгубілася, у мяне не было паўзы на развагі, проста рабіла тое, што жадаю. У гэтым плане я задаволеная сабой. З іншага боку маю вельмі моцнае пачуццё вінаватасці за тое, што не зрабіла больш, не сяджу ў турме.
Пытанні, якія асабіста перада мной паставіў наш пратэст — гэта кропкі майго роста. Магчыма, адказы на гэтыя пытанні зробяць мяне лепшым, больш добрым чалавекам, магчыма, я здолею перадаць гэта дзецям. Усё не дарма.
— У вас ёсць прадчуванне наконт таго, як скончыцца вайна?
— Ёсць тое, чаго мне б хацелася, а ёсць рэальнасць. Калі я чытаю каменты расійцаў пад палітычнымі тэкстамі ва ўласным блогу (пры тым, што блог сталярны, не палітычны), у мяне валасы дыбам устаюць, настолькі прамытыя прапагандай людзі. Таму я не веру, што ў Расіі могуць адбыцца змены знізу. Мне падаецца, што нават калі яны будуць з голаду пухнуць і валіцца на вуліцах, яны абвінавацяць у гэтым Захад, толькі не Пуціна. Аптымальны варыянт зменаў — калі Пуціна скінуць свае ж. Другі варыянт — калі палавіна Украіны памрэ, але такім коштам украінцы пагоняць ворагаў назад, да Масквы. Варыянт гэты вельмі крывавы, і я не ведаю, як перажыць такое гора.
— Вы плануеце вярнуцца ў Беларусь, калі будзе такая магчымасць?
— Вядома. У Беларусі я жыла ў доме, у якім нарадзілася, для мяне гэта вельмі істотнае месца, родавае гняздо. Я з задавальненнем буду падарожнічаць па розных краінах свету, але жыць жадаю дома, у Беларусі, у сваім Сокале. Мне ўвесь наш Сокальскі актыў паабяцаў, што больш ніводны свой дзень народзінаў я не буду святкаваць у самоце. Звычайна да 9 студзеня ўжо ўсе насвяткаваліся і на маё свята ніхто не даходзіць. А зараз мяне запэўнілі, што 9 студзеня кожнага года ў мяне будзе поўны дом народа. Як жа я магу пасля гэтага дзесьці ў іншым месцы застацца?
Пры гэтым, Украіна мне вельмі падабаецца, яна заўсёды будзе аб’ектам маёй любові, я планую часта сюды прыязджаць. Ад майго дома пад Мінскам да майго дома пад Кіевам 500 кіламетраў. Сеў і паехаў. А адсюль яшчэ 400 кіламетраў — і мора. Таму я выдатна ўяўляю сваю будучыню пасля перамен. І ўяўляю яе вельмі сумнай без пераменаў.