«Я павінен быў вытрымаць, каб убачыць тых, хто мяне чакаў»

Мы сустракаемся з Дзімам Дзмітрыевым у скверы на Акрэсціна. Сюды ён прыехаў, каб забраць свае рэчы. Гэтак жа, як і сотні іншых вязняў, якіх выпусцілі апошнімі днямі.

dzmitryj_dzmitryeu_logo.jpg

Дзмітрый Дзмітрыеў быў затрыманы 9 жніўня на выбарчым участку.

Білі ўсіх

Вялікая чарга стаіць як да будынку ЦІП, так і да ІЧУ. Усё, што забіралі ў затрыманых, падпісвалі, замацоўвалі скрэпкам і скідалі ў пакеты. Тысячы тэлефонаў, гаманцоў, пашпартоў, асабістых рэчаў. Пры вызваленні нічога не аддавалі. Таму зараз людзі спрабуюць забраць хоць нешта. Дзіма запісаўся ў чаргу, і мы прыселі на лаву.

— Як ты? Моцна білі? — пасля ўсяго таго, што мы даведаліся пра затрыманні, нават няма сумневу, што білі. Пытанне толькі, наколькі моцна.

Мяне не. Але шмат каго моцна, вельмі моцна… Мне, можна сказаць, пашанцавала. Мяне затрымалі 9-га вечарам на выбарчым участку на Авангарднай. Мы толькі спрабавалі дабіцца ад старшыні камісіі пратаколу. Замест гэтага дачакаліся АМАПу, які наляцеў, пачаў біць дручкамі, хапаць і цягнуць у аўтобусы. Набілі людзьмі два аўтобусы (былі і жанчыны, і людзі сталага веку) і прывезлі на Акрэсціна. Ну а там: «Бегом! Морду вниз! Две опорные!» Мы выбягалі, атрымлівалі дручкамі па спіне, ягадзіцах. Нас ставілі да сцяны. Адзін хлопец ляжаў на зямлі. Ляжаў доўга. Пасля заварушыўся. Не ведаю, што з ім было пасля. Нас рассартыравалі. Жанчын адправілі ў ЦІП (цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў), мужчын у ІЧУ (Ізалятар часовага ўтрымання). Там прынялі… Але моцна не білі. Мяне і яшчэ 11 чалавек закінулі ў 4-месную камеру. Дзесьці ў 2–3 гадзіны ночы прывялі яшчэ 22 чалавекі. Іх бралі са “стэлы”. Пару чалавек — тых, хто сапраўды быў на акцыі, астатнія проста мінакі. Вось яны былі моцна пабітыя: рукі, ногі, спіны — усё было збітае. Самаму малодшаму, Пашу, за тыдзень да гэтага споўнілася 18 гадоў. Самаму старэйшаму было каля 60. Астатнім ад 20 да 45 гадоў.

— Іх таксама білі?

— … Білі ўсіх. Павел быў з такімі вачыма… Зусім пацан, яго ніколі ў жыцці ніхто пальцам не крануў. А тут такое… Мы яго адразу палажылі на шконку. Наогул, стараліся яго троху апякаць. Усю ноч стаяў грукат, воплі: “Морду вніз падла!”. Крыкі, стогны, удары дручкоў не перапыняліся. Гэта такі своеасаблівы гук. Часам за кожным ударам чуўся стогн, часам былі проста ўдары, чалавек ужо страціў прытомнасць, а яго ўсё яшчэ білі. За ноч прывезлі прыкладна 500 чалавек, можа болей.

Чэргі за рэчамі на Акрэсціна ля ІЧУ і ЦІП. 15 жніўня 2020 г.

Чэргі за рэчамі на Акрэсціна ля ІЧУ і ЦІП. 15 жніўня 2020 г.


Мы перапынямся на некалькі хвілін. Дзіма ўбачыў сукамерніка. Пайшоў паразмаўляць. На Акрэсціна ўсё ідуць і ідуць людзі. Дарослыя мужчыны і зусім маладзенькія хлопцы. У большасці ўсмешкі. Яны вітаюцца адзін з адным. Прыходзяць з каханымі, жонкамі, роднымі, сябрамі. А можа проста родныя не могуць іх адпусіць адных. Каб пасля не шукаць суткамі. Не пакутаваць ад невядомасці. Дасюль няма звестак пра больш за 80 чалавек. Іх спрабуюць адшукаць па фота, просяць тых, хто, магчыма, іх бачыў, рассказаць хоць нешта. Паламаныя рукі і ногі, адбітыя ныркі падаюцца драбязой на фоне такой трывожнай невядомасці. Не хочацца верыць у тое, што тыя восем дзясяткаў беларусаў дапоўняць спіс зніклых.

“Мы чулі падтрымку і разумелі, што ўсё не дарэмна”

Больш за ўсё білі на 2-м паверсе, — працягвае Дзіма. — Калі на іншых паверхах нехта спрабаваў папрасіць вады, сказаць пра свае правы ці яшчэ што, ім адказвалі: “Ты што, хочаш на другі паверх?” Ніхто не хацеў. Фільмы пра канцлагеры мне там падаваліся амаль казкай... Гук удару дручка аб цела, хруст зламанай косткі… Яны стараліся, каб у адной камеры былі тыя, каго затрымлівалі ў адзін дзень. Каб мы не ведалі, што адбываецца.

— А вы чулі гукі клаксонаў, чулі, як вас падтрымліваюць?

Чулі — і гэта з аднаго боку дадавала сілаў, мы разумелі, што ўсё не дарэмна. А з другога — мы вельмі баяліся за тых, хто знаходзіўся па-за сценамі… — на вачах 46-гадовага мужчыны з’яўляюцца слёзы. — Ведаеш, усё можна перажыць, усё вытрымаць для таго, каб пабачыць тых, хто цябе чакае за гэтымі сценамі. Я кожны вечар у думках размаўляў са сваёй жонкай Кацяй. Узгадваў нашу сабаку і катоў. Бацькоў. Я вельмі баяўся, каб з імі што-небудзь не здарылася пад сценамі ІЧУ.

Дзіма не можа стрымаць слязу, калі кажа пра блізкіх ці калі ўзгадвае салідарнасць з затрыманымі і іх сем’ямі.

А хваля падтрымкі сапраўды ўражвае. Беларусы збіраюць грошы рэпрэсаваным і іх сем'ям. Нясуць на Акрэсціна ваду, ежу, рэчы, медыкаменты. Прапануюць бясплатна паслугі адвакатаў ці давезці дадому. Неверагодная салідарнасць зрабіла нас нацыяй, амаль адной сям'ёй. На маёй памяці салідарызавацца наша грамадства пачало якраз падчас масавых рэпрэсій. На Плошчу Каліноўскага людзі прыносілі цёплыя рэчы, гарачую ежу, лекі. У 2010-м стаматолагі прапанавалі бясплатна ўставіць зубы, таксісты давалі асабістыя нумары і вазілі бясплатна, а людзі прывозілі рэчы, прадукты, грошы. Пасля былі Курапаты 2017-га. І новы ўзровень салідарнасці. З кожным разам народ беларускі станавіўся бліжэй да стварэння грамадзянскай супольнасці. І вось гэтымі днямі мы можам назіраць, як беларусы аб'ядналіся супраць гвалту і хлусні. Я чакала гэтага з траўня 1995 года. Верыла, што прыйдзе той дзень, калі буду ганарыцца, што жыву побач з такімі прыгожымі, чулымі, годнымі людзьмі. Што жыву ў Беларусі. Магчыма, таму і не з'ехала дасюль.

Хлопцы, дзяўчаты, бярыце катлеты з пюрэ. Гарачыя. Ешце, — сталая жанчына спрабуе накарміць групу маладых людзей, якія стаяць у чарзе за рэчамі. Прываблівы водар хатніх катлет заманліва запрашае.

Дзякуй, мы ж ужо не галодныя, — кажуць хлопцы. А дзяўчына ўсё ж спакушаецца. — Са мной у камеры, — расказвае яна, — была грамадзянка Расіі — Стогава Алеся. Яна адразу сказала, што яна расіянка. Але гэта іх яшчэ больш раз’юшыла. Алесю моцна збілі. А нас асабліва не чапалі. Проста ў камеры нас было 50 чалавек і было вельмі душна. Мы прасілі адчыніць кармушку, каб хоць неяк можна было дыхаць.

Грамадзянін Укріаны Павел Чарняўскі проста ішоў на працу.

Грамадзянін Укріаны Павел Чарняўскі проста ішоў на працу.

Мы ўжо ведаем, што пацярпелі таксама грамадзяне Польшчы. Зламалі нос і грамадзяніну Украіны Паўлу Чарняўскаму. 10 жніўня ён шоў на працу ў раёне гатэлю Беларусь. Яго спынілі, абшукалі заплечнік, адпусцілі. Ён ужо пайшоў далей, калі падбеглі новыя, запыталіся, адкуль ён. Даведаліся, што з Дняпра, ударылі, скруцілі і закінулі ў аўтазак. Там зноў білі. Як білі і на Акрэсціна.

— Калі хочаце, распавядзіце свае гісторыі, — кажу хлопцам і пакідаю свой нумар тэлефона.

Ай, што нам расказваць. Мы ж цэлыя, жывыя. Так, троху збітыя. Але не як іншыя. У нас быў хлопец малады Лаўрэнюк Мікіта, дык яму моцна дасталася.

Іх не зламалі. Завулак Акрэсціна. 15 жніўня 2020 г.

Іх не зламалі. Завулак Акрэсціна. 15 жніўня 2020 г.


Больш даставалася маладым

Наогул, білі больш маладых. Тых, у каго была якая сімволіка ці доўгія валасы, завушніца. Тых, хто спрабаваў нешта патрабаваць ці не падпарадкоўваўся.

Я думаю, што яны хацелі зрабіць своеасаблівую “антымайданаўскую” прышчэпку, — кажа Дзмітрый. — Яны думалі, што закашмараць іх, тыя парасказваюць сябрам і ўсе пабаяцца выходзіць на пратэсты. Прычым білі таксама маладыя. Хоць яны і былі ўсе ў масках, але было бачна, што яны маладыя. А побач стаялі афіцэры і назіралі за ўсім. Яны іх натасквалі, так бы мовіць вучылі… магчыма, яны былі пад уздзеяннем нейкіх прэпаратў. Не ведаю. У іх былі такія вочы…

Дзмітрый Дзмітрыеў — былы міліцыянт. Ён 17 гадоў адпрацаваў у Савецкім РАУС. Заставалася тры гады да пенсіі, сышоў. Ён кажа — таму, што больш не мог трываць, што ўжо тады (а звольніўся ён у 2012 годзе) пачынаўся зашквар.

— Хаця, канечне, такога, што я ўбачыў зараз, не было. Ніколі не было. Гэта гестапа. У ноч на 12-га нам кінулі байкера. Яго з сябрам затрымалі недзе ў Смілавічах. Проста сцягнулі з матацыклаў. Білі і крычалі: "Дзе напалм, дзе выбухоўка?”. Сябра звезлі на хуткай. Быў у нас і дзед, якому пераламалі ўсе пальцы. Ён не мог сам ні ўстаць, ні хадзіць, нічога рабіць. Быў хлопец, якога прыцягнулі проста ў майтках… З кожным днём затрыманых білі мацней. Таму мне пашанцавала, што затрымалі 9-га і на выбарчым участку.

Пра тое, што затрыманых 10-га і 11 жніўня білі і катавалі мацней, расказваюць усе. Аляксандр мае вопыт: ён адбыў тры тэрміны. 10-га яго схапілі на Пушкінскай. Ён пайшоў у суседнюю краму за півам. Схапілі якраз, як выходзіў. Ударылі, скруцілі. “Калі прывезлі на Акрэсціна, усіх паставілі на калені. Я сеў на кукішкі. Мяне пачалі біць па спіне, па пятках. Я тры тэрміны адсядзеў, але такога бязмежжа ніколі не бачыў. Гэта нават горш, чым гестапа. Медык, што там быў, у ІЧУ, таксама здзекваўся. Я прасіў, каб мне аказалі дапамогу. Ён сказаў: “Не здохнеш”.  

Мне здаецца, што яны адмыслова правакавалі людзей. Каб нарэшце ўжыць зброю, — працягвае расповед Дзмітрый. — Вечарам аўторка нам сказалі, што павядуць на шпацыр. Мы ўзрадаваліся. Нас вывелі каля 100 чалавек. У суседні дворык таксама. Прайшла гадзіна, пытаемся, калі павядуць назад. Аказалася, што не павядуць. Так мы прастаялі да абеду наступнага дня. За гэты час нам далі дзве бутэлькі вады па паўтара літры. Пісалі, прабачце, за падрабязнасці, мы таксама ў бутэлькі. Ноч была халоднай. Сярод нас былі тыя, хто быў вельмі лёгка апрануты. Быў хлопец у адных майтках. Мы стаялі кругам, абняўшыся, у цэнтры самыя слабыя. 18-гадовы Паша. У каго былі байкі, аддавалі тым, каму гэта больш патрэбна. У нейкі момант у некаторых мужыкоў пачалі здаваць нервы. Яны збіраліся выбіць дзверы. Гэтыя зверху назіралі і нават падбухторвалі. Агрэсія літаральна вісела ў паветры. Я казаў хлопцам: "Што вы будзеце рабіць у суседняй камеры? Там жа не воля”. Бо канвойныя толькі і чакалі, каб пачаўся бунт. Было вельмі важна трымаць галаву халоднай і не станавіцца такімі, як яны. Мы стараліся.

“У памочніцы суддзі трэсліся рукі”

Пасля трох сутак затрымання пачаліся суды. Па словах Дзмітрыя, суддзяў было 5-6. Аднолькавыя пратаколы на ўсіх. А вось прысуды розныя.

Я атрымаў 13 сутак. Быў хлопец, інвалід 3-й групы, ён хадайнічаў пра штраф. Яго адпусцілі. Хлопец, які папрасіў адваката — 15 сутак. А той, у каго быў свой адвакат, — 25 сутак. Большасць тэрмінаў была па 10–15 сутак. Зрэдку 5–7. Суддзя сядзеў не падымаючы галавы, не думаю, што ад сораму. Проста, каб мы яго не бачылі. А ў дзяўчыны, памочніцы суддзі, трэсліся рукі, яна была ў такім стане ад усяго пабачанага, дзяўчыну было шкада, — расказвае Дзмітрый.

Пасля гэтых так званых судоў шмат хто нарэшце даведаўся, дзе іх родныя і сябры, бо былі апублікаваныя спісы. Але, яшчэ раз нагадаю, дасюль не вядомы лёс некалькіх дзясяткаў чалавек. І гэта страшна.

Асудзілі і пачалі размяркоўваць. Дзмітрыя і яшчэ каля 400 чалавек спачатку збіраліся везці, як ён думаў, у Жодзіна. Але пасля прывезлі ў Слуцк. Перавозілі спецыяльныя канвойныя. Быў, кажа Дзмітрый і “Алмаз”. Але ён не ўпэўнены. Бо немагчыма было нічога разгледзець. Найменшы паварот галавы — удар.

“Господа, я попрошу не разговаривать”

У параўнанні з папярэднімі днямі, канвой да Слуцка выглядаў як паездка першым класам.

Нас загрузілі ў той колькасці, якая і прадугледжана. Не запіхвалі як селядцоў, — працягвае Дзмітрый. — Не білі. А калі канвойны сказаў: «Господа, я попрошу не разговаривать», мы наогул аслупянелі. І нават перасталі размаўляць. Ехалі мы доўга, два разы прыпыняліся. Па дарозе чулі, як сігналяць машыны, — гэта нас вельмі падтрымлівала. У выніку прыехалі, як аказалася, у Слуцк. Нам сказалі, што мы прыбылі ў ІЧУ Слуцкага РАУС на тэрыторыі вайсковай часткі. Аформілі дакументы і пачалі медагляд. Трэба было бачыць вочы тых, хто нас прымаў. Яны, канечне, не чакалі такое ўбачыць. Медык старалася ўсім дапамагчы, чым магла. Мяне размясцілі ў памяшканні, дзе было 90 двухярусных ложкаў. Далі чыстую выпрасаваную пасцельную бялізну. Адчынілі вокны. Мы прынялі гарачы душ з мылам. Нарэшце змаглі памыць шкарпэткі і бялізну ды яшчэ і развесіць яе на вуліцы. Нам прынеслі кніжкі, і можна было выходзіць на двор папаліць. З намі быў хлопец без адзежы, дык яму прынеслі нешта, каб апрануцца.

— Як думаеш, з чаго такая літасць?

Магчыма, ад убачанага… Калі яны ўбачылі нашы збітыя целы. Убачылі, якія мы змардаваныя, знясіленыя. Не ведаю… У гэты ж вечар нас пакармілі. А на наступны дзень пасля паўнавартаснага абеду, нам нават прынеслі тэлевізар. І мы нарэшце ўбачылі, што адбываецца ў краіне. Хаця і глядзелі БТ. Таму я вельмі ўдзячны тым людзям, якія сустрэлі нас у ІЧУ Слуцка. Я не ведаю, хто яны і да якога ведамства адносяцца. Але яны былі ЛЮДЗЬМІ.

У пятніцу, 14 жніўня, Дзмітрыя, як і некалькі сотняў вязняў са Слуцка, выпусцілі. За варотамі іх чакалі сотні людзей, якія прапаноўвалі ваду, ежу, адвезці дахаты.

Калі я гэта ўсё ўбачыў, я заплакаў. — Дзякуй вам усім! Дзякуй, ЛЮДЗІ. Усё гэта не дарэмна.