Сіла вярбы вядомай камбатанткі
25 лютага 2022 года ў самым пачатку новай вайны Расіі супраць Украіны ў баях за Кіеў загінула Ірына Цьвіла — вядомая камбатантка, фотамастачка, ваенная фотахранікёрка, аўтарка ваенных занатовак, якая з 2014 года сведчыла свету аб тым, што ў вайны жаночае аблічча.

Настаўніца па адукацыі, Ірына стала грамадскай актывісткай, журналісткай і фотамастачкай падчас Рэвалюцыі Годнасці. На Еўрамайдане зразумела, што мірна жыць Украіне Расія не дазволіць, а таму вырашыла абараняць краіну не проста ўдзелам у акцыях ці настаўніцтвам, а са зброяй у руках.
Улетку 2014 года яна стала добраахвотніцай з ваенным пасведчаннем у батальёне “Січ” (Сеч) — цяпер гэта полк спецпрызначэння “Київ”.
Яшчэ падчас Майдану, потым АТА (антытэрарыстычнай аперацыі) на Усходзе Украіны яна пачала фіксаваць рэвалюцыю і вайну на камеру.

У 2017 годзе адбылася персанальная выстава фотамастачкі — «Від Майдану до АТО».
Але перадусім яна была камбатанткай і не любіла, калі яе называлі ваеннай журналісткай ці проста фотамастачкай, хоць жанчынаў часта прымацоўвалі да прэсслужбы, каб выхаваць ім жыцці. Ірына стамілася ад аберагання і настаяла на баявых заданнях. Яна прайшла крывавыя абстрэлы пад Славянскам, баі ў Пясках (Данеччына).
З маладосці палюбіла кветкі, займалася ружамі, у якіх хавалася ў цяжкія моманты. А яшчэ на вайне яе здзівіла і зачаравала сіла вярбы: абстраляная, знявечаная, падаецца, вынішчаная, яна насупор усяму аднаўлялася і квітнела. Сіла вярбы давала сілу і ёй на вайне. У гэтым дрэве Ірына пабачыла мацату Украіны, якая аднаўляецца насуперак агрэсіі.
У ветэранскім жыцці Ірына доўга шукала сябе, не магла адаптавацца да цывільнага жыцця. Дзякуючы праекту “Посестри” прайшла трэнінг і вырашыла скіраваць энергію на стварэнне прыгожага — так, паўстаў праект VERBA . Ірына стварала біжутэрыю на аснове кветак не толькі вярбы, але і іншых раслінаў.

Калі-нікалі яна дзялілася сваімі ваеннымі ўспамінкамі: падчас рэдкіх публічных выступаў ці ў друку. Так, у 2017 годзе апублікавала свае занатоўкі пра вайну ў калектыўнай кнізе «Голос війни: історії ветеранів» (Голас вайны: гісторыі ветэранаў). Таксама сталася гераіняй кнігі «Дівчата зрізають коси» (Дзяўчаты зразаюць косы), якая атрымала Шаўчэнкаўскую прэмію.
На ўварванне Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года Ірына зрэагавала імгненна — яна вярнулася на вайну. 25 лютага ў баях за Кіеў загінула разам з спадарожнікам жыцця Дзмітром. Сіротамі засталіся іх пяцёра дзяцей.
Мажліва, запаветам Ірыны можа стаць ейнае ж выказванне ў адным з інтэрв’ю: “Можа, я разрыдаюся, калі надыдзе перамога, а пакуль няма часу кіснуць”. Слава Украіне!