А за што іх любіць?

Уладнікі ўсіх катэгорыяў часта крыўдзяцца, што народ іх, мякка кажучы, не вельмі любіць. І лаецца на іх адрас, і кляне час ад часу, і нават у фэйс можа з’ездзіць, калі не зусім цвярозы. Але ж за што іх, уладнікаў, любіць?

Напрыклад, як могуць любіць уладу і яе памагатых у выглядзе міліцыянтаў аматары футбола (ды іншых відаў спорту), калі так званыя праваахоўнікі ставяцца да іх проста як да быдла? Вось апошні прыклад. Заўзятараў брэсцкага “Даныма”, якія прыехалі ў беларускую сталіцу на гульню сваёй улюбёнай каманды з супернікамі з клуба “Мінск”, 29 сакавіка на трыбуну стадыёна прапускалі праз… “аўтазак” (???!!!). Апроч таго, многія з прыехаўшых не змаглі трапіць на трыбуны, бо, маўляў, там месцаў не хапіла, паведамляе сайт belultras.by. Пасля гульні за Суперкубак Беларусі, якая прайшла 15 сакавіка паміж камандамі “Мінск” і БАТЭ, кіраўніцтва першага выступіла з рэзкай заявай наконт грубых дзеянняў міліцыі ў дачыненні да гледачоў, у тым ліку і дзяцей. Міліцыя — гэта ўвасабленне ўлады, дык пасля такіх паводзінаў “праваахоўнікаў” як можна ставіцца да ўлады?

“Сацыяльная дзяржава”. Пра гэта беларусам за апошнія дзесяцігоддзі праелі мазгі адэпты Чырвонага дому (а цяпер Палаца Незалежнасці) у асобе афіцыйных сродкаў масавай (дэз)інфармацыі. Ды і самі чыноўнікі розных калібраў ледзьве не штодня спрабуюць упэўніць у гэтым “тутэйшых” абывацеляў. Але тое, што бачаць вочы простага чалавека, неяк не адпавядае мантрам афіцыёзу пра сацыяльнасць Беларусі. Кошты растуць бы на дражджах.

Так, ад 1 красавіка павялічваецца базавая велічыня з 130 да 150 тысяч тубыльскіх рублёў. А гэта азначае і павелічэнне штрафаў, і іншых выдаткаў, якія ідуць на карысць дзяржавы, але не на карысць асобнага яе грамадзяніна. Ад 1 красавіка даражэе праезд у грамадскім транспарце (у Мінску з 3000 да 3700 рублёў за адну паездку) ды на чыгунцы. Ужо значна скокнулі кошты на мяса і малако, на іншыя прадукты без адпаведных індэксацыяў насельніцтву ў выглядзе павелічэння заробкаў ды пенсіяў. Хоць улада і плануе павялічыць тарыфную стаўку 1-га разразу ажно на 2 тысячы рублёў. Калі ўладнікі трмалі ў руках гэтыя дзве тысячы і калі яны спрабавалі за гэта нешта купіць? Пытанне без адказу, бо адказу і быць не можа. Дык за што і ў дадзеным выпадку людзям любіць уладнікаў?

А тое, што ў нас завецца выбарамі? Смех у зале. У канкрэтным — у зале пасяджэнняў ЦВК, калі тая падводзіла канчатковыя вынікі “выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў”. Як пісала адна з буйных газет, на пасяджэнні ЦВК яго ўдзельнікі жартавалі, смяяліся ды выглядалі вельмі шчаслівымі. А Ярмошына з Лазавіком ледзьве не ўладкі пляскалі пасля бравурных рапартаў мясцовых “выбаркамаў”. У нас, аказваецца, такі свядомы і актыўны электарат, што яўка на гэтыя “дурыбары”, як кольвеч ахрэсцілі падобныя кампаніі актывісты праўладнага БРСМ, склала больш за 77 адсоткаў.

Намалявалі лічбы і не пачырванелі, трымаючы народ за калектыўнага ёлупня. А гэты ж “ёлупень” усё бачыць і разумее, што ўлада чарговым разам паднесла яму пад нос дуліны ў выглядзе прызнчаных “дэпутатаў”. А вось сама ЦВК зараз будзе займацца дзяленнем “зэканомленых” на арганізацыі вырабаў мільярдаў рублёў (эквівалент 1,7 мільёна долараў) паміж тымі, хто маляваў іх вынікі,  выглядзе прэміяў.   

Дык за што ж любіць тутэйшую ўладу? Правільна. Так што няхай не крыўдзіцца. Але з жалем трэба адзначыць, што гэты хворы — невылечны. Справа толькі ў часе напісання кандаленцыі (некралогу).