Ці чуў хтосьці штосьці пра выбары?
Так, чулі. Але хто? Журналісты, якія займаюцца грамадска-палітычнай тэматыкай. Праваабаронцы, якія сочаць за адпраўленнем працэдур, звязаных з электаральнай кампаніяй. Чальчы выбарчых камісіяў усіх узроўняў, бо яны маюць пэўныя абавязкі і выгоды ад гэтага “свята дэмакратыі”. На гэтым спіс можна зачыніць.
Не, бадай, яшчэ не. Бо ёсць і кагал тых, хто вырабляе стэнды, якія з’явіліся, прынамсі, у гарадах ды пасёлках, ды тыя, хто працуе ў друкарнях, якія на мове суседняй дзяржавы друкуюць абвесткі пра тое, што, да прыкладу, у сталіцы “23 марта состоятся выборы депутатов Минского городского совета депутатов”. А таксама яшчэ не да ночы памянёныя Ярмошына з Лазавіком, як жа ж тут без іх.
Ва ўсім свеце, прынамсі, цывілізаваным, камунальныя (мясцовыя) выбары ёсць вельмі важнай падзеяй. Менавіта першасныя структуры самакіравання вырашаюць надзённыя праблемы простых грамадзянаў. Так ёсць у Германіі, Швецыі, Швейцарыі, іншых развітых краінах. Там цікавасць да мясцовых выбараў часам большая, чымся цікавасць да выбараў парламентаў і нават кіраўнікоў дзяржаваў. Маўляў, прэзідэнт не прыедзе і мост ці дарогу не адрамантуе.
Гэта толькі ў візантыйскай Расійскай Федэрацыі можа прыехаць “збаўца” Пуцін і аднавіць працу завода, падарыць кватэру, пагладзіць па галоўцы хворага ды ашчаслівіць лякарню апаратам ультрагукавога даследвання.
Ці недавізантыйскі беларускі правадыр можа з’явіцца ў якой-небудзь Падкабыльшчыне Недасвяцкага раёна і ўчыніць разборку наконт няспраўджаных надзеяў па мадэрнізацыі заняпаднага прадпрыемства, прадпісаўшы пасля загнаць у прыгон небаракаў-ёлупняў, якія не паспелі своечасова пазбегнуць палону на патэнцыйных будучых промнях айчыннай вытворчасці.
Вартасць мясцовых органаў улады ў цяперашняй Беларусі падпадае пад сумнеў. Аб’ектыўна яны нічога не вырашаюць. Прадстаўнікі дзяржаўных структураў адбываюць у гэтых саветах павіннасць звычайных статыстаў дзеля надання нейкім рашэнням выканаўчае вертыкалі прыкметы законнасці шляхам “легіслатыўнага ўхвалення”.
Апазіцыя туды таксама асабліва не лезе. Хоць і раздаюцца з яе боку рэляцыі наконт таго, што трэба працаваць з народам. Вось толькі наколькі шчырыя такія рэляцыі?
Электарат ужо шмат гадоў пляваць хацеў з Айфэлевай вежы на гэтыя так званыя выбары. Тое самае, відаць, робіць і “актыўная” частка грамадства. “Каб я не займаўся гэтай справай, я б і не заўважыў, што ў Беларусі адбываецца нейкая выбарчая кампанія”, — сумна зазначыў надоечы намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які каардынуе назіранне за мясцовымі выбарамі разам са старшынёй Беларускага Хельсінскага камітэта Алегам Гулакам у межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Калі ўжо заангажаваны чалавек гэтага не заўважае, то што казаць іншым? Улады так рэдуцыравалі вартасць мясцовых выбараў, што, па вялікім рахунку, іх можна было б увогуле адмяняць. На халеру разбазарваць велізарныя грошы з бюджэту? Каб даць чарговыя прэміяльныя Ярмошынай і многім тысячам яе падначаленых (няхай і часова)? Я асабіста супраць. Хоць у гэтай краіне бюджэтныя сродкі і ў іншыя дні рэдка знаходзяць вартага прымянення.