Гістарычна-тэрыятарыяльныя недарэчнасці і вайна

Вайна — гэта заўжды вельмі страшна. Ва ўсе часы, незалежна ад таго, хто вайну пачынае, хто яе правакуе. Але вайна — гэта вайна, яна абавязкова звязаная з ахвярамі, пераважна тымі, хто да вайны не меў і не мог мець аніякага спрычынення. Прынамсі, мне, як шараговаму грамадзяніну, так падаецца. Але войны бываюць розныя. І ўсё роўна яны страшныя.



hqdefault.jpg

Ужо некалькі сутак расійскія тэлеканалы, якія багата транслююцца на тэрыторыі Беларусі, шмат увагі надаюць падзеям, якія пачаліся 08.08.08. Менавіта пяць дзён пяць год таму, у 2008 годзе, адбывалася сапраўдная вайна, міждзяржаўная, на тэрыторыі так званай «Садружнасці Незалежных Дзяржаваў», — вайна, як падаюць тыя ж расійскія медыя, паміж Грузіяй і Паўднёвай Асеціяй. А сама Расія, з падачы тых жа расійскіх СМІ, удзельнічала ў тых падзеях у якасці «міратворцы», менавіта Масква «паспяхова» правяла аперацыю па «прымусе Грузіі да міру».

Само гэтае паняцце, сфармуляванае тагачасным новаабраным-новапрызначаным прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, ёсць недарэчнасцю. Як можна кагосьці прымушаць да міру, прычым з лязгатам зброі, з забойствамі, з фактычнай інтэрвенцыяй на тэрыторыю краіны, якая з’яўляецца дэ-юрэ тваім саюзнікам па СНД?

Апраўдання няма

Няма апраўдання ні маскоўскаму рэжыму, ні марыянеткам з Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, якая з плясканнем у ладкі падтрымала тыя жнівеньскія падзеі 2008 года і праз паўднёвых асецінаў дамаглася «незалежнасці», якую, як і незалежнасць Паўднёвай Асеціі прызналі, апроч Масквы, Венесуэла, Нікарагуа ды яшчэ хтосьці, чые назвы нават прыгадаць так, спанталыку, немагчыма. Нават Беларусь, начальнік якой заяўляў праз колькі дзён пасля тых падзеяў, што Масква зрабіла ўсё ціха, спакойна і інтэлігентна, адмовіўся прызнаваць незалежнасць, як называюць іх палітолагі, «мяцежных рэспублікаў». Відаць, драздоўскі правадыр спраецыраваў на сябе, што можа зрабіць Расія з тым, хто адмаўляецца рухацца ў вызначаным ёй рэчышчы. І не трэба забывацца на нейкае дзіўнае сяброўства, якое ніхто не аспрэчвае,  паміж Саакашвілі і Лукашэнкам. Сапраўды, дзіўная гэтая рэч — плюралізм, асабліва калі ён у адной галаве. А яшчэ калі ў двух правадыроў-сяброў адначасова…   

Аднак вернемся да нашых бараноў. Расійскія СМІ (афіцыйныя) выстаўляюць жнівеньскія падзеі 2008 года так, быццам пацярпелі толькі асеціны і самі расейцы, якія «мужна і самаахвярна» кінуліся бараніць «малы народ» ад агрэсіі з боку Тбілісі. А тое, што ахвяры былі з абодвух (ці з трох) бакоў, — ані слова. Ані слова з грузінскага боку на расійскіх каналах практычна не прагучала. А якія маглі быць гэтыя словы? Словы падзякі? Нават ворагі Саакашвілі не вітаюць таго, што адбылося ў жніўні 2008-га, яны не ўхваляюць «Мішыко», але і не пяюць дыферамбаў Маскве. Нават пасля фактычнай змены ўлады ў Тбілісі.  

Імперыі не маюць перспектываў

Хто справакаваў той канфлікт, чаму гэта адбылося, яшчэ давядзецца вывучаць спецыялістам. Але ўжо адно ясна — сучасная палітыка Масквы, якая губляе нават тыя мізэрныя пазіцыі ў свеце, якія яна яшчэ імкнецца адстаяць, не ёсць гарантам «міру і росквіту» нават для тых, хто яшчэ ў гэта верыць, ці робіць выгляд, што верыць. Крэмль, пакуль што не выкарыстоўваючы наўпрост зброю, рукамі і вуснамі сваіх прыкарытнікаў абвяшчае цукровыя, нафтавыя, газавыя, малочныя, цукеркавыя, баржомныя, вінныя ды іншыя войны тым, хто хоць неяк спрабуе паказаць, што на «Першапрастольнай» свет клінам не сышоўся.

Імперыя не мае сродкаў для лекавання, калі яна існуе хоць на ўзроўні мазгавых клетак асобных яе апалагетаў. Гэта даказваў і даказвае  досвед усяго чалавецтва за час ягонага існавання. Трэці Рым, ці нейкі там чацвёрты, як і Чацвёрты Рэйх,  ва ўмовах ХХІ стагоддзя немагчымы. Прынамсі, вельмі хацелася б у гэтае верыць. Але памкненне будаваць сваю гісторыю толькі на мілітарызме ці на з’явах і ўчынках, якія сутнасна мала ад яго адрозніваюцца, — гэта шлях у нябыт. На вялікі жаль, ні Масква, ні яе малаколькасныя сатэліты, да якіх належыць драздоўскае княства, гэтага не разумеюць. Ці не хочуць зразумець. Што ж, гэта іх праблема. Але, аднак, і праблема ўсіх тых, хто жыве на тэрыторыях гэтых гістарычных недарэчнасцяў. Спачуванні ўсім нам.