Я помню

Я помню тую чарнобыльскую вясну 1986 года. Нам ніхто не казаў, што ўноч на 26 красавіка здарылася самая страшэнная тэхнагенная кітастрофа за ўсю гісторыю чалавецтва. Ніхто нас, малых, падлеткаў і дарослых, не перасцярог, нас гналі на першамайскія дэманстарцыі. А радыяцыйная навала ўжо рабіла сваю чорную справу.  

Я помню, як нас, чатырнаццаці-шаснаццацілетніх старшакласнікаў у тыя спякотныя дні красавіка-86 ганялі на рэпетыцыі той дэманстрацыі, і мы гадзінамі мусілі стаяць ля стадыёна “Дынама” пад бязлітасным сонцам, бо вясна таго году была спёкная, а ў тыя дні практычна не было дажджоў, якія б хоць крыху маглі асадзіць радыёнукліды. Мы, падлеткі, яшчэ дзівіліся, што ў роце адчуваецца нейкі кіславаты прысмак, прысмак металу, а ў кагосьці чагосьці пачынала балець галава. Спісвалі мы гэта на санцапёк, пад якім марынаваліся гадзінамі. І не адзін дзень. А потым 1 мая, ганарлівыя, з усмешкамі, шыбавалі мы дружнымі калонамі міма кіраўнікоў “розуму, гонару і годнасці нашай эпохі”, якія важна, баццам паўжывыя статуі, узвышаліся на трыбуне на Плошчы Леніна.

Я помню, як задуменна адрэагавалі бацькі на пазнейшыя словы генсека і галоўнага перабудоўшчыка на тое, што ў Чарнобылі адбылася аварыя. Але нічога асабліва страшнага, маўляў, там не надарылася, так, няшчасны выпадак, тэхнічнае здарэнне. Хоць замежныя “галасы” ужо білі ў набат, а ў суседніх з Беларуссю краінах улады праводзілі ёдавую прафілактыку сярод насельніцтва. Паўсюль, толькі не ў нас.

Я помню свае першыя паездкі ў чарнобыльскую зону, калі яшчэ студэнтам прыйшоў працаваць у Беларусі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля” на чале з дэпутатам ад апазіцыі Вярхоўнага Савету 12-склікання Генадзем Грушавым. Я помню тую сучасную цагляную, у  некалькі паверхаў, школу ў адной з буйных вёсак непадалёк ад Добруша (Гомельская вобласць), якую пабудавалі ўжо пасля чарнобыльскай катастрофы, але толькі праз некалькі гадоў высветлілі, што яна, як і ўся вёска, стаіць на страшэннай радыяцыйнай пляме, і ўсю тую вёску і, натуральна, школу эвакуявалі ў лічаныя гадзіны. Я помню тыя цацкі, раскіданыя ў той школе, разбітыя глобусы, парваныя геаграфічныя мапы, дзіцячыя сшыткі, падручнікі, якія проста валяліся на падлозе. І выведзеныя рукамі малалетак і старшакласнікаў надпісы на школьных дошках: “Бывай, любая школа, мы пакідаем цябе, але ніколі не забудзем”, “Даруй, родная школа, мы не хочам адсюль з’язджаць і пакідаць цябе, але мусім”. І яшчэ дзясяткі падобных надпісаў. А вакол — мёртвая вёска, з вялікімі могілкамі, з царквою. Лета, а ніводнае птушкі вакол. Цішыня, ад якой разрываецца мозг.

Я помню тыя вёскі, напрыклад, у Брагінскім ці Нараўлянскім раёне, якія былі выселеныя, але куды потым вярнуліся іх жыхары. Яны не спытвалі дазволу ў дзяржавы. Яны вярталіся на сваю радзіму, бо не знайшлі супакою ў гарадах, куды іх перасялілі. Там для іх не былі створаны ўмовы, там для іх не было жыцця, дая кога яны прызвычаіліся. Многія перасяленцы скончылі жыццё самагубствам нават у Мінску. А многія вырашылі вярнуцца ў свае родня мясціны і да скону жыць там, дзе іх душа, дзе засталіся іх продкі. І жывуць там да сёння, хоць звар’яцелыя дзікі руйнуюць іх палеткі і сядзібы, а ваўкі могуць накінуцца нават удзень і нават пасярод вёскі ды загрызці насмерць.      

Я помню сваіх знаёмых, якія прысвяцілі сваё жыццё барацьбе з наступставамі чарнобыльскае трагедыі і якіх сёння няма побач, якія сканалі ад выкліканых радыяцыяй невылечных хваробаў, я помню сваіх заўчасна памерлых калегаў па фондзе “Дзецям Чарнобыля”, сваіх сканалых ад нуклідаў выкладчыкаў роднага ін’язу, з якіх у большасці сваёй складалася сталічная арганізацыя фонду Грушавога.

Я помню тую хлусню псеўда-навукоўцаў, якія казалі, што не такі страшны Чарнобыль, як яго малююць. Я помню мёртвыя вёскі з дамамі-прывідамі, “аздобленымі” вокнамі-глазніцамі без шкла, ад чаго цябе трасе быццам у ліхаманцы, і мёртвыя лясы, дзе толькі дрэвы ды расліны калыша вецер. 

Я гэта помню, але многія з тых, хто сёння вырашае лёсы мільёнаў людзей, забыліся на чарнобыльскую жудасць. Яны лічаць, што на кантамінаваных тэрыторыях ужо зноў можна спакойна жыць, вырошчваць прадукцыю сельскай гаспадаркі, пасвіць скаціну, вырошчваць садавіну і гародніну. Каб потым карміць гэтай атрутай электарат. Яны сцвярджаюць, што наступствы катастрофы на ЧАЭС ужо практычна пераадоленыя, але словы гэтыя разлічаныя толькі на месцічаў-беларускаў.

А вось замежным функцыянерам нашыя дзеячы не стамляюцца нагадваць, што Беларусі чарнобыльская катастрофа каштавала 235 мільяраў даляраў, і працягваюць вымагаць у міжнароднай супольнасці грошы для ліквідацыі наступстваў, але сродкаў гэтых просты люд не бачыць. Прычым, і ліквідатары, і жыхары — “чарнобыльцы” ужо фактычна пазбаўлены “дзяржавай для народа” элементарных ільготаў і нават сваіх “грабавых”, якія выдавалі яшчэ савецкія ўлады. І гэта таксама трэба помніць. Помніць, каб нагадваць гэтай уладзе сёння і заўтра, каб хоць кольвеч прыцягнуць злачынцаў на чарнобыльскай глебе да адказнасці за антычалавечнасць. Дзяржаўная хлусня і ашуканства — гэта здрада супраць кожнага канкрэтнага чалавека і народа, чалавецтва ў цэлым.

Я, належу да беларусаў — чарнобыльскай нацыі — і  гэта помню.