Кароткая лава запасных
Складваецца ўражанне, што такі вядомы дзяржаўны дзяяч як Віктар Шэйман хутка сам перастане арыентавацца ў пасадах, на якія яго прызначае кіраўнік дзяржавы. За апошнія дні Шэйман спачатку быў «набліжаны да цела» з «памочніка прэзідэнта па асобых даручэннях» па лініі Рады бяспекі да проста «памочніка прэзідэнта» (відаць, шырокага профілю), і вось ад панядзелка — да кіраўніка справамі прэзідэнта.
Відаць, хутка ў Беларусі не застанецца ніводнай вышэйшай пасады, якую б не займаў кольвечны сябра Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Згадаем толькі некаторыя: быў Віктар Уладзіміравіч і кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, і Дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі, і Дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі — міністрам унутраных спраў. Самым дзіўным (і ці законным?) было прызначэнне Шэймана ў 2000 годзе Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь. І дзівоса палягала ў тым, што на той момант гэты чалавек… не меў вышэйшай юрыдычнай адукацыі! Дзе яшчэ, апроч Беларусі, такое магчыма?
Многія звярнулі ўвагу на тое, што на адным з мерапрыемстваў Віктар Шэйман быў апрануты ў кіцель, які нагадваў «іканастас» — па колькасці нейкіх медалёў, знакаў ці яшчэ якіхсьці ўзнагародаў ВУШ мог паспаборнічаць з самім «дарагім Леанідам Ільічом». Сціпла!
Некалькі апошніх гадоў некаторыя палітыкі і эксперты казалі пра «закат зоркі Шэймана», аднак, як высветлілася, у такіх сцвярджэннях было няшмат рацыі. Цяпер ён зноўку адна з самых набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі асобаў (а хіба ён пераставаў быць такім?). «Апошні з магіканаў», як кажуць палітолагі, адданы чалавек з самай першай каманды бяззменнага кіраўніка беларускай дзяржавы.
На мой погляд, тут, у гэтым прызначэнні, прысутнічае яшчэ адзін аспект. Калі адсачыць кадравыя пературбацыі на высокім узроўні апошніх часоў, мы практычна не ўбачым новых асобаў. Пенсіянера Пятра Пракаповіча Аляксандр Лукашэнка спачатку вярнуў сабе ў памочнікі па пытаннях эканомікі, а цяпер вось днямі зрабіў сямідзесяцігадовага дзеда віцэ-прэм’ерам, які будзе адказваць і за пытанні эканомікі, і за мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў. Думаю, Пётр Пятровіч на восьмым дзясятку аж скочыў ад шчасця ад такога найвышэйшага даверу! Натуральна, маладзейшых жа «спяцоў» у нас у краіне, відаць, няма!
Тое ж можна казаць і пра іншых людзей на самых высокіх пасадах. Той жа Міхаіл Мясніковіч за часы кіравання Лукашэнкі кім толькі не быў — і кіраўніком ягонай адміністрацыі, і Нацыянальную акадэмію навук ачольваў, і віцэпрэм’ерстваваў, і памочнікам прэзідэнта працаваў, а цяпер вось узначальвае тутэйшы ўрад. Нават нягледзячы на невыкананне прагных паказчыкаў эканамічнага развіцця на 2012 год, у тым ліку і па росце валавага ўнутранага прадукту. І пакуль што новага прэм’ера ў Беларусі, хутчэй за ўсё, не прадбачыцца. А кім жа ж замяніць сёння Мясніковіча? Андрэем Кабяковым, які зараз займае пасаду кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі? Дык той параўнальна нядаўна быў віцэ-прэм’ерам ураду. Чым-небудзь адметным на гэтай пасадзе запомніўся? Вось і я кажу.
Праўду, відаць, кажуць, што ў кіраўніка дзяржавы кароткая «лаўка запасных». І падаецца, што з кожным годам яна робіцца ўсё больш кароткай. «Беларуская сістэма» нікуды не можа і не зможа збегчы ад сябе самой. Вось такая яна, гаротніца, урадзілася. І хто ж яе такой «урадзіў»?