Лукашэнка зноў здзіўляе сваёй “непасрэднасцю”
Афіцыйны беларускі лідар пры канцы працоўнага тыдня выдаў чарговы перл, які выклікаў бурлівую рэакцыю ў грамадстве. Запрапанаваўшы ўвесці аброк у памеры 100 долараў (на выездзе) для жадаючых выехаць за мяжу Беларусі за пакупкамі, правадыр зноўку паставіў інтарэсы кіроўнай вярхоўкі вышэй за інтарэсы і правы простых беларусаў. Прынамсі такога меркавання прытрымліваюцца прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці.
Неадэкватная заява
Па словах намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, эканаміста Льва Марголіна, калі ён пачуў пра ініцыятыву галоўнага чыноўніка краіны, яму напачатку бракавала прыстойных лексічных выразаў. Паводле Марголіна, такая заява, мякка кажучы, не зусім адэкватная.
“Яшчэ зусім нядаўна спрабавалі не выпускаць за мяжу апазіцыянераў, дык яны выязджалі праз Расію. Зараз будзе тое ж самае. Я ўжо не кажу пра тое, што ўжо гэтага беларускі народ можа не вытрываць. Калі ўлічыць колькасць візаў, якія выдаюцца, і колькасць людзей, што ездзяць… Карацей, няма словаў, — абураецца суразмоўца. — Я мяркую, што гэта абсалютна нерэальна. А ідэя гэтая ўзнікла з таго, што ў атамана заканчваецца залаты запас, і нейкім чынам яго трэба напаўняць. Заўтра з’явіцца ідэя ўвесці падатак на бараду ці на дым. Па-другое, як будуць вызначаць, з якой мэтаю чалавек едзе за мяжу? Нехта едзе ў адпачынак, нехта ў камандзіроўку, ніхто ж не скажа, што ён едзе за пакупкамі. Атрымліваецца, што для нас усіх трэба ўводзіць гэтую выязную мыту”.
Наступствы інтэграцыі
Леў Марголін звязвае падобныя ініцыятывы беларускага правадыра з наступствамі інтэграцыйных працэсаў у рамках Адзінай эканамічнай прасторы, Мытнага саюза і Еўразійскага саюза.
“Гэта адгалосак таго, што да ўступлення ў Мытны саюз у нас былі дастаткова жорсткія нормы ўвозу. Звыш гэтых нормаў увозімыя тавары абкладаліся мытаю, — нагадвае эканаміст. — Пасля ўваходжання ў Мытны саюз ад гэтага давялося адмовіцца, павялічыць норму ўвозу тавараў, як у цывілізаваным грамадстве. І калі ўсё гэта адмянілі, зараз шукаюць, чым жа ж гэта замяніць. Ага, калі нельга ўвесці ўвозную мыту, значыцца, увядзем мыту выязную”.
Ідэя павісне ў паветры
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што сама ідэя, што трэба здзіраць нейкія грошы з беларусаў, якія выязджаюць за мяжу за пакупкамі, у першую чаргу прадыктаваная татальнай заклапочанасцю ўлады з нагоды таго, чым напаўняць дзяржаўную скарбонку. “Паколькі падае экспарт, паколькі крызісная сітуацыя вакол “Беларуськалія”, то і гэтая праблема абвастрылася. І, як заўжды, менталітэт беларускіх уладаў такі, як бы гэта вытрасці кішэні шараговых беларусаў. Вось адсюль і такая “геніяльная” задумка”, — не выключае суразмоўца.
Аднак тут узнікае цэлы шэраг практычных пытанняў. “Гледзячы па кантэксце, браць гэтыя сто долараў плануецца на выездзе з краіны. Але як вызначыць, з якой мэтаю едзе чалавек? Мо, ён едзе ў шоп-тур, а мо ў яго дзелавая паездка, а мо, крый Божа, нейкае няшчасце, — тут ёсць багата варыянтаў. Вызначаць па колькасці грошай у кішэні — таксама вельмі сумнеўна. Атрымліваецца, што нават з пункту гледжання ўладаў парушаецца прэзумпцыя невінаватасці. Чалавек яшчэ нічога не набыў і не ўвозіць, а з яго ўжо бяруць падатак за выезд за мяжу”, — адзначае эксперт.
Парушэнне правоў чалавека
На думку Аляксандра Класкоўскага, гэта ёсць парушэннем правоў чалавека нават па беларускіх мерках, дзе вельмі своеасабліва ўсё гэта тлумачаць. То бок, цяжка сказаць, як гэта можна будзе аформіць юрыдычна. Апроч таго, у якасці тормазу могуць спрацаваць электаральныя разлікі Лукашэнкі, бо не так шмат часу засталося да прэзідэнцкіх выбараў, і лепш не дражніць народ. “Таму, магчыма, гэтае выказванне напаткае той жа лёс, што і шэраг іншых экзатычных ідэяў з вуснаў Лукашэнкі, да прыкладу, браць большыя грошы за медабслугоўванне з тых будаўнікоў, хто выязджае працаваць за мяжу. Усё гэта гучала ў свой час і падвісала ў паветры. А ўвогуле, такія выказванні падкрэсліваюць прававы нігілізм беларускіх уладаў, таму што ў такіх выпадках яны найменш думаюць пра законнасць. Вось, для таго, каб выграсці з насельніцтва грошы і напоўніць казну, улады гатовыя скарыстацца самымі сумнеўнымі захадамі”, — рэзюмуе палітолаг.
З Аляксандрам Класкоўскім пагаджаецца і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. “Намер Лукашэнкі ёсць наўпроставым парушэннем канстытуцыйнага права грамадзяніна на свабоду перасоўвання. Мы яшчэ помнім пра штампікі аб дазволе на выезд за межы Беларусі на пяць гадоў, якія мы мусілі ставіць у пашпарты і плаціць за гэта па адной базавай велічыні за адзін год. Але гэтыя штампы былі адмененыя. А зараз вышэйшы кіраўнік праз парушэнне правоў чалавека зноў хоча ўзяць пад кантроль перасоўванне людзей, каб дзяржава атрымала дадатковыя грошы. Гэта па-за разуменнем і па-за законам”, — упэўнены юрыст і праваабаронца.