
Ігар Марзалюк
Не паспеўшы стаць новаабраным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, былы «сенатар» – экс-чалец Савета Рэспублікі Ігар Марзалюк агаломшыў сваёй ініцыятываю – ён прапанаваў увесці адказнасць (грашовую) для грамадзян Беларусі за няўдзел у выбарах. Маўляў, гэта дазволіць кампенсаваць частку выдаткаў на правядзенне электаральных кампаніяў.
Тыц, мая радасць, прыехалі. Відаць, Марзалюк, хоць і быў сенатарам, а цяпер стаў «палатнікам», забыўся, што выбары праводзяцца за бюджэтныя сродкі, то бок, за грошы грамадзянаў Беларусі, якія плацяць падаткі на існаванне той жа дзяржавы і тых жа дэпутатаў, да якіх і адносіцца цяпер памянёная асоба. Па логіцы, шараговы грамадзянін, які за свой кошт утрымлівае дзяржаву і таго ж Марзалюка (а гэты і іншыя дэпутаты атрымліваюць няхілыя грошы зноўку ж з бюджэту, то бок ад падаткаплатнікаў), мае права вырашаць, хадзіць яму на выбары ці не. Тым больш што са сваіх падаткаў гэты шараговы грамадзянін, хацеў ён таго ці не, і так ужо праспансававаў гэтыя выбары. І даў грошы на заробкі чальцам выбаркамаў – ад ЦВК да ўчастковых камісіяў.
Але, відаць, для ўладатрымцаў і так званых народных абраннікаў гэтага недастаткова. Цяпер у галовах асобных дзеячоў, якія атрымалі дэпутацкі мандат (а таксама і адпаведня выгоды), узнікаюць ідэі, як яшчэ папоўніць дзяржаўную скарбонку.
Пасля ініцыятывы Марзалюка хочацца звярнуць увагу на некалькі акалічнасцяў.
Па-першае, у сучаснай Беларусі пры дзейнай правапрымяняльнай практыцы і так няма праблемаў з яўкаю на выбары. Існуе датэрміновае галасаванне, на якое (і гэта не сакрэт ужо два дзесяцігоддзі) заганяюцца студэнты ВНУ і навучэнцы сярэдне-спецыяльных навучальных установаў пад пагрозаю няздачы іспытаў альбо непрадастаўлення інтэрнатаў (ці высялення з іх). Гэта і загон на датэрміновае галасаванне вайскоўцаў тэрміновае службы. Гэта і амаль стопрацэнтнае галасаванне ў закрытых установах кшталту лякарняў ды часцях унутраных войскаў. Дарэчы, калі верыць незалежным назіральнікам, на апошніх выбарах у шпіталях «галасавалі» не толькі цяжка хворыя пацыенты, але нават тыя, хто знаходзіўся ў каматозным стане. Не хапала толькі, каб свае галасы “аддалі” яшчэ і тыя, хто ляжыць у трупэрнях з нумаркамі на назе.
Па-другое, нічога не змянілася ў сістэме падліку галасоў і ў магчымасцях незалежнага назірання за гэтым падлікам. У выніку чальцы ўчастковых камісіяў усё роўна могуць намаляваць тыя лічбы, што прадугледжаны і пажаданы выканаўчай уладаю. Прычым, падлікоўцы робяць гэта, добра ведаючы, што за парушэнні ў працэдуры падліку, за ўкід у скрыні сфальшаваных бюлетэняў нікому нічога не будзе. Наадварот, выбаркамаўцы ўпэўненыя, што атрымаюць за сваю «плённую працу» грошы. Дарэчы, таксама з бюджэту, гэта значыць, з кішэняў падаткаплатнікаў.
І вось, мала таго, што ўсе гэтыя спектаклі пад назваю выбары ў Беларусі аплочваюцца самімі грамадзянамі, некаторыя «слугі народа» на іх спрабуюць накінуць яшчэ адно ярмо – увесці адказнасць за няяўку на выбары. Ну, ці не здзек? На маю думку, новаз’яўлены «народны абраннік» Ігар Марзалюк зайграўся ў палітыку і пасварыўся са здаровым сэнсам.
Не з таго пачынаеце, пане дапутаце! Краіна ў крызісе, людзям становіцца жыць усё цяжэй і цяжэй, заробкі падаюць разам з эканомікай, а вы тут струменіце ініцыятываю, ад якой робіцца млосна ўжо цяпер, яшчэ да таго, як вы афіцыйна набудзеце дэпутацкія паўнамоцтвы 2 кастрычніка.
І нешта ўжо цяпер баязліва робіцца ад таго, што такія вось асобы трапілі ў парламент, няхай той і нічога істотнага і не вырашае. Але існуе небяспечная традыцыя сучаснай беларускай улады – яна хапаецца за ідэі, якія могуць пайсці на карысць толькі ёй самой, але не ўсяму грамадству ці шараговаму жыхару Беларусі. І менавіта вось такія “сталкеры”, якія выступаюць з падобнымі прапановамі, выклікаюць пачуццё незапакоенасці і нават небяспекі за будучыню як краіны, так і яе грамадзян.
Як доўга гэта яшчэ будзе цягнуцца?