Пачынаецца аблога

Падаецца, што ўлады сур’ёзна вырашылі ўзяцца за мазгі грамадзянаў перад прэзідэнцкімі выбарамі, меркаванымі на 15 лістапада 2015 года, праз абмежаванні доступу да незалежнай інфармацыі. Мінінфарм пачаў, нібы бліны пекчы, кляпаць папярэджанні недзяржаўным інтэрнэт-рэсурсам. А “Белтэлекам”, у сваю чаргу, плануе закупіць абсталяванне, якое дазваляе збіраць і захоўваць гісторыю наведванняў сайтаў карыстальнікамі, а таксама блакаваць тыя самыя інтэрнэт-рэсурсы.

Складаецца ўражанне, што ў цяперашняй міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч маецца адчуванне зайздрасці да бяззменнай ад 1996 года кіраўнічкі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай. Апошняя пані шматкроць заяўляла, што з’яўляецца “чалавекам каманды прэзідэнта”, і амаль дваццаць год даказвае свае словы: ніводныя “выбары” ці плебісцыты, зладжаныя ЦВК пад старшыняваннем Ярмошынай, не былі прызнаныя айчыннай дэмакратычнай грамадскасцю ды міжнароджнай супольнасцю. Таму і дагэтуль Ярмошына вымушана адмовіцца ад сваёй мары пашпацыраваць па Парыжы з томікам Хэмінгуэя, бо ёй забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза. А прэзідэнт застаецца на сваім месцы, і парламент самы што ні на ёсць лаяльны да кіраўніка дзяржавы. Асабліва апошнія некалькі скліканняў. Тым не менш, вядомая “баршчаварка” будзе ачольваць Цэнтрвыбаркам і падчас наступнай электаральнай кампаніі.

Але вернемся да Ліліі Ананіч. Гледзячы па тым, з якой хуткасцю яе ведамства выносіць папярэджанні недзяржаўным сайтам, можна меркаваць, што да пачатку прэзідэнцкай кампаніі ў краіне можа не застацца незалежных інтэрнэт-рэсурсаў. Цягам апошніх дзён афіцыйныя папярэджанні ўжо атрымалі сайты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, “Тузін хітоў”, пад пагрозаю папярэджння знаходзяцца рэсурс “Свабодны рэгіён” і гэтак далей. Паводле новага заканадаўства аб СМІ, якое набыло сілу 1 студзеня бягучага году, праз два папярэджанні інтэрнэт-рэсурс можа быць заблакаваны ці ўвогуле зачынены.

Брава, Лілія Станіславаўна! Вашы дзеянні ну проста поўнасцю адпавядаюць дзейнай Канстытуцыі, якая гарантуе ўсім грамадзянам Беларусі права на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі! Галоўная, высноўваючы з вашай логікі дзеянняў, мэта — не дапусціць інфармацыйных перашкодаў дзейнаму кіраўніку дзяржавы чарговым разам пакласці руку на Канстытуцыю падчас чарговай жа інаўграцыі.   

Ідзем далей. Дык вось, дзеля выканання гэтых мэтаў “Белтэлеком” збіраецца набыць абсталяванне, якое дазваляе збіраць і захоўваць гісторыю наведванняў сайтаў карыстальнікамі, а таксама блакаваць інтэрнэт-рэсурсы. Адпаведная заяўка з’явілася на сайце (http://www.icetrade.by/tenders/all/view/247742) Нацыянальнага цэнтра маркетынга і кан’юнктуры коштаў.


Дарэчы, цана, за якую гэтая дзяржаўная структура мае набыць згаданае абсталяванне, не агалошваецца. Яшчэ ў лютым Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі абавязала ўсіх беларускіх інтэрнэт-правайдараў захоўваць гісторыю наведвання сайтаў карыстальнікамі цягам года з моманту аказання паслугі. Пастаўка новага абсталявання мусіць быць завершаная да сярэдзіны верасня. То бок, за два месцы да прэзідэнцкіх выбараў. І вось толькі не кажыце мне, што гэта чыстае супадзенне.

Мяркую, такое абсталяванне каштуе немалых грошай. Тым не менш, чынавенства ідзе на дадатковыя маразматычныя выдаткі ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызіса ў краіне, калі трэба эканоміць кожную капейчыну. Пра што, дарэчы, шматкроць казаў і афіцыйны беларускі лідар. Але калі гаворка ідзе пра захаванне ўлады, то тутака ўсе сродкі і метады добрыя. І ўладнікі гэта добра разумеюць. Іх дзеянні сведчаць пра страх перад незалежнай праўдзівай інфармацыяй, якую ўсё часцей жыхары Беларусі могуць атрымліваць менавіта праз Інтэрнэт.

Толькі вось пытанне: ці змогуць чыноўнікі ў сённяшні час наймагутных інфармацыйных тэхналогіяў і магчымасцяў дасягнуць сваіх мэтаў? Наўрад ці. А вось патраціць народныя грошы абы куды — гэта калі ласка. Проста ў многіх не ў той бок галава павернута.