“Падарункі” на стары Новы год

Наша ўлада вельмі любіць дарыць падарункі. Асабліва на Новы год. Няважна, звычайны ці, што не зразумела для большай часткі чалавецтва, апроч былых “саветыкусаў”, на стары Новы год. Толькі падарункі гэтыя дзяржаўныя маюць вельмі дурны пах. Інфляцыйна-дэвальвацыйны.

14 студзеня добрая частка грамадства па старой традыцыі скарыстаецца магчымасцю зноўку прыкласціся да чаркі ды закусіць шкваркай. Гэта ў каго грошай на гэта хопіць, бо, паводле афіцыйнае статыстыкі, менавіта сала ды гарэлка найбольш падаражалі ў мінулым годзе. Але не пра гэта гаворка.

13 студзеня падаражала аўтамабільнае паліва (на 4,4–5,1%). Без абвяшчэння вайны. І, што самае цікавае, на тле падзення коштаў на нафту ва ўсім свеце. Падаецца, што зніжэнне цаны на “чорнае золата” павінна было б прывесці да падзення коштаў на бензіны і салярку. Але толькі не ў Беларусі, дзе існуе свая “эканамічная” мадэль і, адпаведна, свая “эканамічная” ідэалогія. Якая за сэнс і змест мае аўтарытарнае і адміністрацыйнае кіраванне ўсімі галінамі гаспадаркі і фактычна не прадугледжвае палёгку для электарату нават пры спрыяльнай коштавай кан’юнктуры.

Апроч таго, працягвае “гуляць” нацыянальная валюта. За пошні месяц фактычная дэвальвацыя беларускага рубля склала ўжо каля 40%. Хоць цяпер ужо былы віцэ-прэм’ер Пракаповіч у снежні мінулага году, як і ў 2009 годзе, будучы кіраўніком Нацыянальнага банку, біў сябе ў грудзі й бажыўся, што ніякай дэвальвацыі не будзе. Гэтым разам літаральна ў той жа дзень была ўведзена трыццаціпрацэнтная камісія на куплю валюты фізічнымі і юрыдычнымі (для іх — падатак такога ж памеру) асобамі.

На тое, як долар даражэў штодня толькі на 10 беларускіх рублёў, можна забыцца як на добрую казку. За апошнія два дні “зялёны” памажнеў на 260 нашых “зайцоў”. І часу спынення росту курсу долара эканамісты ды фінансавыя аналітыкі не прадбачаць. А новая прывязка рубля да кошыку валют (долара, еўра і расійскага рубля), выглядае чарговай гульнёй эканамічных уладаў краіны.

Калі ўзгадаць, то тутэйшы ўрад пры канцы мінулага году абвесціў мараторый на рост коштаў на прадукты і тавары масавага спажывання ды медыкаменты. Але гэты мараторый заканчваецца 15 студзеня. Чакаць чарговага скачка коштаў? Цалкам верагодна.

Самае цікавае, што ўся гэтая эканамічна-фінансавая бязглуздзіца адбываецца ў год прэзідэнцкіх выбараў. Пра заявы афіцыйнага лідара ў 2010 годзе пра тое, што сярэдні заробак павінен дасягнуць да 2015 года тысячы долараў, цяпер ніхто нават не ўзгадвае, бо пасля апошняй дэвальвацыі гэты паказчык ужо складае менш за 450 “баксаў”. А на думку эканаміста Леаніда Заікі, пасля выплаты сёлета знешняга доўгу ў памеры больш за 4 мільярды долараў ён можа апусціцца і да 350 баксаў. Бо частка гэтай запазычанасці ў тым ці іншым выглядзе будзе перакладзеная на плечы простых грамадзянаў.

Ужо павысіліся кошты на здачу экзаменаў у ДАІ (ажно ў 6–10 разоў!), падаражала электрычнасць, паслугі ЖКГ. Такая вось наша “стабільнасць”. Так што са старым Новым годам цябе, беларускі народ! “Галоўнае, каб не было вайны”. Толькі вось якой?