Першамай без бабла (у абменніках)

Набліжаецца чэмпіянат свету па хакеі (у майскую спёку), пралетарыі ды іншыя пад сцягамі козікаўскіх прафсаюзаў святкуюць Першамай, прычым афіцыйныя рэляцыі сведчаць пра дзясяткі тысяч «змагароў за правы працоўных» на плошчах і ў парках сталіцы. Тым часам у Беларусь пачынаюць прыязджаць першыя заўзятары гонак за шайбай. І адразу ж сутыкаюцца з першымі праблемамі. 

Хоць у апошнія дні не толькі замежнікі сутыкнуліся з праблемаю, дзе памяняць грошы. Не, не набыць валюту, але пазбавіцца ад яе. Бо так надарылася, што на многіх пунктах абмена валюты 30 красавіка і 1 мая віселі шыльды «Белорусских денег нет!». Чаму? Куды падзеліся беларускія купюры, якіх друкуецца з кожным месяцам усё больш? Загадка.

Па-другое. Я разумею, што свята – гэта свята, хоць і дзяржаўнае, хоць і тое, пра сэнс якога ўжо мала хто памятае. Але ж самі ўлады, як той казаў, «гвалтам крычаць», што ўсё павінна быць на сто адсоткаў гатова да прыёму шматлікіх гасцей. Госці пачалі прыбываць. Натуральна, пакуль што пераважна з Расіі, бо менавіта расійцы зараз карыстаюцца магчымасцямі працяглых майскіх святаў, каб выехаць хоць куды, а Беларусь і пад бокам, і яшчэ спартовае відовішча тут хутка пачнецца. Ды яшчэ сам Авечкін за зборную РФ гуляць прыедзе!

І вось, прыязджаюць яны, небаракі небеларускія, а абмяняць свае грошы проста і лёгка на валюту абарыгенаў не могуць. Бо дзяржаўныя банкі разам з усімі іх аддзяленнямі што робяць? Правільна, змагаюцца за правы працоўных, таму ўсе на фронце, а абменнікі – на замку. А тыя, што працуюць, - без тутэйшых грошай (відаць, чакаюць, каб хтосьці прыйшоў і, насуперак заклікам найвышэйшага кіраўніцтва, набыў валюту, ашчаслівіўшы абменнік хоць якой сумаю айчынных рублёў).

Дзівосы першамайскія, інакш не скажаш. Вось на такіх вось дробязях у нас усё і будуецца. І ад такіх дробязяў залежыць уражанне, якое складваецца ў замежнікаў ад нашай краіны. Паверце, не набітую  беларусам аскоміну «чысціню» яны будуць узгадваць у першую чаргу, але тое, з чым сутыкнуліся адразу ж па прыбыцці ў Сінявокую. І маленькі негатыў можа перакрэсліць усе пазітыўныя рэчы, якія імкнуцца давесці іншаземцам тутэйшыя чыноўнікі. Бо без грошай, хоць і абясцэненых, нікуды не сунешся. У тым ліку і ў Беларусі, дзе тутэйшы рубель пакуль што ўсё ж лічыцца адзіным законным плацёжным сродкам.