Постсавецкі сіндром

Надоячы ўбачыў, як на крамах ды іншых будынках вывешваюць афіцыйныя, дзяржаўныя сцягі. Што зноўку такое? Ці хтосьці хутка прыязджае ў госці да беларускага правадыра? Дык, не, ён сам далёка ад Беларусі, і на ўікенд у яго запланаваны яшчэ сустрэчы  з арабскім шэйхам, спадкаемным прынцам Абу-Дабі, намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага  ўзброенымі сіламі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Мухамедам бен Зідам аль-Нахаянам. Дык што? Адказ знайшоўся вельмі хутка.

26115.jpg


Проста ў сёлетняй ранняй зіме, праклятай слоце і дэпрэсіўным надвор’і аўтар гэтых радкоў забыўся на той факт, што наша Беларусь яшчэ не выйшла з камуна-сталінскай эпохі. Так, надыходзіць 7-га лістапада, дзень, які «чырвоныя» лічаць святам гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, а іх апаненты – днём кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту, які пацягнуў за сабою мільёны ахвяраў сярод мірнага насельніцтва былой расійскай імперыі ці, як той казаў, — «турмы народаў».
7-га лістапада прыпадае на панядзелак, і паколькі ў Беларусі гэтая дата працягвае заставацца афіцыйным святам, электарат будзе адпачываць. То бок, заводы і фабрыкі, а таксама бальшыня дзяржаўных ўстановаў працаваць не будуць.
У большасці постсавецкіх краінаў 7-га лістапада даўно перастаў быць святам і выходным днём. Многія з нашых суседзяў нават забаранілі савецкую сімволіку, перанеслі помнікі камуністычнае эпохі ў адмысловыя паркі, каб нагадваць турыстам пра чорны перыяд уласнае гісторыі, калі на іх прасторах панаваў антычалавечы бальшавіцкі рэжым.
Натуральна, недзе мусіць заставацца нагадванне пра мільёны ахвяраў галадамораў, расстрэлаў, знішчэнняў інтэлігенцыі, навукоўцаў, грамадскіх дзеячоў ды проста мірных сялянаў, вінаватых толькі ў тым, што ўмелі працаваць на сваёй зямлі і карміць свае шматдзетныя сем’і. Ды былі пры гэтым больш заможнымі за «пралетарыяў» і новых «калгаснікаў-саўгаснікаў», якія толькі і маглі што займацца экспрапрыяцыяй, гвалтам і халявай, атрыманай ад больш паспяховых суайчыннікаў. На маю думку, такія чорнапамятныя месцы мусяць існаваць, каб нашы нашчадкі ведалі пра тыя жахі ды не паўтаралі памылак папярэднікаў.
Гэта, аднак, можна казаць пра нармальныя ў поўным сэнсе слова краіны. Але не пра сённяшнюю Беларусь. Яе сталіца — Мінск — уяўляе сабою паноптыкум камуністычнай культуры і савецкай тапанімікі, у цэнтры горада вуліцы носяць амаль выключна савецкія назвы і імёны тых, хто наўпрост здзекваўся з беларускага народа і фізічна знішчаў яго. Нават называць іх не хочацца.  
Замест таго, каб услаўляць сапраўдных беларусаў, выбітных дзеячоў гісторыі ды культуры, называць іх імёнамі знакавыя магістралі і проста цэнтральныя вуліцы, нашчадкі бальшавікоў займаюцца адваротным. Да прыкладу, 7 лістапада зноўку ўзвысіцца каля прахадной Мінскага трактарнага завода помнік бальшавіцкаму правадыру Ульянаву-Леніну. Зараз гэты «шэдэўр» камунадойлідства ўжо адрэстаўраваны і знаходзіцца на ўнутранай тэрыторыі МТЗ. Матывацыя пераносу на знешні бок завода проста шыкоўная — захаванне гістарычнай памяці прадпрыемства (якое, дарэчы, ужо патыхае на ладан з мілліённымі доларавымі стратамі) і просьбы праўладных камуністаў з КПБ і ветэранаў.
Наконт такіх «просьбаў» і «зваротаў» «ветэранскіх арганізацыяў» (што гэта за арганізацыі і хто іх лічыў?) ужо маецца досвед, калі, маўляў, пасля іх указам тутэйшага правадыра перайменавалі Праспект Машэрава ў Праспект Перамождаў, а Праспект Францыска Скарыны — у Праспект Незалежнасці, хоць у Мінску ўжо на той час была Плошча Незалежнасці. Яшчэ і станцыі метро «Плошча Незалежнасці» вярнулі былую назву — «Плошча Леніна». Прыклады можна працягваць.
Так, нельга забывацца на гісторыю. Але таксама і нельга векапомніць тыранаў, злачынцаў і падзеі ды асобаў, якія не маюць ніякага дачынення да нашай краіны. Тым больш што неўвекапомненымі застаюцца многія з тых нашых вялікіх суайчыннікаў, якія насамрэч вартыя памяці і шанавання.
Але, відаць, гэта будзе ўжо не пры гэтай уладзе, для якой «лінія Сталіна» нашмат важнейшая за Курапаты, дзе энкавэдысты паклалі ў зямлю тысячы бязвінных людзей яшэ да пачатку Другой Сусветнай вайны.
Выснова: рэжым ніяк не пазбавіцца постсавецкага сіндрому, бо цяперашняя ўлада ў сваёй большасці — вытворчы элямент той самай бальшавіцкай сістэмы. І ментальна, і фізічна. А народ у сваёй большасці, на даль, арыентуецца на ўладу. Колькі гэта працягнецца? Цяжка спрагназаваць.