Рублём — па дзецях

Апошнім часам проста з замілаваннем можна сачыць за выказванні айчынных урадоўцаў. Што ні дзень, то яны падкідваюць электарату сюрпрызаў, ад якіх бальшыні нашага насельніцтва робіцца неяк няёмка. Тым больш, што логіку заяваў і ўчынкаў беларускага ўраду часам зразумець вельмі цяжка.

То герой Беларусі віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч цягам двух дзён заяўляе супрацьлеглыя рэчы — сёння кажа, што ніякага павышэння падатку на дадатковую вартасць і падаходнага падатку не будзе, а назаўтра кажа, што гэтае пытанне разглядаецца ва ўрадзе, і такое павышэнне найхутчэй за ўсё адбудзецца. Узгадайце, што той жа “герой” на пасадзе старшыні Нацбанку ў 2011 годзе казаў пра немагчымасць дэвальвацыі беларускага рубля больш як на 5% (пасля ягоных словаў нацыянаольвая валюта патаннела ў тры разы).

Ёсць у Беларусі яшчэ адзін віцэ-прэм’ер, якога завуць Анатоль Тозік. Гэты дзяржаўны муж таксама вызначаецца рэгулярнымі заявамі, якія, адрозна ад таго ж Пракаповіча, нельга назваць двухсэнсоўнымі. Гэтым разам былы галоўны кантралёр краіны вырашыў узяцца за сістэму адукацыі, ачоліўшы адмысловую працоўную групу па аналізу гэтай самай сістэмы. Імаверна, што хутка многім беларусам давядзецца схапіцца за галаву, калі вынаходніцтвы Тозіка будуць ажыццёўлены.

Паводле меркавання гэтага высокапастаўленага чыноўніка, сёння галоўнаю праблемаю сістэмы адукацыі з’яўляецца недахоп месцаў у дзіцячых садках: маўляў, 29 тысяч дзяцей зараз стаяць у чарзе. Як выйсце Тозік прапануе не прымаць у дзіцячы садок дзетак, якім ужо споўнілася шэсць годзікаў. Альбо калі ўжо прымаць, то за поўную аплату, якая, з мінулагодніх словаў тутэйшага міністра адукацыі, складае паўтара мільёна рублёў за месяц. Дакладней, складала, бо ад снежня мінулага года прайшло багата часу, а ў нас інфляцыя, аднак, далёка больш за 10%.

Урадовец наракае, што маці ў дэкрэце атрымліваюць дапамогу ў 2 мільёны рублёў, а за дзіцячы садок плацяць “сущие копейки” — 300–400 тысяч за месяц. Разумею, што для Тозіка і іншых чыноўнікаў гэтыя 300–400 тысяч за месяц — “сущие копейки”.

Але справа ў іншым. З аднаго боку, кіраўніцтва краіны ажно да самага верху лямантуе, што трэба павялічваць нараджальнасць, стымуляваць сем’я мець як мага больш дзяцей. Нават нейкі мяцярынскі капітал выдумалі. З іншага боку, ужо сёння ў краіне катастрафічна не хапае месцаў у дзіцячых садках. Куды ж падзець малых?

У свой час улады завалілі краіну лядовымі палацамі, з якімі цяперака не ведаюць, што рабіць. А гэта мільёны і мільёны долараў з бюджэту. Будуецца процьма чатырох- і пяцізоркавых гатэляў, у якіх немаведама хто будзе пражываць. І зноўку мільёны і мільёны долараў. Яны што, сляпыя, нашы ўладоўцы? Ці проста недалёкія людзі?

Хаця, падаецца, тлумачыцца ўсё проста. Павярхоўны, касметычны  імідж краіны для ўлады больш важны за ўзровень жыцця простага  беларуса. Улада гатовая праводзіць чэмпіянаты Еўропы і Свету па чым заўгодна, будаваць новыя гатэлі і стадыёны, але не ў стане забяспечыць народ дзіцячымі садкамі, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў. Улада гатовая нават браць з людзей грошы за наведванне паліклінік, будуючы сабе любімай новую “лечкамісію”, якая абыдзецца не ў адзін і не ў дзесяць мільёнаў у СКВ. Вось такае сацыяльна-арыентаваная ў нас дзяржава.

Цікава, што Тозік ці Пракаповіч “адмочаць” у чарговы раз?