Трагедыі Алімпіяды

Цяперашнія галоўныя сусветныя спартовыя спаборніцтвы чатырохгоддзя вызначаюцца нейкімі страшэннымі падзеямі. То атлеты атрымліваюць жудасныя траўмы, то на аўтобус з журналістамі дзеецца замах, то тых жа спартоўцаў і нават дыпламатаў рабуюць сярод белага дня. Да, Бразілія…

said3.jpg

Яшчэ адна жудасная траўма на Алімпіядзе ў Рыа. Армянскі цяжкаатлет у вагавай катэгорыі да 77 кіло, цяпрашні чэмпіён Еўропы Андранік Карапецян стаўся ахвярай штангі вагою 195 кілаграмаў. У практыкаванні «штуршок» 20-гадовы штангіст не здолеў узняць снарад і пры апусканні атрымаў страшэннае пашкоджанне – ягоны лакцявы сустаў выгнуўся наадварот. Той, хто бачыў гэты момант, мог схапіцца за сэрца. У самога Андраніка быў відавочны балявы шок, а ягоны трэнер проста быў у трансе. Цяпер далейшы спартовы лёс файнага мададога і перспетыўнага штангіста пад вялікім пытаннем.  

 

Раней падвойны пералом нагі атрымаў французскі гімнаст Самір Айт Саід, двайным пераломам ключыцы скончылася Алімпіяда для лідара мужчынскай групавой шашыйнай гонкі, італьянская раварыста Вінчэнца Нібалі, а перад гэтым на гэтай жа трасе і ў гэтай жа дысцыпліне тры пазванкі зламала галанская спартоўка Анэмік ван Улютэн, якая ішла па трасе першай.

 

Ад кожнай такой трагедыі, а інакш адбытае для спартоўцаў, іх трэнераў і тым больш для сямейнікаў і блізкіх не назавеш, робіцца проста млосна. Задаешся пытаннем: а ці вартыя таго гэтыя медалі, гэтыя дасягненні «вялікага спорту»? Відаць, вартыя, калі людзі гатовыя ахвяраваць сваім здароўем, аддаючы жыццё сваёй улюбёнай справе.

 

Але ці ўсё зрабілі для падрыхтоўкі спартоўцаў, нават самых выбітных, іх трэнеры і тыя, хто належыць да камандаў алімпійцаў? Ці належным чынам забяспечылі ўмовы для правядзення самых адказных спаборніцтваў іх арганізатары? Ці была належным чынам падрыхтавана роварная траса, дзе жахліва траўмаваліся лепшыя спартоўцы? На гэтыя пытанні яшчэ належыць адказаць адмыслоўцам.

 

Яшчэ відавочны момант: бразільскія праваахоўнікі так і не здолелі ўзяць пад кантроль сітуацыю нават у сталіцы краіны, не кажучы ўжо пра іншыя гарады. Так, на пляжы Капакабана ў Рыа невядомыя збіваюць у кроў і рабуюць бельгійскага дзюдаіста Дырка ван Тыхелта, які ўжо заваяваў на гэтай Алімпіядзе «бронзу» ў вагавай катэгорыі да 73 кілаграмаў. Хлопец апынуўся ў шпіталі.

 

Злачынцы ў цэнтры сталіцы Бразіліі абрабавалі міністра адукацыі Партугаліі Ціяга Брандаа Радрыгеса (адабралі гаманец і смартфон).

 

Ахвярамі зламыснікаў сталіся і журналісты. У аўстралійскага фотакарэспандэнта Брэта Кастэлы скралі дарагую прафесійную тэхніку, а аўтобус з прадстаўнікамі СМІ ўвогуле стаўся аб’ектам атакі. У ім ехаў і беларускі журналіст з газеты «Прессбол» Артур Жоль. Усяго пасля таго, як два вакны ў аўтобусе былі разбітыя (ці тое пнеўматычнымі кулямі, ці то камянямі), лёгкія пашкоджанні атрымалі тры журналісты, у тым ліку і наш суайчыннік.

 

bk_info_orig_71062_1470801466.jpg

І ўсё гэта здарылася толькі за першы няпоўны тыдзень Алімпійскіх гульняў. Вышэй пералічанае ўжо змазала першыя прыемныя ўражанні ад адкрыцця Алімпіяды. Хочацца верыць, што наступныя падзеі вернуць пазітыўны настрой, у тым ліку, і беларускім заўзятарам спорту, якія на гэты момант не дачакаліся яшчэ ніводнага алімпійскага медалю. Спадзяемся на лепшае!