Транспартнікі і людзі — дзве розныя фармацыі

Павелічэнне тарыфаў на праезд у грамадскім транспарце ніяк не адбілася на паляпшэнні якасці транспартнага абслугоўвання насельніцтва. Транспартная галіна выклікае ўсё больш абурэнняў у карыстальнікаў яе паслугамі. 

Да тэмы якасці грамадскага транспарту ў беларускай сталіцы аўтар гэтых радкоў звяртаўся неаднойчы. І што? Хто-небудзь заўважыў за апошні час змены ў сістэме грамадскага транспартнага забеспячэння апроч росту тарыфаў? Упэўнены, што не. Таму ізноў вяртаюся да некаторых акалічнасцяў. Спачатку канкрэтна аўтобусных. І тралейбусных. У Мінску.

Мне часта даводзіцца карыстацца паслугамі гарадскога аўтобуса маршруту № 91, які спалучае пакуль яшчэ, дзякуй Богу, жывы аўтавакзал “Маскоўскі” з мікрараёнам “Вяснінка”. Саправа ў тым, што гэтым маршрутам карыстаюцца пераважна людзі сталага веку, якія жывуць у раёне вуліцаў Калініна і Кузьмы Чорнага, Леаніда Бяды ды некаторых іншых. Прамежак ад прыпынку “Плошча Калініна” да наступнага прыпынку “Школа” складае значна больш за паўкіламетры. Прычым, калі вырашыш топаць, то толькі ўгару. Карацей, для пажылых людзей — справа нялёгкая.

На кожным прыпынку па шляху следванняі гэтага маршрута вісіць расклад руху. Але гэты расклад — казка для даверлівых. Колькі разоў даводзілася назіраць, як аўтобус з’язжае на некалькі хвілінаў раней за пазначаны час. Але яшчэ часцей даводзілася быць сведкам таго, што аўтобус увогуле не прыходзіў. Уявіце сабе, а пішацца гэта з сённяшняй нагоды, што на прыпынку знаходзяцца некалькі дзясяткаў чалавек, якія ўжо хвілінаў дваццаць-дваццаць пяць плавяцца на сонцы (бо маленечкі дах над лаўкай “афіцыйнага прыпыначнага пункту” не дапамагае схавацца ад спеёкі), спадзеючыся, што паводле графіку аўтобус-ратавальнік вось-вось з’явіцца. А дарма. Пяць, дзесяць, пятнаццаць хвілінаў, а прадуктанта мясцовага МАЗу няма і на даляглядзе.

Праходзіць яшчэ хвілінаў дваццаць, і нарэшце “зялёная пачвара”, як яе ахрысцілі ўжо некаторыя сталыя пасажыры, з’яўляецца на скрыжаванні. У поўны аўтобус набіваецца амаль пад завязку народу — а што хацець, калі апошні рэёс быў амаль гадзіну таму? Але кандуктарша пастпенсійнага веку шчыруе напоўніцу. На пытанне цікаўных, якога ражна быў такі вялікі перапанык, прытым што ніякіх затораў на дарозе няма, паследваў лаканічны адказ паважанай асобы з талончыкамі: а што вы ў мяне пытаецеся? Я сама прыйшла а палове на другую, па графіку, а ад’ехала толькі а другой гадзіне. Хто мне кампенсуе паўгадзіны страчанага часу? А папярэдні аўтобус проста чамусці не выйшаў на лінію, сказала кабета, якая, паводле яе словаў, марудзіла тыя самыя паўгадзіны на скразняку.

Гэта не першы раз з маршрутам № 91. І не толькі з гэтым. Аднойчы давялося стаяць на прыпынку “вуліца Калініна” у чаканні тралейбуса, які адвёз бы пасажыраў да метро “Акадэмія навук”. За тыя больш як паўгадзіны, падчас якіх мне давялося пачуць усё, што думаюць нашы грамадзяне пра транспартнікаў і чыноўнікаў, у кірунку “Камароўкі” прашыбавалі 19 (!) тралейбусаў 29-га маршруту. І парачка іншых, але не ў кірунку галоўнага праспекту сталіцы. Прычым, некаторыя “дваццацьдзявяткі” падыходзілі да прыпынку парамі, калі не тойкамі. Хоць ніякай масавай перазменкі ў гэты час (а 13-й гадзіне), падаецца, быць не павінна…

Некаторыя чыноўнікі ажно да самага верху кажуць, што беларусы плацяць за карыстанне грамадскім транспартам значна менш, чымся ў іншых краінах. Пардон! Я належу да той катэгорыя грамадзянаў, якія не з’яўляюцца ўладальнікамі ўласнага аўто. Я набываю загадзя месячна праязны на ўсе віды грамадскага транспарту за больш як 131 тысячу рублёў. То бок, я фактычна з’яўляюся крэдыторам транспартнай сеткі той жа сталіцы, дзе маю гонар (ці лёс такі?) пражываць. Па вялікім рахунку, я фінансую транспарт за яшчэ не атрыманыя паслугі. І я, як крэдытор, маю права разлічваць на аказанне гэтых паслугаў. Якасных. Як маюць гэтае права многія тысячы людзей, што набываюць праязныя білеты, крэдытуючы з уласнай кішэні айчынны транспарт.

Але, гледзячы па ўсім, “сябрам народу” з “вертыкалі” усё гэта да лампады. Падоўжылі метро — зрабілі больш праблемаў для жыхароў аграменнай часткі Мінска, адмяніўшы шэраг мршрутаў аўтобусаў і тралейбусаў. Аптымізавалі выдаткі, каб вас… Бо зараз дабрацца да станцыі “Пятроўшчына” — нялёгкая справа. Ды і інтэрвалы руху ў сталічнай падземцы павялічыліся, што таксама нервуе. Асабліва ўвечары…

Прагрэс — справа добрая. Але гэта нейкім дзіўным чынам не тычыцца жыхароў “Сінявокай”. Вось ужо з’явіліся ў Мінску на некаторых прыпынках грамадскага транспарту электронныя табло, на якіх, па ідэі, можна было б даведацца, праз колькі дакладна часу прыбудзе твой жаданы аўтобус ці тралейбус.

ШЧАС!!! Ня верце вачам сваім. А лепш па традыцыі карыстайцеся тым, што падвярнецца пад руку. Альбо, калі недалёка, шыбуйце пешакам. Нагам цяжка, але нервы захаваюцце, ды і душы спакайней. Бо транспартнікі і людзі — гэта дзве розныя рэчы, дзве розныя істоты і  субстанцыі, аналагічна як беларуская дзяржава і звычайны беларус — самы незалежны ў свеце чалавек, ад якога нішто не залежыць. У тым ліку і рух грамадскага транспарту.