Усё пра ўсё

Прызнаюся шчыра, упершыню дазволіў сабе праслухаць прэс-канферэнцыю першае асобы ў дзяржаве ад самага пачатку і да самага канца. Сказаць праўду, дык занятак гэты даволі складаны ва ўсіх адносінах. І магу сабе ўявіць, як маглі вытрымаць такі марафон мае калегі, якія апынуліся ў зале, дзе праводзілася ПК з удзелам галоўнага беларускага чыноўніка.

Не ведаю, як можна вытрымаць амаль пяць гадзінаў такога мерапрыемства, дзе ты не маеш права нават збегчы ў прыбіральню па абсалютна натуральных патрэбах. Тым больш, што прыбыць на месца мерапрыемства журналісты меліся за паўтары гадзіны да яго пачатку. Не зайздрошчу калегам, якія па завядзёнцы зранку выдулі пару-тройку каваў-гарбатаў, бо, бадай, памперсы для дарослых арганізатарамі прэс-канферэнцыі з удзелам галавы дзяржавы ў прэс-пакеце не прадугледжаныя.

Цяпер, калі сур’ёзна, то аўторкавая прэс-канферэнцыя не сталася чымсьці выбітным у грамадска-палітычна-медыйным жыцці краіны. Рыгоравіч рэагаваў на ўлюбёна-адданыя пытанні добразычліва, нават з жартамі, і зусім мяняўся ягоны настрой, калі пытанні задаваліся прадстаўнікамі недзяржаўных медыя і краналі больш-менш балючыя пытанні тутэйшага існавання.

Абмяркоўваліся і праблемы сельскай гаспадаркі, і магчымай дэвальвацыі, і кантрактнага войска, і валютных рэзерваў. На дапамогу кіраўніку дзяржавы прыходзілі прадстаўнікі ўраду і адміністрацыі прэзідэнта, калі Рыгоравіч прасіў іх больш дакладна давесці тыя ці іншыя лічбы або факты запрошаным журналістам.

Склалася ўражанне, што найбольш балючымі для АРЛ з’яўляюцца моманты, якія тычацца палітвязняў ці палітычнай канкурэнцыі. Таму зноўку неаднаразова з першых вуснаў краіны гучала «пятая калона», «так званая апазіцыя», «лябедзькі», «фядуты» ды іншыя не надта (у скарыстаным прэзідэнтам кантэксце) інтэлігентныя выразы.

Сваё стаўленне да Еўропы галоўны ньюсмэйкер краіны выдаў пасля пытання карэспандэнткі Deutsche Welle наконт таго, якія ж канкрэтныя прэтэнзіі мае афіцыйны Мінск да Еўрапейскага Саюза. Спіс прэтэнзіяў быў неканкрэтна-працяглы. Маўляў, няма ў нас палітвязняў, пра якіх талдыча Захад, мы гатовы да супрацы, але без усялякіх да нас прэтэнзіяў, а вось Захад гэтага не жадае. Літаральна перад самым завяршэннем ПК АРЛ прамовіў пра «ашчэраныя сківіцы ворагаў Беларусі», якія «назбіраліся па перыметры» і толькі і робяць, што прагнуць скінуць дзеючаю ў Беларусі ўладу і ейнае ўвасабленне ў асобе АРЛ. Дарэчы, у перыметр уваходзіць і найбліжэйшая хаўрусніца — Расія, дык што, там таксама «спяць і бачаць» такое развіццё падзеў?

Яшчэ адным лейтматывам прамоваў АРЛа было тое, што ў нас «усё будзе добра», а ненавіснікі беларускае дзяржаўнасці разам з «пятай калонай» не дачакаюцца, каб сітуацыя ў Беларусі дайшла да заняпаду. Насуперак усім знешнім і ўнутраным  ворагам! Ніякіх крызісаў не будзе, але і дзяржава больш не будзе нібы парадзіха пампаваць грудным малачком сваіх немаўлятаў — то бок, падданых дзяржавы! Самі ў стане сябе забяспечыць, калі ў валютнікі без патрэбы прэцеся! «Значыцца, ёсць заначкі, хапае грошай», — наехаў на «прасталюдзінаў» прэзідэнт.

Аказваецца, ён быў упэўнены, што ў чэргах па валюту стаяць выключна багацеі ці прадстаўнікі «сярэдняга класу». Але толькі не пенсіянеры і не працаўнікі працоўных прадпрыемстваў. Аднак, аказваецца, маніторынг, зладжаны па загадзе вышэйшага кіраўніцтва краіны, даў зразумець, што наведнікі абменнікаў «купляюць па пяць-дзесяць долараў». «Дык яны ж потым хутка зноў пойдуць іх мяняць. Нашто ж ім гэтыя еўра-долары?!», — абсалютна шчыра абураўся Усенароднааабраны.      

Прыкра было, калі ў розных кантэкстах галава дзяржавы ўзгадваў тых, хто сёння сядзіць у турмах па палітычных матывах (Міколу Статкевіча, Алеся Бяляцкага), альбо людзей, якіх даўно няма сярод нас (Лукашэнка згадаў ў нядобрым кантэксце вакол пытання свайго прыходу да ўлады былога найблізкага паплечніка, а потым апанента Віктара Ганчара, зніклага без вестак 16 верасня 1999 году). Было шмат і іншых рэчаў, яд якіх хацелася галасіць: «Я не згодны! Гэта не праўда!»

Але ў сённяшняй Беларусі ўсё, што кажа першая галава краіны — праўда. «Хочаш — вер, хочаш — не». Але можна быць упэўненым, што знойдуцца сілы, якія пераканаюць цябе — лепш вер. Табе ж будзе прасцей. Толькі ці будзе ўсё гэта проста нашаму грамадству праз гадоў пяць-дзесяць? Магчымыя адказы ў кіраўніка дзяржавы і ў непадуладных журналістаў істотна розняцца. А як яно будзе насамрэч?