Пашкадуйце Колю!

Шкада, вельмі шкада хлопчыка Колю, якога высокапасаджаны бацька цягае з сабой на розныя саміты. І адначасова ўзгадваецца, якое ж шчаслівае ў мяне было дзяцінства! Зразумела, у параўнанні з Коліным.

Шкада, вельмі шкада хлопчыка Колю, якога высокапасаджаны бацька цягае з сабой на розныя саміты. І адначасова ўзгадваецца, якое ж шчаслівае ў мяне было дзяцінства! Зразумела, у параўнанні з Коліным.
Па-першае, у Колі адабралі матулю. Вельмі шкада Колю, бо ён, як гэта сёння кажацца, расце ў няпоўнай сям’і — разам з бацькам. А няпоўная сям’я ў нас лічыцца нядобранадзейнай і праблемнай. У той час, як па ўсёй краіне міліцыянты і медыкі змагаюцца з праблемнымі сем’ямі, бацька з Колем нічога не баяцца, і нават не саромеюцца паказаць, што ў іх няпоўная сям’я. Але ж не ў гэтым справа. Ніхто не заменіць дзіцяці матулю, будзь ты ці слесар, ці прэзідэнт. Ніхто яго не пашкадуе, ніхто не прыгалубіць. І, у выпадку чаго, няма да каго пабегчы пажаліцца, паскардзіцца або паплакаць.
Па-другое, Коля зараз у тым узросце, калі яму трэба не на саміты ездзіць, а корпацца ў пясочніцы разам з аднагодкамі. Далбануць каго-небудзь па галаве пластмасавай рыдлёвачкай і атрымаць у адказ. Па-дзіцячы задзіраць дзяўчынак свайго ўзросту. Ненавідзець сон пасля абеду — "ціхую гадзіну" — і манную кашу. Шкада, што ён усяго гэтага пазбаўлены.
Замест гэтага Коля лётае на самалётах. З Беларусі ў Сербію, з Сербіі ў Беларусь, і амаль адразу — у Арменію. З Арменіі ў Беларусь, і амаль адразу — у Маскву. З Масквы ў Беларусь, і амаль адразу — у Сочы. Такое цяжка вытрымаць нават даросламу чалавеку, нягледзячы нават на самы камфартабельны лайнер, бо адбівацца і змена гадзіннікавых паясоў, і псіхалагічная стомленасць ад пералётаў, і замкнёная прастора. Што ж казаць пра пяцігадовага хлопчыка?
Коля сустракаецца з прэзідэнтамі, катаецца на горных лыжах. Бацька бярэ яго з сабой у сауну і ў палонку з ледзяной вадой. Але ці ёсць карысць ад гэтага Колю?
Гледзячы на Колю, з замілаваннем згадваецца мая першая, яшчэ дзетсадаўская, закаханасць. Памятаецца, якраз у гэтым, пяцігадовым узросце мне вельмі падабалася адна дзяўчынка ў садку. Потым нам стала па шэсць, і нас развялі ў розныя падрыхтоўчыя да школы групы... Такое вось няшчаснае дзіцячае каханне.
І гэта нармальна ў такім узросце, калі дзеці пачынаюць даведвацца, што свет зладжаны так, што ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, і што дзяўчынкі — зусім адрозныя ад хлапцоў. Што іх нельга біць. Што іх нельга цягаць за коскі, хоць гэта так хочацца зрабіць іншым разам.
Ці будзе Колі пра што ўзгадаць? У каго ён будзе першы раз закаханы? У лыжную палку? У прэзідэнта Арменіі? У сабаку Пуціна Коні? Падаецца мне, што ў хлопчыка проста крадуць дзяцінства, якое не заменіш аніякімі іншымі "залатымі горамі".
Уразіла і тое, як паводзіў сябе Коля перад тэлекамерай падчас сустрэчы з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргісянам. Гэты рэпартаж паказвала БТ, і Коля там мне вельмі не спадабаўся. Стомлены, неактыўны хлопчык, сядзеў са сціснутымі вуснамі, упёршыся вачыма амаль у адну кропку, без нейкіх актыўных рухаў... Не дай Божа, але ж у дзіцяці можа развіцца аўтызм!
Як кажуць медычныя энцыклапедыі, сімптомамі аўтызму з’яўляюцца гранічная (экстрэмальная) адзінота дзіцяці, якое фарміруе ў яго парушэнне сацыяльнага развіцця, імкненне да пастаянства, стэрэатыпныя паводзіны, адсутнасць ці недаразвіццё комплексу ажыўлення, першых усмешак, эмацыйнай прывязанасці, супраціўленне зменам, "жаданне аднолькавасці", бязмэтавасць, паўтараючыся характар і стэрэатыпнасць рухаў... Ці не тое нам паказала беларускае тэлебачанне?
Калі не тое, то гэта добра. Але ж у гэтым узросце дзеці вельмі любяць задаваць пытанні — і не толькі пытанні. Яны незнарок ствараюць сітуацыі, у якіх іх бацькі адчуваюць сябе вельмі няёмка і нязручна. А ўсё з-за таго, што яны запамінаюць такія выказванні сваіх бацькоў, якім тыя ўвагі не надаюць. Кшталту, як едзе мужык з дзіцём па дарозе, яго спыняе ДАІшнік. Бацька кажа: "Добры дзень, таварыш сяржант!", а дзіцё ззаду цікавіцца: "Тата, а дзе казлы?" Шмат такіх гісторый можна прачытаць на забаўляльных інтэрнэт-сайтах кшталту anekdot.ru.
Можна ўявіць сітуацыю, калі Коля з бацькам паедуць на саміт “Усходняга партнёрства ў Прагу. Будзе сядзець Коля, і пачуе размову якіх-небудзь дыпламатаў, кшталту што нам да той Беларусі, дый прэзідэнт там ніякаваты, і нават не ніякаваты, а зусім ніякі. "Не, мой бацька добры, — заенчыць Коля. — Ён дзядзі Сярожу танкі прадаў, а дзядзі Мішы аэрадром для вялікіх самалёцікаў падараваў, а дзядзі Махмуду і гэтаму смешнаму, які ў нас у шатры жыў, ракеты даў". "Што ты вярзеш, хлопчык, якія ракеты? — Такія, на вялікіх колах"...
"А-а-а-а!!! — заравуць замежныя дыпламаты, выдзіраючы на сябе валасы. — Беларусь паставіла ў Іран і Лівію комплексы С–300! У Арменію прадала танкі, а Расіі дала права карыстацца "аэрадромам падскоку" для стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў! Санкцыі! Санкцыі! Санкцыі!". І накрылася наша “Усходняе партнёрства.
А дзіцё ўсяго толькі хацела ўступіцца за тату.
Трэба даць дзіцяці нармальна развівацца, стасавацца з аднагодкамі, і не забіраць у яго ягонае ж дзяцінства. Трэба разумець, што ў гэтым узросце Коля не павінен швэндацца па свету разам з бацькам. Коля павінен рыхтавацца да наступнага этапу ў жыцці. Рыхтавацца да школы. Першы раз у першы клас — як гэта было прыгожа! Ніякія целаахоўнікі і спецыяльна навучаныя людзі гэтага не заменяць.
А ці будзе ў Колі "першы клас"? Залежыць ад бацькі, калі ўжо матулі ў яго няма...