Ратуйце Белавежскую пушчу! Спыніце Ананіч!

Меў рацыю рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, калі прапаноўваў Аляксандру Лукашэнку на прэс-канферэнцыі адправіць нашага міністра інфармацыі Лілію Ананіч на стажыроўку ў якую-небудзь рэдакцыю. Мажліва, там бы яна вывучыла, якія бываюць СМІ, як працуе рэдакцыя, што да чаго адносіцца і што з чым і як стасуецца. І не было б тых кур’ёзаў, якія ўзніклі зараз.

Чыё «Радыё Рацыя»?

На мінулым тыдні Мінінфармацыі вынесла аж два дзіўных папярэджання, якія сведчаць пра проўнае неразуменне гэтай дзяржструктурай той сферы, у якой яны працуюць. Адно папярэджанне было вынесена «Беларускаму Радыё Рацыя», што працуе ў Польшчы. Яно «беларускае», бо разлічанае на беластоцкіх беларусаў і на памежныя з гэтым польскім рэгіёнам тэрыторыі. Канешне ж, у іх ёсць і сайт. Але, калі радыё створана ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам, мае рэдакцыю ў Польшчы і польскіх заснавальнікаў, то ці павінна яно падпарадкоўваца беларускім законам?

papiaredzanne_rac.jpg

Спадарыня Ананіч лічыць, што павінна. За яе подпісам вынесенае пісьмовае папярэджанне польскаму СМІ за парушэнне беларускага заканадаўства. А таксама запатрабавала інфармацыю пра ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу, то бок сайта www.racyja.com.

Старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа злосна пакпіў з Ананіч, падзякаваўшы ёй за рэкламу, і абвінаваціў яе не толькі ў некампетэнтнасці, але і ў няўменні карыстацца інтэрнэтам.. «Мы з’яўляемся ўстановай, якая дзейнічае паводле законаў польскай дзяржавы, усе дадзеныя ёсць на нашым сайце (выдзелена аўтарам)… Гэта вялікая памылка, абсалютна несур’ёзны крок, калі на СМІ, якое не мае нічога супольнага з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, ідуць такія звароты», — адзначыў Вапа.

Між тым, Мінінфарм не патлумачыў спадару Вапе, у чым правіна самога радыё, альбо журналістаў, якія, па меркаванні Ананіч, парушылі беларускае заканадаўства, і распаўсюдзілі «забароненую, або абмежаваную да распаўсюду ў Беларусі інфармцыю». Гэта, як у знакамітай песні гурта «Несчастный случай»: «Нет, всё понятно, но что конкретно ты имела в виду?». Дзе, у якім матэрыяле, у якой праграме, была «забароненая альбо абмежавананя для распаўсюду інфармацыя», і што гэта за інфармацыя — з ліста не вынікае.

Гэта тым больш дзіўна, што ў папярэджанні за подпісам Ананіч адначасова адзначаецца, што www.racyja.com можа атрымаць другое папярэджанне і, адпаведна, быць унесенае ў спіс рэсурсаў, доступ да якіх у Беларусі абмежаваны, за «невыкананне законнага патрабавання дзяржаўнага органа аб выпраўленні парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь». Прабачце, што выпраўляць, калі не сказана, што парушылі? Ізноўку кажучы афарызмамі з кіно «Іван Васіллевіч мяняе прафесію»: «Як жа цябе зразумець, калі ты не кажаш нічога»?

Ці вынесе Ананіч папярэджанне Пуціну?

ananich_press_300.jpg

Калі кіравацца «роўнасцю ўсіх пераж законам», то спадарыня Ананіч павінна напісаць адпаведныя папярэджанні шмат каму. Той жа «Маскоўскі камсамолец» даволі разнузданна выказваўся пра Беларусь, асабліва пад час шматлікіх «харчовых войнаў». Яму таксама трэба выносіць папярэджанне, напрыклад, за анлайн з выгнаным з сінявокай Суздальцавым? А няўжо мы забудземся на НТВ з «Хросным бацькам»?

А ўжо тое, што піша «Спутник и погром» ці Regnum, увогуле ніякае сіта Мінінфарму прайсці не павінна: пачынаючы з таго, што яны адмаўляюць беларускую дзяржаўнасць. Прычым, цікава, што Regnum, які называе Лукашэнку не інакш, як «кіраўніком постсавецкай рэспублікі» (а не незалежнай дзяржавы) мае рэгістрацыю ў даменнай зоне «by».

Можа быць, Пуцін і не мае дачынення да «МК» альбо НТВ, і дакладна не кіруе «Пагромам» ці «Рэгнумам». Але ўжо да Russia Today ён дакладна мае дачыненне, бо гэтая прапагандысцкая платформа фінансуецца з федэральнага бюджэта Расіі. І нядаўна Пуцін сваім указам павялічыў гэтае фінансаванне. Для чаго? Каб RT казала пра «негалосную забарону «георгіеўскай стужкі» на ўвесь свет? Дык сам Аляксандр Рыгоравіч жа сказаў — няма ў нас ніякай забароны, а людзям проста новыя сімвалы спадабаліся. Між тым, гэтае меркаване RT не прывяло, чым заслужыла папярэджанне ад Ананіч.

СМІ? Не толькі СМІ? Увогуле не СМІ?

«Люстэркавае», як і «Рацыі», папярэджанне за подпісам той жа спадарыні Ананіч вынесенае сайту «Свабодны рэгіён». У паведамленні гаворыцца, што «на інфармацыйным рэсурсе www.freeregion.info выяўленыя факты парушэння заканадаўства пра сродкі масавай інфармацыі». І ізноўку, якая дакладна інфармацыя маецца на ўвазе, не паведамляецца.

Па-першае, «Свабодны рэгіён» пазіцыянуе сабе не як інфармацыйны рэсурс, а як сайт грамадскага аб’яднання, «платформа для абмену інфармацыяй паміж рэгіёнамі Беларусі з мэтай пашырэння доступу людзей да незалежнай інфармацыі і фармаванню ў іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі». Адпаведна, уласнай інфармацыі там мінімум, хіба што блогі аўтараў.

Па-другое, нават наконт блогаў «рэгіёнаўцы» перастрахаваліся, паведамляючы, што ў гэтых раздзелах «прадстаўнікі розных палітычных рухаў і проста грамадзяне пакідаюць свае каментары на надзённыя тэмы. Свае каментары яны публікуюць без якой-небудзь рэдактуры, іх тэксты з’яўляюцца аўтарскім поглядам на падзеі. Гэта іх асабістая пазіцыя, якая можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі».

Гэта тое, пра што казалі незалежныя эксперты: калі пад «рэгуляванне інтэрнэту ў якасці СМІ» трапляе любы сайт, то як адрозніць СМІ ад не-СМІ? Ці будуць санкцыі за перадрук інфармацыі? Мінінфармацыі, павлічыла, што эксперты клапоцяцца толькі пра сябе, але, калі вырашыла зараз «паруліць нэтам», першым патрапіла ў прадказаную пастку. Калі зараз грамадскае аб’яднанне «Свабодны рэгіён» вырашыць высвятляць у судзе, чаму іх дзейнасцю раптам кіруе Мінінфармацыі, а не Мінюст, што адкажа спадарыня Ананіч?

Папярэджанне атрымае і Цукерберг?

Паводле словаў спадарыні Ананіч, блогі таксама павінны рэгулявацца заканадаўствам аб СМІ а рэдакцыі павінны несці адказнасць за блогераў (што паказвае выпадак «Свабоднага рэгіёну»). Гэты тэкст я маю намер развесіць на старонках ў Facebook і Google+. Таму, калі спадарыня Ананіч вырашыць, што і гэты тэкст варты папярэджання, то адначасова прашу гэтае папярэджанне накіраваць уладальніку Facebook Марку Цукербергу і двум уладальнікам кампаніі Google — Лэры Пейджу і Сяргею Брыну.

Калі ж будзе заўважана «невыкананне законнага патрабавання дзяржаўнага органа аб выпраўленні парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь», то мне цікава, што заблакуюць? Толькі мае старонкі ў гэтых сацыяльных сетках, альбо Facebook і Google+ цалкам? Па ідэе, калі «рэдакцыя нясе адказнасць», то павінны блакануць цалкам усё. Вось незадача будзе ў офіснага планктону, калі яны аднойчы раніцай не патрапяць на любімыя сацсеткі! Трэба яшчэ ў «Аднакласніках» зарэгіцца, каб і іх прыкрылі.

Ратуйце Белавежскую пушчу!

Па падліках кампаніі кампаніі Netcraft, у верасні 2014 года колькасць сайтаў і персанальных блогаў у інтэрнэце ўпершыню ў гісторыі перавысіла 1 млрд і склала 1.022.954.603 вузла. І ўсе яны падпадаюць, як высветлілася, пад  беларускае заканадаўства. Каб вынесці кожнаму пісьмовае папярэджанне (як паказывае практыка «Рацыі» і «Свабоднага рэгіёна», адно папярэджанне — два ліста паперы), трэба 2 млрд лістоў паперы. У пачаку офіснай паперы 500 лістоў. Гэта значыць, трэба 4 млн. пачакаў. Адна тона паперы — гэта 400 пачакаў. То бок, трэба 10.000 тон паперы. Тона паперы — гэта 20 загубленых дрэваў, падлічана «Грынпісам». Такім чынам, каб спадарыня Ананіч вынесла папярэджанні хаця б палове сайтаў, трэба спілаваць сто тысяч дрэваў!

lies.jpg

Па даследаванні амерыканскай кампаніі Optenet за 2010 год у інтэрнэце 37% складае тое, што ўжо дакладна забаронена беларускім заканадаўствам — парнаграфія. Калі нашае Мінінфармацыі, згодна з беларускім заканадаўствам і прынцыпам «роўнасці ўсіх перад законам» вырашыць папярэдзіць толькі гэтых — мы згубім Белавежскую пушчу. Яна пойдзе на паперу для папярэджанняў.

Хто-небудзь, спыніце Ананіч!