Замілаванае расчараванне

Прайшоў месяц з дня прэзідэнцкіх выбараў, а некаторыя яшчэ не могуць выйсці з шокавага стану, з таго, што адбылося пад час і пасля іх. Расчараванне вялікае. Прычым, чамусці гэтаму расчараванню паддаюцца тыя, хто, здаецца, не мае для гэтага аніякай прычыны.

Прайшоў месяц з дня прэзідэнцкіх выбараў, а некаторыя яшчэ не могуць выйсці з шокавага стану, з таго, што адбылося пад час і пасля іх. Расчараванне вялікае. Прычым, чамусці гэтаму расчараванню паддаюцца тыя, хто, здаецца, не мае для гэтага аніякай прычыны.
Вось і калега Кірыла Жываловіч замест таго, каб святкаваць Новы год, сумаваў, сплінаваў і выдаваў "на-гара" сваё расчараванне. Чамусці менавіта ў навагоднія дні ён не займаўся адкаркоўкай шампанскага, яго не вабіў пах мандарынаў. Ён пісаў пра тое, што "Мы теперь делимся на ржуналистов и жруналистов. А в итоге из нас хотят сделать обычных глистов, которые должны паразитировать друг на друге и в тех местах, где вовремя и увесисто наваливают разноплановые "лидеры" и точно указывают на места, где есть дела для паразитов, в которых нас превращают".
Хаця, здавалася б, чаго расчароўвацца Жываловічу? Ён што, стаў прапагандыстам, агітатарам, піар-мэнэджэрам ці супрацоўнікам чыёйсці прэс-службы? Не, здаецца. Сумленна выконваў сваю працу па інфармаванні людзей наколькі гэта магчыма аб'ектыўна і дакладна. Дык чаму пісаць пра журналістыку з прыстаўкай "экс"?
Засплінаваў Лявон Вольскі. З нагоды таго, што на чарговай "Рок-Каранацыі" N.R.M. выступіць без яго, ён праз блог звярнуўся да паклоннікаў гурту N.R.M. з адкрытым лістом. "Я вымушаны звярнуцца да Вас з гэтым лістом, каб не каментаваць потым кожнаму тое, што пракаментаваць немагчыма, — напісаў ён. — Таму што цяпер вельмі цяжка. Цяжка на душы. Найперш цяжка ад таго, што адбываецца ў краіне".
Цікава, чаму цяжка Вольскаму? Здаецца, нікога з кандыдатаў ён галосна не падтрымліваў, на мітынгах не спяваў, канцэтраў у падтрымку дэмакратыі не даваў. Цяжка павінна быць Зміцеру Вайцюшкевічу, бо рэдка якая буйная акцыя экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева абыходзілася без яго ўдзелу і без ягоных спеваў.
А Вайцюшкевіч, тым не менш, дае традыцыйныя перадкалядныя, калядныя і посткалядныя канцэрты.
Хлусіць не буду: і мне дзён пяць пасла выбараў было не аптымістычна, ці расчаравана, а… ніяк. Проста абыякава, што было, што адбываецца, і што будзе далей. Але ад гэтай абыякавасці мяне вылячыў просты шпацыр па вуліцах. Вельмі цікава не ездзіць з працы дадому ў перапоўненым транспарце, а ісці нагамі, чуючы жыццё — кавалкі фразаў, падслуханых мімаходзь.
Крама "Семела" каля плошчы Якуба Коласа. Стаяць два даволі "датых" ужо мужыка, і адзін другому кажа: "Вось глядзі: я збіраў подпісы за Міхалевіча…"
Каб гэта казаў адзін студыёзус другому, я б не здзівіўся. Але ж гэта казаў сапраўды мужык — узростам і выглядам больш падобны да слесара-сантэхніка ці на майстара зборачнага цэху дзе-небудзь на МТЗ ці на Аўтазе, ці на аўтарамонтніка. Калі і такія людзі збіралі подпісы за не самага "прахаднога" апанента Лукашэнкі, што казаць пра тых, хто збіраў подпісы за "прахадных"?
Акадэмія навук. Малады хлапец размаўляе па мабільніку. "Зайдзі на Еўрарадыё… Ну, е-у-рорадіо-кропка-эфэм… Да, дарэчы, ты ведаеш, "Аўтарадыё" закрылі… За тое, што яны перад выбарамі круцілі ролікі Някляква і Саннікава… Прычапіліся да ўсяго толькі адной фразы: “Лёс краіны вырашаецца не на кухнях, а на плошчы"…
Гэты чалавек — не адзін. Ён камусці тлумачыць на тым баку, дзе шукаць альтэрнатыўную інфармацыю, дзеліцца апошнімі навінамі, тым самым і сам распаўсюджваючы інфармацыю. Інфармацыю, заўважце, вельмі адрозную ад афіцыйнай версіі закрыцця "Аўтарадыё" — "за экстрэмісцкія выказванні". Здаецца мне, у гэтую версію ніхто не паверыў, нават Праляскоўскі, які падпісаў загад аб пазбаўленні "Аўтарадыё" эфіру.
Дык ці варта адчайвацца журналістам?
"МакДак" у цэнтры. Падымаецца на другі паверх купка людзей, і адзін аднаму кажа: "І калі нас жорстка разагналі…" Зразумела, чалавек быў на плошчы Незалежнасці 19 снежня.
Але ён пра разгон кажа: "Нас". Ён асацыюе сябе з усёй грамадой, якая была на плошчы. Ён адчувае не самоту, не сум. Ён чуе за сабой дыханне тых 30–40 тысяч людзей, якія былі на плошчы разам з ім, і ён ужо ўсведамляе, што такіх — не "купка адмарозкаў", а сотні, тысячы, дзесяткі тысячаў. Што ён — гэта і ёсць народ.
Пад час спробы правесці акцыю салідарнасці з затрыманымі каля КДБ 19 студзеня, міліцыяй прэвентыўна было затрымана 22 чалавекі, і яшчэ з дзясятак да КДБ дайшлі. Па-першае, такую колькасць народу збіралі не ўсе акцыі салідарнасці, якія традыцыйна праводзяцца штомесяц 16-га. Па-другое, гэтыя людзі, хутчэй за ўсё, ужо адседзелі свае "суткі" за 19 снежня, і ўсё роўна ідуць на акцыю. Дзеля салідарнасці. Хоць і ведаюць, што могуць атрымаць сутак па 10–15 "адпачынку" ў дадатак.
І народ жа ўжо не палохаецца! Мінакі спыняюцца і адкрыта кажуць, што салідарныя! Нейкая жанчынка з малым дзіцём ішла міма, спачатку спынілася "чыста пазырыць". А калі да яе падышлі журналітсы з відэакамерамі, яе прарвала: "У мяне дзіцятка такога ж узросту, як дзіцё Халіп і Саннікава! Вярніце дзіцёнку маці! Вярніце яму Халіп! Вярніце яму бацькоў!"
І, што даволі нечакана: пасля 19 снежня неяк значна паболела на вуліцах беларускай мовы…
Калі нехта скажа, што Лукашэнка, сфальсіфікаваўшы выбары, перамог, гэта будзе хлуснёй. Ён прайграў. Ён прайграў свайму грамадству, свайму народу. Зараз на яго глядзяць не як на прэзідэнта, а як на нейкага небараку, выпадкова сеўшаму не на сваё месца ў цягніку ці ў кіназалі.
Таму ў мяне больш няма ніякага расчаравання. Ёсць замілаванне. І ўпэўненасць у тым, што  ў цягніка ёсць канцавая станцыя, а любое кіно заўсёды сканчаецца. Прычым у большых выпадках — хэпі-эндам.