Беларусь, якая чакае. Цікавая Будслаўшчына
Ці ёсць сярод беларусаў тыя, хто не ведае мястэчка Будслаў? Чакана было атрымаць замову на вандроўку ў гэтае святое месца. Але ж мы вырашылі не абмяжоўвацца толькі Будславам і паспрабавалі знайсці яшчэ штосьці цікавае побач. Паехалі!
Першым прыпынкам стала старажытная вёска Камена на Вілейшчыне. Тут адразу некалькі славутасцей і першая з іх, канешне, «Варацішын крыж» — адзін з валуноў, прынесеных на Беларусь ледавіком каля 200 тысяч гадоў таму. На ім дагэтуль можна разгледзець выяву крыжа і надпісы, якія могуць быць сведчаннем таго, што яны былі нанесены па загадзе полацкага князя Барыса Усяславіча на пачатку ХII стагоддзя падчас цяжкіх паходаў. Таксама такія камяні былі межавымі. У такім выпадку гэта адзіны Барысаў камень, які застаўся на сваім спрадвечным месцы.
У запісах даследчыка і археолага Канстанціна Тышкевіча, які адкрыў гэты цуд і першым замаляваў яго, ёсць адно з мясцовых паданняў паходжання каменя: мясцовы селянін араў поле ў першы дзень Вялікадня, і Бог пакараў яго разам з валамі і сахой, ператварыўшы ў камень. Дарэчы, ад месца за некалькі дзясяткаў метраў ад старажытнага гіганта ў 1857 годзе пачалася навукова-даследчая экспедыцыя Тышкевіча, аб чым сведчыць памятны знак. Вынікам гэтага паходу стала кніга «Вілія і яе берагі», выдадзеная намаганнямі пісьменніка Ю. Крашэўскага ў 1871 годзе ў Дрэздэне, але аўтар, на жаль, яе не дачакаўся.
Даволі хутка дарога прывяла нас у Будслаў да ягонай галоўнай прыгажосці — касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. Першы драўляны храм на гэтым месцы пабудавалі манахі-бернардзінцы ў 1589 годзе. У 1643 годзе ён быў ужо каменным (будавалі каля 10 гадоў), а тая прыгажосць, якую мы бачым сёння, з’явілася ў 1783 годзе. На пачатку 1990-х касцёл атрымаў ганаровы статус Малой Базілікі, які маюць толькі тры беларускія касцёлы (яшчэ ў Гродне і Пінску).
Галоўная святыня не толькі будслаўскай Малой Базілікі, але ж і ўсіх каталікоў Беларусі — абраз Божай Маці Будслаўскай, што быў перанесены сюды ў 1613 годзе пасля смерці мінскага ваяводы Яна Паца, які атрымаў абраз у падарунак ад Папы Рымскага Клімента VIII. Дарэчы, алтар быў перанесены ў касцёл у 1643 годзе з былога будынка, а арган з’явіўся прыкладна ў 1771 годзе. Штогод паломніцтва ў Будслаў збірае да 10 тысяч вернікаў і больш.
Мы памятаем жудасны пажар на пачатку траўня 2021 года, калі на дапамогу ў аднаўленні даху і ратаванні каштоўнасцей Малой Базілікі выправілася шмат вернікаў і валанцёраў. У чарговы раз стаў відавочным факт «народнасці» скарбаў Будслава і неабыякавасці беларусаў. Цяпер касцёл зноўку адчынены і ягоныя святыні на месцах, але праца па аднаўленні працягваецца, як і грашовы збор.
Наша падарожжа не скончана, і мы рухаемся далей. Не прыпыніцца ў Параф’янаве ля прыгожага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі было зусім немагчыма. Звычайная гісторыя, калі ў храме ў савецкія часы быў склад спіртзавода — таксама і пра гэты будынак. Пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя, касцёл зноўку прыняў вернікаў у 1989 годзе. Вельмі дагледжаная тэрыторыя і сам касцёл не пакінуць нікога абыякавым.
Вёска Сітцы не такая вядомая, як яе суседзі, але ж паглядзець тут таксама ёсць на што. У сярэдзіне XVI стагоддзя (час першага згадвання) тут ужо стаяла сядзіба магнацкага роду Хадкевічаў, а ў XVII стагоддзі аб Сітцах кажуць як аб «замацаваным замку з палацам і гаспадарчымі пабудовамі» пад уладарніцтвам Яна Бжастоўскага. У 1798 годзе ўладаром сядзібы стаў Тадэвуш Дамейка — дзядзька нашага (ну і чылійскага па сумяшчальніцтве) славутага Ігнація Дамейкі. У тыя часы сядзіба мела нават сваю асабістую аранжарэю!
Зараз былая веліч толькі згадваецца ў рэштках калонаў палаца, уязной браме ды агромністых дрэвах былога парку. Дарэчы, адно з гэтых дрэў вартае асабістай увагі! Дубу-волату, якога згадваў і Пятрусь Броўка, зараз больш за 500 гадоў: «Аж да аблокаў рушыш, крокаў аж дваццаць зробіш, пакуль ля камля абкружыш». Насамрэч, каб абысці вакол камля, спатрэбілася 22 крокі. Колькі ўспамінаў хавае гэты гігант — не пераказаць! Кажуць, што пад ім не раз адпачываў Тадэвуш Касцюшка, а на браме быў складаны механізм з вялікім гадзіннікам-зязюляй.
Па традыцыі напрыканцы проста шпацыруем па некалі прыгожым парку і ўяўляем сабе тагачаснае жыццё і людзей. Часам сэрца шчыміць, калі ўяўляеш, што можна было б зрабіць з гэтым усім нармалёваму гаспадару. Ахоўніцкі будыначак вунь як захаваўся...
На шляху дадому прыемным і нечаканым сюрпрызам стала сустрэча з маладым буслом, які на спёцы павольна шпацыраваў па пустой асфальтавай пляцоўцы перад параф’янаўскім касцёлам. Можа, чакаў кагосьці? Як і ўся наша Беларусь...
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.