Беларусь, якая чакае. Гэтым разам — Вясну (ФОТА)
Цёплае надвор’е цягам пары красавіцкіх дзён згуляла з намі ў дрэнны жарт. У белыя кашулі апрануліся некаторыя дрэвы, разнаквецце запанавала на клумбах ля дамоў. Усё гэта, а таксама сакавіты зялёны колер травы амаль запэўнілі нас у незваротнасці халадоў! Але ж не... Сёння мы з вамі зробім невялікі фотатэрапеўтычны шпацыр па красавіцкай сталіцы і паглядзім, як асцярожна вясна прыходзіць у Мінск.
Тыдзень таму амаль летняе надвор’е жвавым кавалерыйскім наскокам авалодала цэлай краінай і цягам трох дзён панавала на вуліцах і ў парках сталіцы. Швэдары і шалікі паляцелі ў шафы, а кашулі з майкамі і шортамі адправіліся на першы ў гэтым годзе шпацыр. Сонца, цяпло — што яшчэ трэба стомленай узімку душы! За некалькі дзён да гэтага ў Вязынцы гукалі вясну і, здавалася, усё спрацавала як трэба. Прыгадваем тыя дні.
Канешне, прырода любіць пажартаваць, і праз некалькі дзён майкі з шортамі незадаволена адправіліся дасыпаць у шафы, а швэдары з курткамі стомлена працягнулі сваю вахту. Але ж вясна ўсё ж пачала сваё шэсце і спыняцца не збіраецца, можа троху памарудзіцца яшчэ. Пачалі квітнець алыча ды вішня, яблыні пакуль не спяшаюцца, а ля дамоў на старанна дагледжаных кветнічках ганарліва глядзяць на сусвет цюльпаны ды нарцысы.
Вядома, за росквітам прыроды лепш за ўсё назіраць у парку. Не будзем спрачацца і пройдземся па некаторых з іх, бо ў сталіцы такіх месцаў хапае. Птушак няшмат — зараз ім паўсюль хапае самай рознай ежы і больш не трэба гуртавацца ля кармушак. Толькі лянівыя сталічныя качкі грэюць бакі ў траве і вельмі незадаволена бурчаць, калі ідзеш надта блізка ад іх. Ну і, канешне, калі будзеце збірацца ў парк ці лес, не забывайцеся на кляшчоў — яны ўжо выйшлі на паляванне.
Не трэба думаць, што ў самім горадзе вясна адчуваецца меней. Канешне, у забудаваных «чалавейнікамі» раёнах толькі адзінкавыя дрэвы і плямкі травы паміж будынкамі напамінаюць аб існаванні жывой прыроды, але мы пойдзем у патаемныя куткі Мінску, дзе побач існуюць старыя дамы і дрэвы. Ціхія двары, салодкія вясновыя пахі, спакой. З кожным годам такіх месцаў у Мінску застаецца ўсё меней. Узрост — справа такая.
Насамрэч, кожную вясну прыгадваецца стары анекдот:
— А чаму так холадна?
— Так чаромха ж квітнее!
— А навошта ж вы яе саджаеце?!
Дробны дождж змяняецца сонцам недзе там, дзе лятаюць нешматлікія самалёты. Зайздросцім ім — яны штодзень бачаць сонца і сіняе неба. Мінская вясна, канешне, спрабуе расфарбаваць зімовую шэрань, але суворы халодны вецер трымае мінакоў у тонусе. Чакайце, маўляў, яшчэ ж «кучкі» наперадзе. Горад спрабуе, горад трывае.
Мы наўмысна не завітвалі да знакамітых і вядомых усім месцаў, кшталту ромбададэкаэдра (нацыянальная бібліятэка, калі што) ці плошчы Перамогі, бо нічога там такога, чаго вы не бачылі, няма. А вось па «перыферыі» гораду пахадзіць вельмі прыемна, хаця б таму, што там ціха і няма штодзённай мітусні і вэрхалу. Дарэчы, можна сустрэць шчырых і прыязных людзей, якія праз хвіліну знаёмства запрашаюць у госці — «каб не размаўляць тут на холадзе». Фатаграфавацца катэгарычна адмаўляюцца.
Нягледзячы на ўсе чаканыя і нечаканыя прыгоды і выбрыкі надвор’я, вясна неўзабаве прыйдзе. Яна будзе вельмі добрай і прыгожай, непаўторнай і адзінай. Як сапсуюць яе людзі — іншая справа. Якой яна застанецца ў нашай памяці — справа ўжо нашая. Толькі мы самі здольныя зрабіць са сваёй вясной тое, што мы самі захочам, і ніхто нам у гэтым перашкодзіць не можа. Дакладна вам кажам! Мы даведваліся...