Беларусь, якая чакае: Мястэчка Ракаў — скарбонка гісторый на беразе Іслачы

Гэтае месца добра знаёмае амаль кожнаму жыхару Мінска і шмат каму за яго межамі. Кожны, хто хоць раз ездзіў па трасе Мінск — Гродна, не мог не заўважыць неагатычны мясцовы касцёл, бачны здалёк. Прыгажэнныя лясы побач даўно ўжо з'яўляюцца ўлюбёным месцам адпачынку беларусаў. Як вы ўжо здагадаліся, гэтым разам наш шлях ляжыць у Ракаў.

_belarus_rakau_1930_fota_novy_czas_logo.jpg


Мястэчка Ракаў — так, пэўна, назваць яго больш слушна, чым бязлікі «аграгарадок». На цэнтральнай плошчы ўсё, як і ў дзясятках падобных месцаў: універсам, россып дробных крамак, сельсавет. Але ёсць і прыватны музей-галерэя братоў Янушкевічаў — ён варты асобнага наведвання, бо тут вельмі багатая мастацкая і гістарычная экспазіцыя. Зазначым, што аб наведванні лепей дамаўляцца загадзя.


Ногі самі нясуць да Касцёла Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (пачатак ХХ стагоддзя). Менавіта ён бачны здалёк і для многіх становіцца нагодай наведаць Ракаў. Такая вось неагатычная замануха! Ля ўваходу мы яшчэ паспелі ўбачыць калядную батлейку, а за касцёлам невялічкая брамка, хутчэй за ўсё, да дома святога айца.


Зусім побач з касцёлам невялікі дамок, праз пару метраў ад якога — падмурак старой паштовай станцыі і лядоўня маёнтка Здзяхоўскіх ХІХ стагоддзя. Станцыя стала ахвярай пажару, а ад маёнтка цягам часу засталася толькі лядоўня, якая зараз больш падобная на хлеў з калонамі.


Бераг Іслачы ў Ракаве — адно з самых улюбёных месцаў адпачынку мясцовых жыхароў. Але ж было б нядрэнна некаторым з іх навучыцца прыбіраць за сабой смецце. На іншым беразе ракі знаходзіцца вядомае Ракаўскае гарадзішча, на якім падчас археалагічных даследаванняў было знойдзена мноства артэфактаў часоў неаліту і нават старажытны язычніцкі алтар. Некаторыя знаходкі можна ўбачыць у згаданым музеі Янушкевічаў.


Другі буйны храм Ракава — Спаса-Праабражэнская царква, якую пачалі будаваць у 1735 годзе, а доўжылася будоўля амаль 60 гадоў.


Ракаў — вядомая «сталіца кантрабандыстаў» у 20-30-я гады мінулага стагоддзя, калі гэтае мястэчка апынулася за 1,5 кіламетры ад тагачаснай польска-савецкай мяжы. Гісторыкі кажуць, што ў той час у Ракаве дзейнічала каля 80 (!) рэстарацыяў з аркестрамі і больш за 100 крамаў. Шпіёны, кантрабандысты, спекулянты... Каго толькі не было тады ў Ракаве! Цяпер, ходзячы па старых вулках, мімаволі ўяўляеш сабе тыя часы і тых людзей.
 


Дарэчы, выдатны музычны супольны праект «Народны альбом» таксама звязаны з Ракавам.
Дзесьці на лузе ля гарадзішча, магчыма, сустрэліся Казік і Юзік, дагэтуль стаіць пад акацыяй альтанка выкшталцонай Аліцыі, у невялічкай хатцы чакае гасцей Адэлька з чортам, па лясах таемнымі сцежкамі крадуцца прывіды паляўнічых і кантрабандыстаў. А правобразам настаўніка Рагойшы, хутчэй за ўсё, стаў вядомы беларускі літаратуравед Вячаслаў Рагойша — заснавальнік музея поліэтнічнай культуры Ракаўшчыны.
«Тысяча дзевяцьсот дваццаць шосты год.Мястэчка Ракаў пры панскай Польшчы.У цэнтры плошча. На плошчы касцёл.Па плошчы ідзе настаўнік Рагойша».


Могілкі ў Ракаве — гэта асобная гутарка. Тут месцяцца і габрэйскія, і каталіцкія, і праваслаўныя. Мы наведалі габрэйскія могілкі, якія існуюць з 1648 года.  


Канешне, гэты шпацыр мог быць значна даўжэйшым, але тады вам будзе ўжо не так цікава асабіста прыехаць і пагуляць у гэтым цудоўным мястэчку. Завітвайце ў Ракаў — тут кожны знойдзе штосьці незвычайнае. Яно можа быць дзе заўгодна!

_belarus_rakau_auto_zdziuljalnae_fota_novy_czas_logo.jpg


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!