«Кто кричал «живёт Беларусь?» Затрыманаму 10 жніўня случчаніну пагражае да пяці гадоў
У судзе Слуцкага раёна 11 лістапада пачаўся суд над Раманам Караневічам, затрыманым 10 жніўня пасля мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Караневіча абвінавачваюць у супраціўленні праваахоўнікам і нанясенні цялесных пашкоджанняў супрацоўніку Слуцкага РАУС пры выкананні тым сваіх службовых абавязкаў.
Нагадаем, пры затрыманні ў самога Рамана быў пашкоджаны пазваночнік, звязкавы апарат галёнкаступневага сустава, параарбітальная гематома, гематома верхняга века. Хлопец пасля затрымання не мог уставаць самастойна, з цяжкасцю рухаўся і маці нават прыйшлося аднесці адмысловы гарсэт для пазваночніка ў міліцэйскі ізалятар.
Каля будынка Слуцкага суда 11 лістапада сабралася шмат людзей, каб падтрымаць Рамана Караневіча. Але ў залу судовых пасяджэнняў пусцілі толькі самых блізкіх родзічаў Рамана ды журналістаў. Астатнія месцы невялікай залы заняла група падтрымкі супрацоўнікаў РАУС — міліцыянты.
Сёння былі заслуханы паказанні абвінавачванага, пацярпелага міліцыянта і сведкаў.
З абвінавачвання, якое зачытаў пракурор, вынікае, што 10 жніўня пасля 21:00 Раман Караневіч у стане алкагольнага ап'янення знаходзіўся ў грамадскім месцы Слуцка — на вуліцы Сафіі — каля рэчкі Случ. Пры складанні старэйшым лейтэнантам міліцыі Іванам Ганчарэвічам пратакола затрымання для правядзення медыцынскага агляду на ўтрыманне ў крыві алкаголю і высвятлення асобы, аказаў супраціў і ўчыніў гвалт: спачатку ўцякаў, а пасля каменем нанёс удар па галаве міліцыянту — стукнуў па цемечку. Пры гэтым нібыта Караневіч дакладна ведаў, што падымае руку на прадстаўніка ўлады пры выкананні абавязкаў. Усе негатыўныя дзеянні здзейсніў свядома.
Дарэчы, сам камень як рэчавы доказ крымінальнага злачынства ў матэрыялах справы адсутнічае.
Пацярпелы Іван Ганчарэвіч пацвердзіў, што вечарам 10 жніўня падраздзяленні міліцыі ўзмоцнена ахоўвалі грамадскі парадак у Слуцку. Каля 21:00 блізу берагу Случы прагучаў вокліч «Жыве Беларусь», і ён з напарнікам паспяшыў на ліквідацыю грамадскага непарадаку. Убачылі траіх чалавек, пры іхнім прыбліжэнні адзін уцёк. Паводле Ганчарэвіча, праваахоўнікі падышлі, прадставіліся, спыталі, хто гэты чалавек, які ўцёк.
«У адказ пачулі: «Не ведаем». Пасля адзін адпіхнуў мяне ў грудзіну і кінуўся наўцёкі. Я за ім. Крычаў, каб спыніўся. Магчыма, сказаў, што ён затрыманы. Той упаў, а пасля павярнуўся і нечым стукнуў мяне па галаве. Падобна, на камень. Пацякла кроў. Я схапіў яго, упалі разам, ён вылузаўся, аказаўся зверху і пабег. Падбег напарнік. Ехалі непадалёку супрацоўнікі міліцыі, некаторыя пабеглі за ім, а адзін завёз мяне ў прыёмны пакой, дзе зафіксавалі рану на цемені», — прыкладна так у кароткім пераказе агучалі паказанні пацярпелага.
Адказы Ганчарэвіча на пытанні адваката Караневіча могуць узбагаціць калекцыю якога сатырыка:
— Вы сказалі, што парушальнікі ішлі ўтраіх і нешта моцна крычалі?— Так, крычалі. Магчыма, “Жыве Беларусь!”— Якія функцыі павінен быў выканаць ваш патруль?— Не дапусціць парушэння грамадскага парадка.— Ці была ў Караневіча хісткая паходка? Прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння?— Было цёмна, не бачыў, каб хістаўся.
— Дык навошта вы яго ўхапілі за шыю?— Я не хапаў за шыю, магчыма, за локаць, каб высветліць яго даныя.— Дык калі Караневіч не быў затрыманы, навошта яго было трымаць?— Каб высветліць асобу, а раптам ён знаходзіцца ў вышуку?— Вы яго даганялі ў той момант, калі ён не быў затрыманы?— Я яго даганяў, бо ў яго пахла з рота.— Вы ўсіх затрымліваеце случчан, у каго пахне з рота?— Ён выкрыкваў.— А вы дакладна ведаеце, што гэта рабіў ён?— Адкуль я ведаю, іх было трое.— А чаму за выгукванне палітычных лозунгаў не быў складзены пратакол?— Дык я ж у бальніцу паехаў, дзе мне медыцынскую дапамогу аказвалі.
Зразумела, што арыштаванаму Раману Караневічу зараз не да гумару.
Ён распавёў суду, што ў той вечар дамовіўся з братам пагуляць у цэнтры горада, выпіць троху піва.
— Пасля 21 гадзін, калі пачало цямнець, мы прагульваліся каля берага Случы, — распавёў у судзе сваю версію Раман Караневіч. — Ішлі, размаўлялі, нікога не чапалі. Раптам перад намі з’явіліся двое, сталі чапляцца да нас з пытаннямі, хто мы такія і чаго мы тут. Не прадставіліся і дакументы не паказалі. Бачыў, што адзін у блакітнай кашулі, у нейкай кепцы. Але былі ўжо прыцемкі, і я адразу нават не зразумеў, што гэта міліцыянты. Побач з намі перад гэтым ішоў яшчэ адзін чалавек, а гэтыя двое пачалі дапытвацца, хто гэта быў, хацелі, каб пазвалі яго, бо ён нібыта крычаў «Жыве Беларусь!» Мы не сталі гэтага рабіць. Тады адзін з гэтых людзей ухапіў мяне за шыю, я вывернуўся і стаў уцякаць. Уцякаў з усіх сіл, як уцякаюць ад сабак, бо зразумеў небяспеку. За нешта зачапіўся, паваліўся, схапіў тое, за што зачапіўся, у руку — гэта было нешта круглае, падобнае на камень, але не важкае. Падняўся і кінуў гэты прадмет убок, выпадкова патрапіў у міліцыянта, які бег за мной.
Той кінуўся на мяне, мы пакаціліся, пасля той сядзеў на мне зверху, сяк-так я выскачыў з-пад яго і схаваўся пад мастом.
Пасля прыехала падмога міліцыі, бераг рэчкі быў ачэплены, а Раман узяты ў палон і адвезены ў бальніцу. Хто канкрэтна яму нанёс траўмы — ўжо дрэнна памятае, як і тое, што казаў на першым допыце, які яму рабілі ў бальніцы адразу пасля абязбольваючых кропельніц.
Раман не адмаўляў, што за две гадзіны да здарэння выпіў нямоцнага піва — прыкладна 100 грамаў. Аналізы крыві паказалі наяўнасць алкаголя ў памеры 0,15 – 0,18 праміле.
Астатнія сведкі давалі паказанні ў залежнасці, на чыім баку яны выступалі. Міліцыянты — даказвалі, што лавілі парушальнікаў грамадскага парадку, а грамадзяне настойвалі на тым, што супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў быў парушаны іхні грамадскі спакой і права гуляць па сваім горадзе.
Брат Рамана 18-гадовы Максім Жукаў прысутнічаў пры затрыманні. Яго таксама даволі жорстка затрымалі ў той жа дзень крыху пазней. Максім адседзеў у Слуцкім ізалятары і адзін дзень у лясной турме ў Паўлаўцы. Максім разумее, чаму мнагадзетны Раман уцякаў:
— Каму хочацца быць затрыманым за ні за што? Вось і ўцякаў.
У судзе Максім сведчыў, што каля крамы «Віталюр» браты ў той дзень бачылі шмат людзей, міліцыянтаў:
— Пасля 21:00 каля «Віталюра» пачаўся хапун, да нас падбеглі міліцыянты: «Что вам, б...и, плохо живется? Кто кричал «живет Беларусь?», — распавёў Максім. — Каб вярнуцца дамоў, вырашылі абысці па набярэжнай — вуліцы Сафіі Слуцкай. Раптам да нас падбеглі, схапілі за шыю брата, за капюшон. Вырваўся ад міліцыянта, той даганяў, упалі. Зноў вырваўся, спрабаваў уцячы. Ніхто не тлумачыў, за што хапалі. Як брат уцякаў, паслізнуўся аб нешта. Той дагнаў, збіў з ног, быў зверху яго. Да яго падбег міліцыянт, што ўтрымліваў мяне. Я спачатку збег, а пасля затрымалі.
Іншы брат Рамана — Віктар Жукаў пра затрыманне даведаўся ўжо пасля. Ён распавёў суду, што быў у горадзе некаторы час разам з Раманам:
— Каля крамы «Віталюр» людзі пачалі разбягацца, бегчы ў наш бок. Я таксама ўцякаў, а міліцыянты крычалі: «Стой, страляць буду!» Я сядзеў пад мастом у кустах. Чуў гук сірэны. Па дарозе дамоў затрымалі і мяне. Брат — добры чалавек, нічога дрэннага не робіць, добра выхоўвае дзяцей. Пьяны ён не быў, лозунгаў не крычаў, грамадскага парадку не парушаў.
Наступнае паседжанне суда па крымінальнай справе Рамана Караневіча адбудзецца 12 лістапада у 10:00.