«З міліцыі пазванілі, каб купіла сыну гарсэт для скалечанага пазваночніка»
Маці случчаніна Рамана Караневіча бачыла сына ў апошні раз у панядзелак 10-га жніўня. У той дзень трое братоў пайшлі на мірны пратэст случчан супраць фальсіфікацыі выбараў. Двое сыноў вярнуліся з акцыі праз 4 дні — за ўдзел у мерапрыемстве ім далі па 15 содняў, з якіх яны адседзелі 4.
Старэйшага сына, Рамана, якому міліцыянты траўмавалі пазваночнік пры затрыманні, Марыя Сцяпанаўна не бачыла ўжо тыдзень.
— Чацвёра сутак, пакуль не вярнуліся двое сыноў, зусім не спала, — кажа са слязьмі жанчына. — Яшчэ раней ад сяброў сына даведалася, што ў Рамана пры затрыманні траўмаваны пазваночнік і яго наўпрост з вуліцы хуткая дапамога забрала ў бальніцу. Казалі, што быў у рэанімацыі, а пасля паклалі на суткі ва ўралагічнае аддзяленне. Апрача сына былі траўмаваныя яшчэ чацвёра і пакладзеныя ва ўралагічнае аддзяленне. Мусіць, каб схаваць праўду.
З міліцыі мне патэлефанавалі ў чацвер і сказалі, каб я купіла спецыяльны гарсэт для фіксацыі пазваночніка, — працягвае расповед маці Рамана Караневіча. — Стан нібыта стабільны, а які ён на самай справе — не ведаю: ходзіць ён ці толькі ляжыць. Гэтая невядомасць замучвае. Абвінавачваюць нібыта ў супраціве міліцыянтам па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу.
Маці кажа пра сына, што на працоўным месцы яго характарызуюць як добрага працаўніка і прыстойнага чалавека. Не скардзіцца на яго і жонка Марыя. У сына трое малалетніх дзяцей, малодшай дачцэ ўсяго 1 годзік. Сына ніколі раней не забіралі ў міліцыю.
18-гадовы Максім Жукаў, які адседзеў трое сутак у Слуцкім ізалятары і адзін дзень у лясной турме ў Паўлаўцы, быў сведкам жорсткага затрымання брата.
— Мы з братам Віктарам не ўцякалі, а Раман стаў уцякаць. Міліцыянты пабеглі за ім. Адзін з іх падчапіў за нагу Рамана, а пасля на Рамана накінуліся двое. Больш я яго не бачыў. Сябра пасля паведаміў, што чуў, як міліцыянты выклікалі па рацыі хуткую дапамогу. Пасля атрымалі інфармацыю, што некаторы час ён быў у рэанімацыі.
Паколькі сам 18-гадовы Максім не ўцякаў і не супраціўляўся, ён быў здзіўлены жорсткімі паводзінамі міліцыянтаў пры сваім затрыманні.
— Калі міліцыянты сталі патрабаваць, каб мы прайшлі з імі, я адразу выканаў патрабаванне, — распавядае Максім. — Мяне пры затрыманні не білі, але заламалі рукі за спіну і адзелі кайданкі. Загадалі легчы, тварам на зямлю. Калі мяне прывезлі ў РАУС, адразу дазволілі сесці на крэсла. Пасля прыбег нейкі старэйшы па званню і закрычаў: “Чаго ён так сядзіць?” Прымусіў выконваць камнады — “устаць — сесці”, пры гэтым мае рукі былі ў кайданках. Калі сеў, адзін стаў на ногі, а другі міліцыянт ззаду падымаў мае рукі ў кайданках угору. Было балюча.
На адносіны супрацоўнікаў ЛПП у Паўлаўцы маладзён не скардзіцца. Казаў, што людзі, якіх прывезлі з Акрэсціна ў Паўлаўку, ацэньвалі тамтэйшую турму ледзве не як санаторый.