«Глыбінны расійскі народ будзе яшчэ мацней ненавідзець Украіну»

Пасля пачатку агрэсіі Расіі многія ва Украіне песцілі дзіўную надзею: глыбінны рускі народ вось-вось выйдзе на вуліцы і скажа рашучае «не» сваёй уладзе, піша Яўген Рудэнка ў калонцы на «Украінскай праўдзе».

putinizm_navsehda.jpg

Прыходзіць на памяць, як пад авіяўдарамі ў Кіеве, Чарнігаве, Харкаве, Марыупалі ўкраінцы тэлефанавалі сваім сваякам з РФ, дасылалі фота і відэа з ахвярамі і разбурэннямі ўласнага жылля. Ім адказвалі: «Вы нічога там не разумееце, гэта вас УСУ бамбяць. Вам «укранацысты» мазгі прамылі».

Або так: «Пацярпіце трохі. Хутка вас вызваляць, усё будзе ў парадку!».

У лепшым выпадку так: «Мы супраць вайны, але што мы можам зрабіць?!».

Украінскія селебрыці ў першыя дні пасля ўварвання таксама спадзяваліся на сваю папулярнасць і аўтарытэт. Яны таксама звярталіся да сваіх прыхільнікаў, да калег у РФ, каб заахвоціць іх да дзеянняў: да асуджэння вар'яцтва і да масавых пратэстаў расійцаў. Аднак у адказ атрымлівалі альбо абыякавае, альбо баязлівае маўчанне.

У канцы дзявятага месяца вайны ва Украіне насіць ружовыя акуляры ўсё складаней. Нават тым украінцам, для каго Буча па нейкіх прычынах не стала ўрокам, становіцца зразумела: экзамен на гуманнасць расійцы як народ, як нацыя не здалі.

Каб усвядоміць такую простую, але не адзіную выснову гэтай вайны, камусьці ва Украіне трэба было дачакацца адсутнасці электрычнасці ва ўласнай кватэры і пагрозы камунальнай катастрофы.

На момант уварвання, 24 лютага, для большасці абывацеляў Расіі ўкраінцы былі «малодшымі братамі і сёстрамі, якім трэба дапамагчы», «вызваліць» ад купкі «наркаманаў і нацыстаў», якія вядуць у абдымкі амаральнага Захаду.

Цяпер, калі ўважліва вывучыць расійскія прапагандысцкія СМІ і каментары ў сацсетках, сітуацыя кардынальна змянілася.

Калі раней глыбінны расійскі народ у цэлым пляваць хацеў на масавую гібель украінцаў, то цяпер ён ненавідзіць Украіну. Па-сапраўднаму, бескампрамісна, самазабыўна. Кожны дзень усё больш і больш.

Пералом грамадскай свядомасці ў Расіі пасля дзевяці месяцаў паражэнняў Крамля можна звесці да воклічу жыхаркі Саратава. Галашэнне жанчыны хтосьці зняў на смартфон у маршрутцы ў момант, калі яна даведаліся пра гібель сына: «Будзь ты праклятая, Украіна!».

Расійцы ненавідзяць і праклінаюць украінцаў па многіх прычынах.

За тое, што не былі адным народам.

За тое, што сустрэлі танкі не хлебам-соллю, а «Стугнамі», NLAW і «Джавелінамі».

За «рускі ваенны карабель, Ідзі на*й!».

За тое, што не здаліся. Не здаюцца і не здадуцца.

За сусветную ізаляцыю і падзенне ўзроўню жыцця ў РФ. За страх перад будучыняй.

За беражліва закапаныя ў зямлю ўкраінскія сцягі падчас акупацыі ў Херсоне. За сарваныя «трыкалоры» і галасы пасля вызвалення: «Слава Украіне!».

За крушэнне міфа пра веліч РФ і непераможнасць яе войска.

За тое, што «прэзідэнт-клоўн» выставіў на пасмешышча таго, хто лічыць сябе вялікім дыктатарам.

За пастаянныя аплявухі і ўцёкі на ўкраінскім фронце.

За немагчымасць знішчыць Украіну, зламаць яе волю.

За «прылёты» і паветраныя сірэны ў Белгарадзе, Курску і іншых гарадах РФ.

За дзясяткі тысяч трунаў і пахаванняў. За мабілізацыю.

У відэароліках з маці і жонкамі мабілізаваных, якія ўсё часцей выказваюць незадаволенасць, у вочы кідаецца галоўнае: яны не просяць спыніць несправядлівую, бессэнсоўную, крывавую вайну.

Яны не праклінаюць Пуціна.

Яны просяць тых, хто наверсе, лепш рыхтаваць салдат, перш чым адправіць іх ва Украіну забіваць. Цяплей іх апранаць, сытна карміць, якасней узбройваць. А яшчэ — своечасова выплачваць усё, што абяцалі плаціць за спробы знішчыць Украіну.

Не трэба мець ілюзій: чым далей Расія скочваецца на дно, тым мацней глыбінны расійскі народ будзе ненавідзець незалежную Украіну.

Чым больш перамог атрымае УСУ, тым праўдзівей будзе гэтая нянавісць расійцаў. Тым больш шчыра яны пацешацца фатаграфіямі цёмных украінскіх гарадоў.

Але тым менш з іх зразумеюць: пасля цемені заўсёды надыходзіць світанак. Аднак за цемрай, у якую ўпарта апускаецца «загадкавая руская душа», няма нічога, акрамя яшчэ большай цемры.