Грошы не пахнуць? Рыштунак для расійскай акупацыйнай арміі пастаўляе беларуская фірма

Пакуль беларускае войска не можа забясьпечыць сябе новымі аптэчкамі, сродкі першае дапамогі сыходзяць у расейскую акупацыйную армію ва Ўкраіне. Сярод «кліентаў» беларускай фірмы — не толькі рэгулярныя расейскія часткі, але і «іхтамнетныя» ўзброеныя фармаваньні.

Аптэчка «лепш за НАТАўскую». Ілюстрацыйнае фота.

Аптэчка «лепш за НАТАўскую». Ілюстрацыйнае фота.

На старонцы «Нацыянальнага даведніка вытворцаў, якія працуюць для ваенна-прамысловага комплексу Расеі» ў раздзеле «Медыцынскае забяспячэньне ўзброеных сілаў» разьмешчаная інфармацыя пра беларускую кампанію «Чэфі».

ТАА «Чэфі» было заснаванае ў 1994 годзе і вырабляе сродкі першае дапамогі, а таксама аптэчкі. Да 2022 года кампанія пастаўляла іх у асноўным для беларускай арміі, памежнікаў і розных бюджэтных установаў. А пачынаючы з 2022 года, то бок у відавочнай сувязі з паўнамаштабнай агрэсіяй Расеі супроць Украіны, фірма «Чэфі» прапануе сваю прадукцыю ўжо расейскай арміі. З гэтай мэтай прадстаўнікі «Чэфі» пачалі ўдзельнічаць у спецыяльных форумах пастаўшчыкоў для ўзброеных сілаў Расеі.

Падчас ваенна-тэхнічнага форуму «Армія-2022», які адбываўся ў жніўні 2022 года ў расейскім Падмаскоўі, дыректар фірмы «Чэфі» Аляксей Пятроў распавёў, што «ў рамках правядзеньня спецыяльнай вайсковай аперацыі патрэбнасьць у сродках медыцынскага забяспячэньня ўзрасла». А паколькі, паводле словаў Аляксея Пятрова, значная частка супрацоўнікаў кампаніі «Чэфі» — былыя афіцэры беларускай арміі, то яны добра ведаюць, якія сродкі дапамогі неабходныя салдату на полі бою.

Адзін з намеснікаў дырэктара «Чэфі», Андрэй Пашкевіч, сапраўды напрыканцы 80-х гадоў ХХ стагодьдзя скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча. Што тычыцца самога Аляксея Пятрова, то ён пра вайсковую адукацыю або належнасьць да арміі ў сваіх акаўнтах у сацсетках не згадвае. Пры гэтым пераважная частка ягоных сяброў мужчынскага полу ў сацсетцы «Аднакласнікі» скончылі тую ж вайсковую навучальную ўстанову і прыкладна ў тыя ж гады, што і Андрэй Пашкевіч.

skrynszot_2_vert.jpg

Вядома прынамсі пра адно дасягнутае пагадненьне «Чэфі» з расейскай кампаніяй. У сьнежані 2022 года было падпісанае пагадненьне паміж «Чэфі» і фірмай «Кримтех-10» з Петразаводску. «Кримтех-10» займаецца вырабам бронекамізэлек і рознай дробнай вайсковай амуніцыі. Ужо пасьля заключэньня згаданага пагадненьня, ў 2023 годзе, фірма «Кримтех-10» пачала трэніраваць супрацоўнікаў Расгвардыі і вайскоўцаў, што рыхтуюцца да ўдзелу ў баявых дзеяньнях. У тым ліку, ў сьнежні 2023 года для баявікоў Расгвардыі быў арганізаваны курс тактычнае медыцыны, і вельмі імаверна, што падчас курса выкарыстоўваліся сродкі, перададзеныя ад кампаніі «Чэфі».

У чэрвені 2023 года ў Сочы, калі адбывалася мерапрыемства пад назвай «Евразия — наш дом», на якое фірма «Чэфі» таксама прывезла сваю прадукцыю для расейскіх сілавых структураў, прадстаўнік «Чэфі» зноўку падкрэсьліў, што «ў сувязі з тым, што ідзе СВА, кантакты ў асноўным — Расейская Федэрацыя».

Апроч таго, яшчэ зь лета 2022 года кампанія «Чэфі» супрацоўнічае з некаторымі квазі-дабрачыннымі суполкамі, празь якія перасылае сродкі першай дапамогі расейскім вайскоўцам. Напрыклад, у лістападзе 2023 года суполка з назвай «Интербригады 2022» адсправаздачылася аб перадачы батальёну «Аксай» казачай брыгады «Дон» жгутоў, перавязачных пакетаў і насілак, дасланых «Чэфі». Так званая «казачая брыгада «Дон» — гэта групоўка баявікоў, падпарадкаваная расейскаму вайсковаму камандаваньню, кіруе ёю былы мэр расейскага горада Тамбова Кандрацьеў.

Варта зазначыць, што так званая «казачая брыгада «Дон» і яе кіраўнікі падазраюцца ў ваенных злачынствах: яны выкрадалі і катавалі грамадзянскае насельніцтва ў Херсонскай вобласці, а таксама прыкрываліся цывільнымі грамадзянамі ў часы абстрэлаў Ачакава.

Глядзіце таксама