Бабруйскі рамеснік робіць жэтоны для злачынцаў з ПВК «Вагнер»
Жыхар Бабруйска Леанід Баброўскі пахваліўся на сваёй старонцы «ВКонтакте», што атрымаў заказ на выраб жэтонаў з асабістымі нумарамі і пазыўнымі для чальцоў ПВК «Вагнер».
У сацсетках рамеснік падпісаўся як «Леанід Баброў». У кастрычніку 2023 года ён выклаў відэа з жэтонам ПВК «Вагнер», які зрабіў сам. Пад допісам адразу ж з'явіліся ўхвальныя каментары і пытанні пра кошт.
Агульная колькасць заказаных жэтонаў невядомая, але напрацягу кастрычніка-лістапада 2023 года іх атрымалі як мінімум чатыры вагнераўцы.
Жэтоны для вагнераўцаў Леанід Баброўскі адпраўляе праз расійскую кур'ерскую службу СДЭК. Гэта з вялікай імавернасцю можа значыць, што на дадзены момант замоўнікі знаходзяцца ў Расіі. Дарэчы, менавіта праз беларускія пункты СДЭК расійскія акупанты-марадзёры вясной 2022 года перасылалі ў Расію рэчы, нарабаваныя ва Украіне.
На старонцы Леаніда Баброўскага «ВКонтакте» пераважная большасць сяброў — з Расіі. Сярод іх сустракаюцца людзі з закрытымі для агульнага доступу акаўнтамі і з сімволікай «Вагнер» на аватарках. Пры гэтым, разам з жэтонамі для вагнераўцаў Леанід Баброўскі робіць розныя вырабы для былых або дзеючых беларускіх вайскоўцаў.
На сваёй старонцы ў якасці аднаго з двух кантактных нумароў Леанід Баброўскі пазначыў нумар, які належыць студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Майстрыха.by», што знаходзіцца ў Цэнтры творчасці ў Бабруйску. Імаверна, там месціцца майстэрня Баброўскага.
Удалося высветліць імёны і прозвішчы двух з чатырох замоўнікаў жэтонаў — гэта Аляксандр Цярненка (у сацсетцы «ВКонтакте» пад імем «Александр Рус») і Дзмітрый Шурко.
На сайце, на якім размяшчаюцца тэксты рашэнняў і прысудаў расійскіх судоў, маецца інфармацыя пра чалавека з імем Аляксандр Цярненка. Паводле зместу прысудаў ён меў чатыры тэрміны па крымінальных артыкулах, пачынаючы з 2006 года. А менавіта, быў асуджаны за збіццё, вымаганне, рабунак і разбой. Апошні 12-гадовы тэрмін за разбой Аляксандр Цярненка атрымаў у чэрвені 2019 года.
Паколькі быў час, калі ў ПВК «Вагнер» масава набіралі вязняў з расійскіх калоній і турмаў, то ёсць падставы лічыць, што згаданы Аляксандр Цярненка патрапіў у шэрагі «вагнераўцаў» менавіта такім чынам. І замест адбывання тэрміну за разбой ён атрымаў магчымасць займацца разбоем на акупаваных тэрыторыях.
У Аляксандра Цярненкі жэтон з літарай «К», якая адпавядае назве прыгожынскага праекта вярбоўкі ў ПВК людзей з месцаў зняволення — «Праект К».
Пра яшчэ аднаго вагнераўца, Дзмітрыя Шурко, які зацікавіўся жэтонам, вядома, што ён мае падзяку ад тэрарыстычнай групоўкі ЛНР. У гэтай падзяцы сказана, што Шурко браў удзел у расійскай агрэсіі з 31 кастрычніка 2022 года да 1 красавіка 2023 года.