«Я бачыў белыя сцены, калі выйшаў — усе ў крыві»

Увечары 9 жніўня Віталь Паўлючэнка, 43-гадовы, інжынер-будаўнік з Мінска вяртаўся з працы. Але дахаты ў той вечар так і не трапіў: замест гэтага — аўтазак, Акрэсціна, ЛПП у Слуцку...

1d2ff137_3c4d_4776_9a53_bcdcf1f3e2f0_w650_r0_s.jpg

„9 жніўня, выбары. Мы прагаласавалі і сфатаграфаваліся з белай стужкай на руцэ — дачка прыгожа зрабіла.
Увечары чалавек 200 выйшлі да 53-й школы і чакалі, калі нам вынесуць вынікі. Выбарчая камісія з чорнага ходу выбегла і села ў сіні бус. Мы падбеглі да іх, крычалі «Ганьба!». Потым нейкі хлопец пачаў фарбай гэты бус абмазваць. Калі міліцыя прыехала, усе разбегліся. Мы пайшлі да плошчы Бангалор, але там нікога не было — вярнуліся дадому.
У панядзелак на працу. Далі заданне ўначы выйсці — на Чкалава мост у крытычным стане, крайнія бэлькі трэба было падперці. Мы масты будуем. А я старшы прараб. Матэрыялы сабралі, кран замовілі. Чакаем. Недзе ў шэсць патэлефанаваў галоўны інжынер: «Падзеі храновыя, дзяржслужба забараніла кудысьці выязджаць увечары». А мне ж трэба было яшчэ з Шабаноў паехаць у Чыжоўку, забраць кранаўшчыка, каб ён забраў кран і падпісаў дакументы.
Дзесьці ў сем-паўвосьмай я ўжо сабраўся ехаць дадому — да ГЦ «Рыга». Жонка патэлефанавала: «Віталік, не прыязджай: тут у нас збіраюцца барыкады рабіць». А інтэрнэт адключаны быў, я нават пачытаць нічога не змог. Вырашылі, з'ездзім пакуль на аб’ект, я хоць калегу ўвяду ў курс справы. Потым вырашылі ехаць да мяне.
Каталіся, каталіся да гадзінак адзінаццаці — паўсюль перакрыта. Дзесьці сігналілі машыны. Мы таксама пасігнальвалі. Ну цікава было. Мая жонка ўсё кажа: «Не прыязджай, тут вайна нейкая: узрываецца, страляюць па вокнах». Ну што рабіць, нідзе не пускаюць машыны. Кіроўцу адпусцілі, самі вырашылі, пешшу пойдзем, праз двары прабярэмся. А потым двары закончыліся — у нас насупраць была стэла.
Людзі стаяць на ўзгорку. Машын няма, ДАІ няма. Ідзём да моста праспектам Машэрава. Аўтазак стаіць. І з аўтазака выбягаюць, напэўна, шэсць амапаўцаў. Падбягаюць двое — і давай нас біць. Потым яшчэ двое падбеглі — і мне як далі! Глядзяць, напэўна, што вялікі. Далі ў калена берцам. Нага сагнулася ў другі бок, уяўляеце. Звязкі ўсе парваныя. Я адразу ўпаў. Б’юць па спіне. Папрасіўся: «Не біце, калі ласка». Тлумачу, што з працы ішлі. Яны: «Паказвайце тэлефоны».
Пачынаюць фоткі глядзець. І ўбачыў тое фота, дзе я са стужкай — «Дык вось вы за каго! Вы ўдзельнічаеце ў мітынгу!» Зноў пару разоў дубінкай атрымалі па спіне. Вельмі лаяліся мацюкамі. Кажа іх галоўны: «Давай у аўтазак іх». А я ўстаць не магу. Ён на майго калегу: «Бяры яго пад рукі». Нас у аўтазаку тварам у падлогу, не падымаць галаву, рукі за спіну.
Дзесьці праз хвілін 40 сказалі выходзіць. Амапавец хоча ўдарыць, я адчуваю. Прашу: «Не бі, у мяне нага хворая, зараз упаду тут, увогуле разаб’юся». Ён не крануў. Мы апынуліся на Акрэсціна. Гэта была, напэўна, гадзіна ночы.
Нас усіх, чалавек 250, выстраілі да сцяны каля плоту. Міліцыі вельмі шмат, чалавек пад 50. Амапаўцы потым сабраліся і з'ехалі. Калі ўсіх паставілі на калені, я папрасіўся: «Не магу стаяць», боль вар’яцкі. Міліцыянтка дазволіла: «Прысядзьце тады на бардзюр. Толькі апусціце галаву, бо не любяць, каб глядзелі». Але я падглядаў — цалкам па перыметры агароджы стаялі людзі на каленях, і рукі былі на плоце. Потым яны да кожнага падыходзілі з камерай: дзе затрымалі, прозвішча…
Прыязджала «хуткая», паглядзелі нагу, сказалі, што расцяжэнне. Мяне потым пасадзілі ў альтанку, таксама з апушчанай галавой і рукамі ззаду. Кожны міліцыянт лічыў сваім абавязкам спытаць: «А чаго ён тут сядзіць, я не зразумеў?».
Я там трошкі агрызаўся з міліцыянтамі. «Дарослы дзядзька, чаго ты тут?» — «З працы ішоў». — «Вы ўсе кажаце, што з працы». — «Я кажу, з працы». Заткнуўся і пайшоў. Такі рыжы быў, г..ністы. Падыходзіў і хлопцаў яшчэ ні за што… Потым, калі забіраў свой тэлефон, сказаў, што добра яго запомніў — ён адразу прыціх. А там ён героем ходзіць.
Праз гадзіны 2-3 толькі пачалі нас запускаць усярэдзіну. Памяшканні 4х4, пад адкрытым небам. Зверху хадзілі снайперы. Адразу там было чалавек 50, на наступны дзень, хлопцы казалі, нават па 120 чалавек стаялі, шчыльненька. Людзі проста суткі стаялі, сядзелі, нават ляжалі адзін на адным на гэтай бетоннай падлозе. Яе цяжка назваць бетоннай — яна разбураная. Убачыць гэта, вядома, страшна.
Я дзесьці гадзіну пастаяў з хлопцамі, потым кажу: «У мяне, напэўна, зараз галава закружыцца». Яны пастукалі: «Чалавеку кепска, дайце крэсла». Тыя адчынілі праз хвілін дзесяць, вывелі мяне ў калідор, куды ўсе камеры выходзяць.
Пасадзілі на крэсла мяне і яшчэ аднаго хлопца. Проста ў калідоры. Хлопец таксама не мог стаяць. Яму галаву пабілі — ён не адчуваў палову галавы, рука была сіняя. І стрэлілі ў нагу, у жывот і вышэй сэрца. І галоўнае, ірваных ранаў не было: такая чорная пляма, а вакол сантыметраў 10 сіняк. Там забаранялі размаўляць, але калі яны сыдуць… Самае цікавае, яны сыходзяць, а потым яшчэ вяртаюцца і глядзяць на нас. Каб мы не ўцяклі, ці што?
Назіралі. Людзі стукаюцца, просяцца ў туалет. Выводзяць 15-16 чалавек, лічаць — усё, ты лішні. Заводзяць усіх у туалет — памяшканне дзесьці 3х2. Людзі прасілі бутэлькі вады набраць — давалі ім бутэлькі пустыя. Потым наступныя 15 чалавек. Пакуль апошнюю камеру давядуць, ужо першая хоча зноў у туалет. Плюс 2-3 чалавекі бачыў, якія не датрывалі «па вялікай патрэбе».
Потым адбыўся адзін выпадак такі. Дзесьці на другім паверсе людзі крычалі «Выпускай!». Як лозунг. Хвілін пяць крычалі. Праходзіць начальнік праз калідор, мянтоў дзесьці 30-40, кожны з дубінкай. Нас з крэсламі — у камеру да хлопцаў. І чуем: выводзяць гэтых хлопцаў, ставяць на калені. І як аддубасілі іх... Крычалі, бедныя. «Каго выпускаць? Ты хочаш, каб цябе выпусцілі?» Мацюкаюцца. Адзін хлопец крычыць: «У мяне ныркі, не бі!» — і той б’е знарок па нырках. Потым яны нас дваіх з крэсламі вывелі назад. Я бачыў белыя сцены, калі выйшаў — усе ў крыві.
Супрацоўнікі Акрэсціна спакойна ставіліся, я з імі быццам і пазнаёміўся. Прынёс адзін тры кавалачкі хлеба і бутэльку вады нам. І потым яшчэ прынёс пакет капусты квашанай. Мы з пацаном перакусілі крыху, потым, калі хлопцы з прыбіральні ішлі, я першаму, які папаўся, аддаў капусту.
Лекарка прыходзіла кожныя 20-30 хвілін. Проста былі хлопцы-сардэчнікі. Былі хлопцы, якім трэба інсулін калоць. Былі эпілептыкі. Праз паўгадзіны да яго прыйшоў лекар, яшчэ праз паўгадзіны ў яго зноў прыступ. Гэтая доктарка проста здзекавалася: «А вы не колецеся? А вы не п’яце?»
Увесь дзень 11 жніўня мы праседзелі, а холадна, я ў майцы адной, дый тая падзёртая, дзесьці ў адзінаццаць вечара толькі нас завялі ў камеру. Міліцыянт зайшоў сам: «Хлопцы, пакладзіце яго, у яго з каленам праблемы». У камеры сядзелі чалавек 20 — усе ў фінгалах, пабітыя, спіны, азадкі сінія, хто кульгае, у каго палец зламаны. Здымалі штаны — хтосьці смяяўся, хтосьці плакаў. Стагналі людзі. У аднаго хлопца ногі былі так адбітыя… Ён усё абліваў штаны вадой, каб неяк боль суняць і смыленне. Аднаму чалавеку таксама было кепска. Ён быў на ўліку дзесьці ў Навінках, яго павінны былі ўвечары забраць, але прыехалі толькі праз суткі.
Хлопцы шашкі прыдумалі з чорнага хлеба, квадратныя — белыя, а круглыя — чорныя. Я першае месца заняў у шашках, яшчэ калі ў школе вучыўся. Таксама хацелася з імі пагуляць, але нага баліць, не ўстанеш, не пасядзіш. Удзень ужо сядзіш, вядома, каб хлопцы ўсе селі.
Вельмі дрэнна спіцца. Голыя дошкі. Хтосьці храпе. Круціўся кожныя 10-15 хвілін. Перавернешся — здаецца, так не ные нага. Потым зноў. Астатнія хлопцы пад ложкам, на падлозе. Нас 25 чалавек было, а камера на чатырох. Каронавірус яшчэ — гэта ў мяне заўсёды ў галаве было.
Святло ўвесь час гарэла. Прасілі крыху прыглушыць — нельга. У абед далі суп. Я 2-3 лыжкі з'еў, але не хацелася. Калі кармілі апошні раз, далі нам пяць талерак кашы на 25 чалавек — дзяліце. Гарбату давалі. Заварка ёсць быццам, а на руку лінуў — гарбата белая. Проста хацелася чаго-небудзь гарачага, але яна летняя была, а ўсё роўна было прыемна. Разумееце, там, каб «па вялікай патрэбе» схадзіць, трэба прысесці, а ў мяне нага. Карацей, дзесьці трое сутак не еў.
Увечары 12 жніўня нас павялі на суд. Амапавец, такі дзядзька тоўсты, усіх прымушаў бегчы гэтых 4-5 паверхаў, да суда і назад. Некаторым рукі заломваюць, яны сцяжкамі такімі пластыкавымі скутыя, — і ледзь не да каленяў галава.
Памочніца суддзі ў мяне спытала, ці патрэбен адвакат. Я адмовіўся. Суддзі расказаў сітуацыю, яна кажа: «Мы вам дамо 13 сутак». «Ну навошта? — кажу. — Я ж начальнік участка, масты будую. Вось на Жукава эстакаду трохузроўневую я пабудаваў, мне за гэта Ладуцька, ён яшчэ мэрам быў, медаль уручыў. Дайце хоць 10». «Будзеце выступаць, зараз 15 дам». І слёзы ідуць. Гэта ж на ўсё жыццё застаўся адбітак.
На наступны дзень вывелі ў гэтую малпоўню зноў, пад адкрытае неба. Мы чакалі гадзіны 3-4. Потым ізноў называлі прозвішчы, выводзілі ў двор — збіралі па 25 чалавек, каб садзіць у аўтазак. Амапавец падышоў да мяне: «Дзядзька, што з табой здарылася?» Ён забраў мяне з сабой, папрасіў амапаўцаў дапамагчы мне забрацца. І хвілін 10 я ўжо сядзеў у аўтазаку, а потым хлопцы зайшлі.
А калі выязджалі, валанцёраў шмат каля Акрэсціна, усе пляскаюць. Потым павярнулі і на праспект, на Брэст — столькі людзей, і ўсе кветкі трымаюць. І так сляза прабіла. Гэта афігенная падтрымка! Але было вельмі крыўдна, што так з нашага беларускага народу здзекуюцца.
Амапаўцы прыязныя трапіліся: дастае адзін пачак цыгарэт… Проста ў аўтазаку чалавек 20 сядзяць і кураць, дым слупом. Пазней той самы амапавец падышоў да мяне: «Можа, нешта хочаш перадаць?» Кажу: «Жонцы званочак адзін». Так жонка даведалася, што я ў Слуцку.
Прывезлі нас у Слуцкае ЛПП, а там унутраныя войскі, з аўтаматамі. Завялі ў душ, мыла далі. Ручнікоў не было, я майкай жа і выцерся. Потым завялі ў вялікую казарму, дзесьці чалавек на 250 было. Быў нават тэлевізар у другім адсеку.
У пятніцу, 14 жніўня, аб’яўляюць: «Будзем вас, хлопцы, адпускаць. Толькі трэба падпісаць нейкія паперы». Маўляў, калі раптам зноў будзеш удзельнічаць у мітынгу, гэта ўжо будзе крымінальная справа. Я ўсё думаў, падпісваць — не падпісваць. Шчыра, мне так не хацелася гэтыя 13 сутак даседжваць — падпісаў. Куды ўжо я з каленам пайду.
Выходзіў амаль апошні. Далёка па бетонцы ідзеш, а там валанцёры чакаюць. Галаву апусціў, і так сорамна. Можа, за тое, што слёзы былі на вачах. І што кульгаў: здаровы мужык, а кульгае. А мне калена памазалі, забінтавалі, укол зрабілі, паесці далі, гарбаты, кавы. Я патэлефанаваў брату… І адразу як заплакаў… А ён за метраў 30 ад мяне быў, падышоў, абняў. Потым нават гонар быў нейкі. Я хачу, каб наша краіна жыла.
А пасля тэлефаную жонцы, кажа: тэрмінова сёння зняць пабоі. Мы з братам прыязджаем у БХМД. Траўматолаг выцягнуў вадкасць з калена — 35 грамаў. Мне крыху лягчэй стала. І гіпс наклалі.
Цяпер ёсць такая праблема, што не магу на калена стаць. А так… Трохі кульгаеш, трохі цягне. На машыне пакуль не езджу, праблем няма. Мне яшчэ пашанцавала, што ў мяне калена: яны глядзелі, што я кульгаю, што майка парваная, і ўжо больш лаяльна ставіліся. Ну а з псіхалагічнага пункту гледжання нейкі страх прысутнічае.
На бальнічным правёў больш за месяц. На працы кажуць: «Калі ты ўжо вернешся, засумавалі».
Гэтыя выбары многае змянілі. Мы з жонкай перасталі глядзець усе беларускія каналы. Так хлусяць... Як я раней усё гэта глядзеў? Мне яшчэ сябра пастаянна расказваў, я яму не верыў. І палітыкай пачаў цікавіцца тады, калі Бабарыка пайшоў выбірацца. Я ж у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі быў, я больш за 100 подпісаў сабраў. І яшчэ да гэтага блогер Ціханоўскі расказваў, як у краіне добра жывецца. Я падпісаўся“.
Паводле «Радыё Свабода»