«Я калі апрытомнеў, то дактары дзівіліся. Казалі — глядзі ж ты, выжыў»

Ад падзеяў 9 жніўня мінула тры месяцы. «Радыё Свабода» даведалася, як яны прайшлі для хлопца, які ледзь не загінуў ад выбуху гранаты ў цэнтры Мінску.

Акрываўленага Рамана Зайцава выносць на плячах пасля разрыву святлашумавой гранаты. Фота Уладзя Грыдзіна

Акрываўленага Рамана Зайцава выносць на плячах пасля разрыву святлашумавой гранаты. Фота Уладзя Грыдзіна


Пасля выбараў 9 жніўня будаўнік Раман Зайцаў прачнуўся калі не знакамітым, то дакладна больш вядомым, чым раней. Фотаздымак рэпарцёра «Свабоды» Уладзя Грыдзіна, на якім з-пад абстрэлу святлашумавымі гранатамі і гумавымі кулямі выносяць акрываўленага Рамана, пабачылі сотні тысяч беларусаў, яго апублікавалі іншаземныя СМІ.
Пасля той ночы Раман каля месяца правёў у Вайсковым шпіталі і, са словаў лекараў, выжыў ледзьве не цудам. Цяпер ён з сям’ёй — у Горках, дзе пакрысе вяртаецца да нармальнага жыцця.
У размове са «Свабодай» Раман расказаў, ці не шкадуе пра той вечар ля стэлы, чаму больш не ходзіць на акцыі пратэсту і ці збіраецца з’язджаць з краіны.

«Усё было дакладна так, як паказваюць у фільмах»


«Я з Горак. У прынцыпе, і жыву тут, у Мінску я працаваў, — пачынае ўзгадваць падзеі вечара 9 жніўня Раман. — І жыў там на здымнай кватэры на час працы. У Горках працу знайсці цяжка. Я будаўнік. Кожныя выходныя прыязджаў дадому. Хацеў і 9 жніўня прыехаць у Горкі, прагаласаваць тут, але была праца — і не ўдалося. Таму мы з сябрам вырашылі пайсці на мірную акцыю, такім чынам унесці свой уклад. Прыйшлі. Некаторыя станцыі метро тады ўжо былі закрытыя, паехалі аўтобусам. Да стэлы. Прыйшлі, стаялі там. Людзей ужо шмат было — паабапал вуліцы, на ўзгорках, на самой вуліцы».
Паводле яго, гэта ўсё адбывалася прыкладна ў 23 гадзіны. Усе стаялі, «ніхто не правакаваў нічога». Максімум чалавек 10 выстаўлялі сметніцы на праезную частку.
«Сілавікі пачалі кідаць святлашумавыя гранаты. Але спачатку на дарогу, не ў натоўп. А потым пад’ехалі джыпы з рамкамі, вадамёт пачаў паліваць людзей. Стала зразумела, што зараз будзе разгон, пачнуць біць. Мы з сябрам вырашылі адтуль сыходзіць. Але праз некалькі секундаў я адчуў моцны ўдар у грудзі і выбух», — прыгадвае Раман.

Дабравольцы аказваюць Раману першую дапамогу

Дабравольцы аказваюць Раману першую дапамогу


Пра тое, што ў яго на грудзях разарвалася святлашумавая граната, Раман даведаўся значна пазней, ад лекараў. Хлопец расказвае, што зусім не бачыў, адкуль яна прыляцела, і нават не зразумеў, што адбылося.
«Я нічога больш не чуў, — кажа ён. — Упаў, усё было запаволена — дакладна так, як паказваюць у фільмах. Папоўз да травы, з рота лілася кроў. Сам увесь у крыві быў. Прапоўз я метраў сем. А потым усё, упаў. Мяне падабралі нейкія хлопцы, аднеслі далей ад сілавікоў, да “хуткай”. Там быў адзін мужчына. Ён назваўся былым вайскоўцам і загадаў прынесці скотч, каб заклеіць мае раны. Далучыўся фэльчар “хуткай”, мне паставілі кропельніцу, зрабілі ін’екцыю. Я ўсё памятаю, быў у прытомнасці. Памятаю, як павезлі ў “хуткай”. Пэўны час вырашалі, куды мяне везці, каб я не памёр у дарозе. Так і гаварылі адкрыта. Я тады думаў, каб мяне хоць куды хутчэй адвезлі».

Лекары не спадзяваліся, што ён выжыве


Раман кажа, што бачыў сваю руку з адарванымі палечніцамі, косткі, але болю не было. Напачатку яго адвезлі ў 2-ю лякарню, там Раман страціў прытомнасць. Назаўтра параненага перавезлі ў Вайсковы шпіталь. Лекары не спадзяваліся, што ён выжыве.

a97708b1_b03b_484c_9329_dbfc3bb0d200_w1023_r0_s.jpg


«Я калі апрытомнеў, то дактары дзівіліся, — кажа Раман. — Казалі, што я малойца. Праходзілі побач і так і гаварылі — глядзі ж ты, выжыў. Яшчэ тыдзень я правёў у рэанімацыі, потым перавялі ў хірургію. Аперацыяў шмат было, нават не магу сказаць, колькі. Каля дзесяці, напэўна. На мне не было жывога месца. Шылі, чысцілі раны. Агулам я недзе месяц у лякарні быў. Там да мяне вельмі добра паставіліся. І лекары, і ўсе».
Раман расказвае, што сачыў за падзеямі ў краіне, пакуль ляжаў у шпіталі. Тэлефон у яго амаль адразу забралі следчыя, але жонка прывезла іншы. Тады ж Раман змог пабачыць зробленыя 9 жніўня ля стэлы фотаздымкі, якія зрабілі яго знакамітым.
«Мне жонка іх паказала, — кажа хлопец. — Прыехала ў хірургію да мяне, пацікавілася, ці хачу я іх паглядзець. У мяне псіхіка ўстойлівая, таму я нармальна на іх глядзеў. Натуральна, падзеі тыя зноў адчуваюцца, калі гляджу на фота. Але нармальна ўспрымаю гэта. Жонка пабачыла фота ў першую ж ноч. Ёй расказала родная сястра, яна сачыла за падзеямі. Убачыла фота і пазваніла Аліне, усе вельмі моцна перажывалі».

«Пазнала па ланцужку»


Раман Зайцаў і яго жонка Аліна гадуюць дваіх дзяцей. Старэйшаму — 5 гадоў, малодшай толькі споўніўся год. Аліна расказвае, што ўвечары 9 жніўня клалася спаць спакойная, бо думала, што Раман нікуды не пойдзе.
«Ён мне ў дзевяць гадзін вечара пазваніў з Мінску і сказаў, што неўзабаве кладзецца спаць, — кажа Аліна. — Я паверыла, у панядзелак цяжкі дзень на працы заўсёды. А ў дзве гадзіны ночы мне пазваніла сястра, якая жыве ў Чэхіі. Яна пісала спачатку, але інтэрнэту не было. Сястра спытала: дзе Рома? Я кажу, што ён спіць. Тады сястра расказала, што бачыла фота ў тэлеграме. І там у чалавека такі ж ланцужок, як у Ромы. Яго тады шмат хто пазнаў па тым ланцужку. Сястра мне таксама расказала, што Рому маглі завезці ў 2-гі шпіталь. Я пачала яму званіць, тэлефон недасяжны. Сябрам яго набрала, пачула, што яны на вуліцы, самі шукаюць майго мужа. У мяне пачалі трэсціся рукі, я зразумела, што гэта ён на тым здымку».

raman_i_alina_zajcavy.jpg


Каб знайсці мужа, Аліна пачала званіць 103, пасля ў шпіталь. Там паведамілі, што Раман на тэрміновай аперацыі. Пра гранату не расказалі, толькі сказалі, што моцна паранены.
«Адразу пасля ранення Рамана мне пачалі пісаць у інстаграме, што гэта ўсё пастаноўка, — расказвае Аліна пра наступныя падзеі. — Што муж у грыме, што насамрэч з ім нічога не здарылася. Каментары там дагэтуль ёсць такія, я не выдаляла. Пісалі, што не было чаго яму туды хадзіць, бо дома жонка і двое дзяцей. Пасля, калі нам пачалі збіраць грошы, зноў пайшлі каментары. Маўляў, няма чаго выпрошваць. Пісалі, што нічога не зменіцца ўсё адно. У твар таксама казалі такое. Знаёмыя ў тым ліку. Я магла выйсці ў краму і атрымаць такое ў твар. Гэта было, пакуль Рома ў лякарні быў. Цяпер перасталі».

«Цяпер не працую, які з мяне работнік»


«У нас горад невялікі, тут хадзілі чуткі, што я не выжыву, — расказвае Раман. — Усе перажывалі. Знаёмыя, родныя, нават незнаёмыя. Мяне цяпер пазнаюць ужо, незнаёмыя людзі жадаюць папраўляцца, паляпшэння самаадчування. Я ў Горках з пачатку верасня, вярнуўся адразу пасля выпіскі. Цяпер не працую, які з мяне работнік. На будучыню вяду перамовы. Планую, як можна далей працаваць з кампаніяй, з якой раней супрацоўнічаў. Дзяцей гадую. Старэйшага ваджу ў садок, дапамагаю ў доме жонцы. У краму хаджу».
Раман прызнаецца, што раны «моцна баляць», і патрэбен час, «пакуль усё гэта зажыве».
«Лекары кажуць, што на рэабілітацыю трэба паўгода. На пачатку лістапада будзе аперацыя на вушах, барабанныя балоны не зрасліся. Трэба рабіць перасадку. Але інваліднасці не будзе. Я нармальна чую. Не так, як раней, але нармальна. Жонцы даводзіцца гучней са мной размаўляць».
Будаўнік расказвае, што грашыма яму дапамаглі беларусы з-за мяжы, а таксама сябры. Ёсць свой запас, на які цяпер жыве сям’я Рама. Ягоная жонка Аліна пакуль у дэкрэце і таксама не працуе.
«Заявы ў Следчы камітэт я не пісаў, яны самі завялі справу, — працягвае сваю гісторыю хлопец. — Цяпер мне прыходзяць адпіскі. СК накіроўваў запыты ў МУС, тыя адказваюць, што з іхнага боку парушэнняў не было. Груба кажучы, так, я даслоўна не памятаю, што яны там пішуць. Ніякага руху ў бок нейкай праўды, пакарання вінаватых я не назіраю. Усе разумеюць, чаму так адбываецца. Ніхто не хоча цяпер разглядаць нашы справы».
Паводле яго, сілавікі самі не ведаюць, што будзе далей.

a90f285c_68b0_4be6_9983_7a41a712a769_w1023_r0_s.jpg


«Зразумела, з якога боку прыляцела мне гэтая граната. Але хто яе запускаў? Які канкрэтна чалавек? Ведаю, што супраць некаторых пацярпелых ля стэлы пачалі справы. Але мяне пакуль не выклікалі нікуды. Я званіў свайму следчаму даведацца, як усё прасоўваецца. Ён сказаў, што справу ў яго забралі і перадалі іншаму. На гэтым усё, я нават не ведаю, хто цяпер займаецца маёй справай. Ніхто са мной больш не звязваецца».
Параненыя падчас акцыяў могуць з’ехаць на лячэнне альбо рэабілітацыю за мяжу — у Чэхію, Літву, Польшчу альбо Латвію. Раман кажа, што не хоча так рабіць. Надалей ездзіць да лекараў у Мінск, кажа, што там да яго ставяцца надзвычай добразычліва.
«Я хачу тут жыць, у Беларусі, не хачу нікуды з’язджаць, — кажа Раман. — Навошта мне некуды ехаць хавацца? Я хачу, каб справядлівасць у нас усё ж перамагла. Спадзяюся, што так і адбудзецца, што вінаватыя будуць пакараныя і жыццё вернецца на нармальны шлях. Натуральна, калі пачнецца пераслед, я вывезу адсюль сваю сям’ю. Але так з’язджаць я нікуды не збіраюся».
Раман і ягоная жонка Аліна не сталі хаваць ад старэйшага сына таго, што адбылося з бацькам. З іхных словаў, 5-гадовы Мацвей пакуль успрымае гэтую гісторыю як нешта несур’ёзнае.
«Мы яму расказалі, — кажа жонка Рама. — Цяпер, калі ў яго спытацца: “Мацьвей, што з татам?” — то ён адказвае, што тата падарваўся на гранаце, што ў яго раны і няма пальцаў. Сын яшчэ не ўсведамляе, наколькі сур’ёзна ўсё было. Гэта для яго як гульня, як нейкі фільм».

«Напачатку я шкадаваў, што пайшоў туды»


Раман з Алінай гавораць, што не вялі «сур’ёзных размоваў» пасля таго, як ён вярнуўся ў Горкі. У сям’і няма рознагалоссяў наконт таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі.
«Напачатку я шкадаваў, вядома, што пайшоў да стэлы, — прызнаецца хлопец. — У шпіталі быў зусім у бездапаможным стане. Натуральна, былі думкі, што калі б не пайшоў, то ўсё было б нармальна. Але цяпер разумею, што калі б там са мной не здарылася гэтага, то я дагэтуль хадзіў бы на ўсе акцыі. Такая ў мяне пазіцыя зараз. Пакуль не хаджу нікуды. Нават не змагу ўцячы са сваімі ранамі. Бегаць я яшчэ не магу. Але мы кожную нядзелю сочым за тым, што адбываецца ў Мінску. Гэта ўжо абавязковая наша праграма. Кожны дзень сочым за навінамі».

a19c0661_1722_4963_a998_45b1e8258841_w1023_r0_s.jpg


Хлопец кажа, што тады, на пачатку жніўня, і нават у сам дзень выбараў, ніхто не чакаў такога жорсткага разгону. На думку Рамана, гэта стала адной з прычынаў такіх значных паслявыбарчых пратэстаў.
«Людзі выходзяць, бо разумеюць, што гэта ўсё няправільна, — кажа хлопец. — Народ не хоча маўчаць. Колькі пакалечаных, нават забітыя. Як гэта ўсё можна дараваць? Мне падаецца, што людзі ўжо наеліся ўсяго. Трэба, каб штосьці змянілася. У лепшы альбо ў горшы бок. У кожным разе ў будучыні ўсё адно будуць перамены да лепшага. Я сам пайшоў тады на стэлу, калі пачуў пра 80%, якія прагаласавалі за Лукашэнку. Гэта было апошняй кропляй. Ніхто за яго не галасаваў, нікога няма ў маім атачэнні, хто б яго падтрымліваў. Адзін сябра толькі такі. Мы не перасталі сябраваць, але палітычных тэмаў не закранаем».