Як мірная Беларусь стала паслугачкай новага фашызму
Пад завяршэнне свайго «бацькоўства» беларускі дыктатар уцягнуў Беларусь у вайну, і не проста ўцягнуў, але зрабіў з «мірнай» і «партызанскай» Беларусі агрэсарку — распачынальніцу вайны. Так ужо запісана ў гісторыі.
Беларускі рэжым да ўсяго даў прытулак і платформу для нападу на Украіну фашысцкім расійскім вайскам, якія гібрыдна і пад маркай хаўруснай дзяржавы яшчэ раней акупавалі Беларусь. Выраз «нашыя бабулі і дзядулі перавярнуліся ў сваіх трунах» мае цяпер сэнс і для тых, хто не верыць у той свет. Нашыя бабулі і дзядулі, якія перажылі вайну і перамаглі тагачасны заходні фашызм, сапраўды, у гэтыя дні бясконца пераварочваюцца ў могілках, бо іншы ўсходні фашызм зваяваў нас і пагражае Еўропе. І нашыя бабулі і дзядулі ці наогул папярэднія пакаленні беларусаў таксама вінаватыя ў гэтым. Зразумела, яны дзіўным чынам выжылі і пражылі ўсё жыццё ва ўмовах безупыннай савецкай дыктатуры, яны не ведалі і не маглі ведаць дэмакратыі. Аднак гэта не апраўдвае іх мінімалізму і таго, што яны не зрабілі больш для нашай эмансіпацыі, не паслухалі маладых, якія не маглі галасаваць у 1994 годзе і пазней і выбралі жыццё не для маладых пакаленняў, а па-эгаісцку для сябе і для дыктатара. Нашыя бабулі і дзядулі дапусцілі і апраўдалі праз свае мінімалісцкія патрабаванні кшталту «абы не было вайны» новую вайну, новую акупацыю і бразганне зброяй на нашай зямлі.
Берасцейская крэпасць з геройскай ператварылася ў здрадніцкую і маўклівую сведку таго, як расійская зброя прыбывае да мяжы з Украінай, каб выкарыстаць яе супраць мірных і еўрапейскіх украінцаў. Дзе ж тыя берасцейскія героі, якія спрабавалі спыніць іншы фашызм і так лёгка, амаль з радасцю здаліся і прымаюць эшалоны пад сцягам расійскага фашызму?
Беларускі дыктатар скарыстаўся наіўнасцю нашых бабуляў і дзядуляў, а таксама бацькоў, шармаваў іх сваёй калгаснай простасцю, а цяпер ад імя нацыі здрадзіў беларускай адданасці міру і сяброўству з Украінай. Мы на стагоддзі зганьбаваныя перад дарагой Украінай, у сораме перад украінцамі нам жыць нашыя жыцці па віне дыктатара.
Ва ўмовах вайны я безупынку прыгадваю размовы з памерлымі ўжо бабулямі, якія, як і сотні тысячаў іншых беларусаў у 90-я гады мінулага стагоддзя, выключна для сябе выбралі прэзідэнта-дыктатара, а для нас выбралі бесперспектыўнасць і шлях пакінуць радзіму. Яны выбралі Беларусь будучыні без нас, не для нас. Яны выбралі сучасную вайну. Я люблю і шкадую бабуляў, якія нарадзіліся ў гвалтоўнай краіне СССР. І таму, што я люблю іх, я застаюся крытычным і шчырым — узгадваю іх без прыкрасаў.
На жаль, Беларусь застаецца ў ідэалагічным чмуце, распыленым усходняй хаўрусніцай. Дасюль Беларусь ігнаруе і не жадае чуць свае ж крытычныя галасы: Ф. Аляхновіча, Л. Геніюш, С. Грахоўскага, А. Адамовіча, В. Быкава, С. Алексіевіч і менш слынных беларусаў і беларусак. Зрэшты, размова з адной такой крытычнай і малавядомай свету беларускай вярнулася ў памяці, як толькі пачалася вайна. Размова, якой цяпер не забуду да скону. У 2020 годзе да апошняга дня хворая на рак мінская сяброўка Надзея Іванова сачыла за беларускімі падзеямі і шмат пісала ў прадчуванні блізкай смерці. Аднаго разу яна раптам даслала мне вялікі тэкст з прабачэннямі перада мною і маладзейшымі пакаленнямі беларусаў: «Шкада, што ўсё гэта выпала на нашых дзяцей. Гэта павінна было адбыцца з намі, бацькамі, мы дазволілі монстру тварыць такое, мы моўчкі як бараны ківалі галовамі, падпісвалі кантракты, хадзілі на выбары, а хто не хадзіў, той цярпеў. Ну што ж, любыя вы нашы, даруйце нам, што мы дапусцілі, каб цяпер вы адчулі боль, знявагу і прыніжэнне…».
Нечаканае, але такое сімвалічна важнае выбачэнне ад сяброўкі, ад прадстаўніцы паваеннага пакалення нашых бацькоў надало смеласці, аптымізму і з'яднала нас унутры розных пакаленняў. Вось навошта і патрэбныя такія прабачэнні. Але ж гэтае выбачэнне павінна было быць агучанае не сяброўкай, якая ў меншай ступені вінаватая ва ўсім, а яшчэ раней мясцовымі палітыкамі, былым прэзідэнтам Беларусі, які ператварыў краіну ў паслугачку новага фашызму.