Як прапагандысты выкарысталі француза

Адрыян Баке заявіў, што быў сведкам інсцэніроўкі ва ўкраінскай Бучы. Цяпер яго заявы актыўна рэтранслююць расійскія і беларускія прапагандысты. Аднак выявіліся цікавыя дэталі. Расказ Баке не адпавядае нават храналогіі падзей у Бучы.

97_1.png

Так, Адрыян Баке двойчы прыязджаў ва Украіну з валанцёрскай місіяй па дастаўцы гуманітарнай дапамогі, медыцынскага абсталявання і лекавых прэпаратаў.

Фальсіфікатары сцвярджаюць, што Баке быў на захадзе Украіны, на польска-ўкраінскай мяжы і ў Бучы, дзе нібыта ўбачыў катаванні і забойствы расійскіх ваеннапалонных. Таксама ён сцвярджае, што стаў сведкам таго, як украінскія вайскоўцы вялі падрыхтоўку да інсцэніроўкі масавых забойстваў мірнага насельніцтва.

Баке гаворыць, што бачыў катаванні і забойствы расійскіх ваеннапалонных на поўначы Бучы ў адным з ангараў у першыя дні красавіка. Паводле слоў валанцёра, ён часта размаўляў з украінскімі вайскоўцамі, а таксама «азоўцамі». Ён лічыць іх стаўленне да рускіх, яўрэяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў бесчалавечным.

Баке сцвярджае, што на пачатку красавіка бачыў правакацыю, якую нібыта рыхтавалі ўкраінцы, каб абвінаваціць Расію ў масавых забойствах мірнага насельніцтва.

«Калі мы заехалі ў Бучу на аўтамабілі, я знаходзіўся на пасажырскім сядзенні. І калі мы праязджалі па горадзе, я бачыў на абочынах вуліц трупы, і пры гэтым у мяне на вачах з грузавікоў даставалі целы людзей, якія выкладвалі побач з целамі, якія ляжаць на зямлі, каб надаць эфект масавасці гібелі людзей», – адзначыў ён.


Аднак ніякіх даных, якія пацвярджаюць яго знаходжанне ў Бучы, гэты чалавек не прадставіў.

Спачатку падчас эфіраў Баке заяўляў, што ў яго ёсць «сотні відэа ваенных злачынстваў украінскіх вайскоўцаў».

Але ён не паказаў ніводнага. Пазней экс-вайсковец сцвярджаў, што «азоўцы» забаранялі яму рабіць фота і відэа. Але ж чаму раней ён казаў іншае?

Існуе толькі некалькі фота, зробленых у Львове ў складзе гуманітарнай місіі, у якой браў удзел Баке. Мясцовыя пацвярджаюць, што Адрыян прыязджаў двойчы ў Львоў, але ніколі сістэматычна не працаваў з мясцовымі гуманітарнымі арганізацыямі.

Пагаварыць з А.Баке мясцовым не ўдавалася: ён не разумеў ні рускай, ні ўкраінскай (хаця ў сваіх інтэрв’ю сцвярджае, што «трохі разумее рускую і ўкраінскую», дзякуючы чаму нібыта даведаўся, пра што гаварылі паміж сабой «украінскія нацысты з палка "Азоў"» у Бучы).

Расказ Баке не адпавядае і храналогіі падзей у Бучы. З сярэдзіны па канец красавіка 2022 года, калі ён мог наведваць Украіну, у Бучы ўжо не адбывалася ваенных дзеянняў, там не было ні параненых, ні тым больш узятых у палон расійскіх вайскоўцаў. Буча была акупаваная расійскімі войскамі з канца лютага да 1 красавіка.

Ужо 1 красавіка ўвечары было апублікавана першае відэа з мёртвымі целамі на вуліцах горада. Гэта значыць, Баке ніякім чынам не мог знаходзіцца ў Бучы і бачыць «неанацыстаў, якія здзяйснялі ваенныя злачынствы».


Баке ніколі не называе дакладных датаў сваіх візітаў ва Украіну. Але як даведаліся французскія журналісты, Адрыян Баке на працягу красавіка ажыццяўляў толькі кароткатэрміновыя візіты на тэрыторыю Украіны. Упершыню ён заехаў ва Украіну праз пункт пропуску «Шэгіні» 4 красавіка і выехаў у той жа дзень. Яго другі візіт адбыўся з 5 па 6 красавіка.

Пазней ён вярнуўся ва Украіну толькі 17 красавіка, заехаўшы праз пункт пропуску «Кракавец», і пакінуў тэрыторыю краіны 19 красавіка – гэта самы працяглы візіт Баке, які таксама заняў не больш за 72 гадзіны.

Апошняе праходжанне Баке польска-ўкраінскай мяжы адбывалася паміж 19 і 20 красавіка. Гэтыя дадзеныя абвяргаюць магчымасць паездкі ў Бучу, якая знаходзіцца як мінімум за 7 гадзін язды ад Львова (з улікам блокпастоў рэальная дарога ў красавіку заняла б нашмат-нашмат больш). На знаёмства і зносіны з байцамі «Азова» ў Бучы ў Баке проста не было б часу, нават калі бы ён нейкім чынам туды паспеў.


Адрыян Баке сваім выдуманым расказам навязвае грамадскай думцы Захаду аргументы, якія Расія выкарыстоўвае для апраўдання агрэсіі супраць Украіны. А беларускія праўладныя СМІ чарговы раз рэтранслююць гэтую хлусню.

 Паводле Народнай Волі