Лукашэнка зноў выкрыў вінаватых у забойствах у Бучы. Трагедыю назваў «паказухай»
Аляксандр Лукашэнка, каментуючы ў інтэрв'ю Associated Press трагедыю ў Бучы, назваў забойствы «паказухай» і заявіў аб прысутнасці ў горадзе ангельцаў, якія прыбылі з Львова. Яго словы прыводзіць reform.news са спасылкай на БелТА.
«Я хачу да вас, да Захаду перш за ўсё, звярнуцца з такімі ж
словамі: хопіць хлусіць. Вы дарма прыводзіце прыклад Бучы. Тое, што адбывалася ў
Бучы (я не ведаю, наколькі вы пагружаныя ў гэта), — мы ведаем, хто арганізаваў
гэтую паказуху. Мы кантралявалі працэс ангельцаў, там у асноўным былі
англічане, якія на аўтамабілях (па-мойму, чатыры аўтамабілі мы бачылі, перадалі
расійцам нумары) прыбылі з Львова, ажыццяўлялі здымку ў Бучы і потым ўкідвалі ў
інфармацыйную прастору. Для мяне гэта не дзіўна, я перажыў 2020 год, і ведаю,
як гэта робіцца», — сказаў Лукашэнка.
Украінскі горад Буча знаходзіўся пад кантролем расійскіх войскаў з 5 да 31 сакавіка. Пасля іх выхаду прама на вуліцах горада былі выяўленыя целы мірных жыхароў (у некаторых з іх былі звязаны рукі) і масавыя пахаванні. Па словах мэра горада, большасць загінулых атрымалі кулявыя, а не аскепкавыя раненні. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла таксама пра выпадкі згвалтавання. Па апошніх звестках, у горадзе было забіта больш за 412 чалавек.