«Камфортнасць — не пра адсутнасць страху, а пра яго адэкватную долю». Акалічнасці псіхалагічнай дапамогі пацярпелым ад вайны

Рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года прымусілі сотні тысяч беларусаў бегчы са сваёй краіны. Адным з папулярных кірункаў палітычнай эміграцыі была Украіна. А раніцай 24 лютага на Кіеў і іншыя ўкраінскія гарады паляцелі ракеты — людзям давялося зноў уцякаць ад небяспекі.

1313.png

Фота: "Вясна"

Палітзняволеныя і ахвяры катаванняў маглі звярнуцца па падтрымку да праваабаронцаў. А ад нядаўняга часу ў Варшаве існуюць групы псіхалагічнай дапамогі людзям, што сутыкнуліся з вайной.


«Новы Час» дазнаўся ў арганізатараў ініцыятывы і псіхолагаў пра акалічнасці такой далікатнай справы, попыт на псіхалагічную падтрымку зараз і асноўныя парады спецыяліста.



«Для мяне ўсе гэтыя людзі аднолькава няшчасныя»

Рэжысёрка і фатографка Таццяна Свірэпа зараз кіруе праектам псіхалагічнай дапамогі ў Варшаве. Усё пачалося з бота, які яна стварыла для падтрымкі не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў.


— Я сама сутыкнулася з вайной: з’ехала з Кіева ў Польшчу. Хацелася неяк дапамагчы — пайшла валанцёрыць у Free Belarus цэнтр, спытала ў чым патрэбна дапамога. Валанцёры на месцы распавялі, што вялікая колькасць запытаў менавіта на псіхалагічную падтрымку, і яны не цямяць, як гэта хутка арганізаваць. Бо паралельна і без таго вельмі шмат гарачых запытаў, у першую чаргу, трэба было вывозіць людзей з Украіны.

Я вярнулася дадому, знайшла ўсе кантакты псіхолагаў, знаёмых, што меліся. У Беларусі я працавала над тэмай катаванняў у турмах — здымала фільм. Таму былі кантакты добрых псіхолагаў, гатовых да такіх няпростых тэмаў. На жаль, пакуль не магу раскрываць імёнаў, бо гэта небяспечна для людзей у Беларусі.

Мой хлопец дапамог тэхнічна стварыць бот. Спачатку ў нас было 20 псіхолагаў, якія давалі людзям кансультацыі. Зараз крыху меней.


Афіша фільма Таццяны пра катаванні ў беларускіх турмах

Афіша фільма Таццяны пра катаванні ў беларускіх турмах

Група псіхалагічнай падтрымкі — працяг бота. Бот мікрагрантам падтрымаў Free Belarus цэнтр, гэта дапамагло аплаціць працу псіхолагаў. Адна дзяўчына ўзяла больш за 90 кансультацый, напрыклад.


Таццяна распавяла, як працуе бот: чалавек піша, што яму неабходна дапамога. Гэты запыт прыходзіць у агульны чат з псіхолагамі.


— Ці ёсць нейкія крытэрыі для таго, каб да вас звяртацца ці вы дапамагаеце ўсім?


— Аказваем дапамогу ўсім, хто звяртаецца. У першую чаргу тым, хто сутыкнуўся з вайной. Шмат людзей, што не сутыкнуліся з ёй прама, але на іх гэта паўплывала.


Праект пачаў працаваць 1 сакавіка. За гэты час уваходнымі праз бот атрымалі ўжо больш за 500 паведамленняў.


skr.jpg

— На конт падтрымкі. Колькі патрабуецца сродкаў на такі праект? Ці хапае рэсурсаў?


— Мы планавалі пашырыцца і запусціць індывідуальныя тэрапіі, але гэта вельмі дорага. Сесія ў сярэднім з псіхолагам каштуе 35 еўра за адзін сеанс. Звычайна праводзяць 10 сеансаў — 350 еўра на чалавека. А запытаў даволі шмат, таму гэта не проста ажыццявіць.


Таццяна Свірэпа

Таццяна Свірэпа

— На колькі эфектыўная, на вашу думку, групавая тэрапія?


— Мне дапамагае (усміхаецца). Так атрымалася, што я не толькі мадэрую, але і наведваю, зараз каардыную ўдзельнікаў, нагадваю пра сустрэчы, калі нешта трэба ўзяць…


— У анлайне?


— Афлайн. Мы збіраемся на сапраўдныя сесіі ў каворкінгу Free Belarus цэнтра.


— Вы шмат у ходзе праекту камунікуеце і з беларусамі эміграцыі, і ўкраінцамі. Ці заўважылі нейкія прынцыповыя адрозненні паміж імі?


— Гэта проста людзі, што ўцякалі і патрабуюць дапамогі. Для мяне ўсе гэтыя людзі аднолькава няшчасныя.


— Зараз першая тэма — вайна. Але ці часта адгукаецца досвед нашай рэвалюцыі і рэпрэсій?


— У нашай групе амаль усе беларусы беглі двойчы: спачатку ад рэпрэсій, а потым ад вайны. Толькі адна дзяўчынка адразу пераехала з Беларусі ў Варшаву.


Зараз асноўныя запыты: адаптацыя, страта сэнсаў. Гэта нармальна, калі людзі бягуць у іншую краіну. Я таксама гэта праходзіла.


— Якія далейшыя перспектывы? Плануеце працягваць ці пашыраць праект?


— Калі знойдуцца грошы, то запусцім яшчэ групы падтрымкі і, можа, нават індывідуальныя тэрапіі. Зараз проста існуем. У першыя месяцы я даволі актыўна прасоўвала яго ў тэлеграм-каналах, кідала спасылкі ва ўсе магчымыя супольнасці. Мяне нават шмат дзе заблакавалі праз такую актыўнасць, але быў плён: звярталася шмат людзей. Зараз без такога «агрэсіўнага маркетынгу» звяртаецца менш, але патрэба яшчэ маецца.

Частка калектыву гатовая працаваць і без грошай, бо хочам дапамагаць людзям. Калі будзе фінансаванне — будзем пашырацца, калі не — працягнем тое, што ёсць.


— Ці ёсць бюракратычныя складанасці?


— Я бы не сказала, што гэта вялікая ініцыятыва — хутчэй нізавы актывізм. У нас асноўная праца праходзіць анлайн, таму даволі проста ўсё арганізаваць. Калі гэта разаўецца, можна аформіцца афіцыйна, але пакуль я не адчуваю патрэбы такой.

«Злавіць сябе на тым, што пяць хвілін думаеш аб нечым негатыўным»

Вікторыя Жалезова — адна з украінскіх псіхолагаў, што ўдзельнічае ў праекце. Яна распавяла, што вядзе кансультацыі ў выглядзе доўгіх перапісак: з некаторымі кліентамі да некалькіх месяцаў.


— Які асноўны запыт цяпер?


— На дзіва, асноўная праблема — канфлікты з блізкімі людзьмі. Канешне, на фоне вайны. Даволі шмат запытаў пры з’яўленні панічных атак, рэакцыі на любыя віды шуму, падобнага на стрэлы ці выбухі. Але большасць — пытанне ўзаемадзеяння з блізкімі. Паралельна з гэтым — унутраны стан. Пытанні: што далей?


— Якая асноўная парада для людзей, якім цяжка глядзець у будучыню праз цяперашнюю нявызначанасць і нестабільнасць?


— Я практыкую пошук апоры ўнутры сябе праз працу з сабой, рэлаксацыю, заняцце звычайнымі справамі, дзе трэба спачатку панізіць узровень агульнага стрэсу, а потым ад свайго гарманічнага стану разумець, што рабіць і як рухацца далей.


Часта гэта пра тэхнікі рэлаксацыі. Ёсць тры сферы, якія маюць быць у гармоніі: фізічная, эмацыйная і інтэлектуальная. Кожны дзень трэба надаваць увагу ўсім тром сферам. Працаваць з целам (пачынаючы ад масажу, сканчаючы сур’ёзнай фізічнай нагрузкай пры спорце), рабіць тое, што табе прыносіць задавальненне тут і зараз (хобі, размовы, прагляд нечага прыемнага і г.д.), падтрымка сябе ў межах прафесіі: калі ёсць праца, ты працягваеш працаваць і, галоўнае, у працэсе працы ты сканцэнтраваны акурат на працы, а не нейкіх іншых думках, альбо чытанне кніг, курсы, самаразвіццё.


Знаходзіцца думкамі тут і зараз, адсочваць свой стан — паймаць сябе на тым, што пяць хвілін думаеш аб нечым негатыўным.

«Псіхалогія — гэта як любы прадмет у школе. Проста гэтаму не вучылі»

Вікторыя Жалезова

Вікторыя Жалезова

— Шмат людзей робяцца залежнымі ад навін: абнаўляюць стужку штохвілінна. Падаецца, гэта можа супакойваць у моманце, але ж пасля выклікае яшчэ горшы стан. Ці варта намагацца скараціць колькасць навін?


— Тут немагчыма рэкамендаваць адмовіцца ўвогуле — бо я б так і зрабіла, пакінуўшы нешта кшталту дайджэста на хвілін 15 удзень, каб зразумець, што ўвогуле ў свеце адбываецца. Калі бліжэй да рэальнасці, раю адмовіцца цалкам ад прагляду навін і сацыяльных сетак у першыя паўгадзіны пасля пад’ёму і за паўгадзіны да засынання.


Ад перабору інфармацыі многія пакутуюць, у той жа час 15-20 хвілін на дзень — дастаткова, каб быць у курсе.


— Людзі па рознаму перажываюць траўматычны досвед. Ці ёсць нейкія «званочкі», што маюць паказаць, што чалавеку след звяртацца па псіхалагічную падтрымку?


— Тут даволі шмат інфармацыі. Пэўна, трэба зрабіць караценькі тэст для самога сябе, задаць пытанні. Ці адчуваю я зараз стрэс? Чаму я адчуваю стрэс? Ці камфортна мне ў цяперашнім стане? Чалавек мае шчыра сабе адказаць. На моманце некамфортнасці трэба звяртацца па падтрымку. Гэта галоўнае пытанне.

Бо гэтае «некамфортна» можа перарасці ў велізарныя праблемы з псіхічным здароўем. Калі зараз звярнуцца — будзе дастаткова пары сустрэч з псіхолагам, каб ён накіраваў, даў карысныя інструменты. Калі запусціць, потым можа спатрэбіцца тэрапія з медыкаментамі.


У мяне былі прыклады: людзям у пачатку сакавіка дала пару рэкамендацый, практычных заданняў. Праз тыдзень кажуць: усё добра, дзякуй, мне, здаецца, ужо лепей. А ўжо праз пару тыдняў яны ж звяртаюцца са значна горшым станам. Замест таго, каб працягнуць працу, «выруліць» сітуацыю, яны ловяць мінімальнае паляпшэнне, расслабляюцца, а потым накрывае іх хваля.


Псіхалогія — гэта як любы прадмет у школе. Проста гэтаму не вучылі. Таму важна разабрацца з пачуццямі.

На захадзе з гэтым прасцей, а ў нас усё яшчэ шмат хто блытае псіхалогію і псіхіятрыю. Шмат людзей звяртаецца праз іншых. Напрыклад, «у мяне ёсць сяброўка, дапамажыце ёй, калі ласка», або «ў мяне муж, у яго такое і такое... што з ім рабіць?» Нават не напрамую.


Канешне, гэта не нармальна. Наша грамадства пакуль яшчэ не ўспрымае псіхолага як нармальную і неабходную з’яву. Пра псіхічнае здароўе ў нас адносна нядаўна пачалі размаўляць.

«У мяне самой спрацавала чалавечае суперажыванне, а ў працы псіхолага гэта шкодзіць»

— Калі чалавек сам сабе шчыра адказвае, што яму камфортна і ўсё нармальна, а потым думае: «Напэўна ж са мной нешта не так, калі я добра пачуваюся ў такой сітуацыі, калі вакол робіцца такі жах…» Ці нармальна, калі чалавеку камфортна ў цяперашні час?


— Я лічу, так. Гаворка ж пра розны камфорт. Вядомы выраз «выжывае мацнейшы». Тое самае адбываецца і тут. Чым лепей ты забяспечыш свой унутраны і знешні камфорт, тым лепш ты выжывеш. Толькі тут не ў фізічным плане, а ў псіхічным. Я пачынала сваю працу з нарка-алкацэнтра. І зараз вельмі шмат наркаманаў да нас звяртаецца — зараз усё грамадства моцна хварэе псіхічна. Гэта праз тое, што чалавек не можа выбудаваць свой асабісты камфорт і абставіны яго зламалі.


Я лічу, што камфортна псіхалагічна мае быць заўсёды, мае быць свайго роду бяспека. Канешне, ніхто не выключае таго, што ракета патрапіць у будынак. Страх можа быць, але ён мае быць фонавым, а не адзіным пачуццем. Камфортнасць — не пра адсутнасць страху, а пра яго адэкватную долю.

— Вы з беларусамі шмат працавалі?


— Так.


— Ці адчуваецца досвед, які яны перажылі з рэпрэсіямі ў Беларусі?


— Так, вельмі цяжка. У мяне было некалькі вельмі складаных выпадкаў. Мне нават патрэбны быў час, каб прыбраць так званы перанос. Бо ў мяне самой спрацавала чалавечае суперажыванне, а ў працы псіхолага гэта шкодзіць. Шмат розных страшэнных гісторый.


Пры працы з беларусамі ў мяне ўнікалі паралелі з рабятамі з «ДНР», «ЛНР», з якімі я таксама працавала. Гэта пра ўцёкі з адной вайны ў іншую, потым зноў уцёкі. Бясконцае кола жахаў.


Адна дзяўчына перажыла рэпрэсіі і катаванні ў Беларусі, прыехала ва Украіну, пачалася вайна, уцяклі ў Польшчу. Але там ім не далі нармальнага жыцця праз беларускі пашпарт. Не ведаю, на колькі гэта масавая з’ява, але менавіта гэтай дзяўчыне было вельмі цяжка.